Прэзідэнт ЗША Барак Абама выступіў з прапановамі па барацьбе са зменай клімату. Ён прадставіў план «Чыстая энергія», што мусіць значна скараціць выкіды парніковых газаў. Поўнае відэа выступу Абамы прадстаўленае на Youtube-канале Белага дому.

Паводле плану Абамы, цягам наступных 15 год прапануецца на 32% скараціць выкіды парніковых газаў амерыканскімі электрастанцыямі, прыняць значныя меры па развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі.

«Калі мы не зробім гэтага, то ніхто не зробіць», — кажа Абама пра барацьбу са зменай клімату.

Кожны штат атрымае квоты на парніковыя выкіды і будзе даваць справаздачу па іх выкананні Федэральнаму агенцтву па абароне навакольнага асяроддзя. Такія крокі будуць суадносныя з эфектам, які дало бы знікненне з дарог 166 млн аўтамабіляў.

Абама называе план «самым вялікім крокам» у барацьбе са зменай клімату, а ўласна змену клімату — «найбольшай пагрозай свету». Прэзідэнт ЗША сцвярджае, што мы — «першае пакаленне, што адчула эфект кліматычных змен, і апошняе, што яшчэ можа нешта з гэтым зрабіць».

Сцвярджаецца, што пры ўмове выканання плану ў 2030 годзе Штаты пазбегнуць 3600 смярцей непаўналетніх і 90 тысяч выпадкаў астмы ў дзяцей, 300 тысяч прапушчаных праз хваробы гадзін вучобы і працы. План мае зэканоміць спажыўцам 155 млрд даляраў за 2020-2030 год (альбо каля 85 даляраў на год у рахунку за электрычнасць на сям’ю ў 2030 годзе). Калі ўсё пойдзе паводле плану, у 2030 годзе будзе вырабляцца на 30% больш энергіі з аднаўляльных крыніц, будуць створаныя тысячы рабочых месцаў, цэны на электрычнасць з «чыстых» крыніц працягнуць спадаць.

Ці будзе пры новым прэзідэнце (выбары ў ЗША пройдуць 8 лістапада 2016 года, Абама не можа браць у іх удзел) выконвацца план Абамы і наколькі эфектыўным ён акажацца, невядома.

Хілары Клінтан, адзін з магчымых кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі, ухваліла план прэзідэнта-супартыйца і паабяцала нават большыя крокі па барацьбе са зменай клімату ў выпадку яе абрання, піша USA Today.

Рэспубліканцы крытыкуюць план праз яго пабочныя эфекты. У прыватнасці, магчымы кандыдат-рэспубліканец Джэб Буш турбуецца аб скарачэнні рабочых месцаў і росце цэн на энергію. Але, адзначае Bloomberg, свайго плану па барацьбе са зменай клімату рэспубліканцы не маюць.

Тэарэтычна, энергіяй з аднаўляльных крыніц можна забяспечыць мноства людзей — нават невялікую краіну. На практыцы гэта даказала Коста-Рыка.

На пачатку 2015 года на альтэрнатыўную энергетыку на пэўны час перайшла цэлая краіна — Коста-Рыка. За першае паўгоддзе 98,55% вырабленай там энергіі здабывалася з аднаўляльных крыніц. Ці магчымы такі пераход на альтэрнатыўную энергетыку ў ЗША ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі, невядома.

Аб поўнай адмове ад традыцыйных крыніц энергіі ў бліжэйшай будучыні ніхто з амерыканскіх палітыкаў не кажа. Абама адмёў заяву пра тое, што план ёсць «вайной вуглю» і назваў такія выказванні запалохваннем, адзначае BBC. А штатам, залежным ад здабычы вуглю, паабяцаў рэінвеставанне. Раней паведамлялася, што ўпор у плане рабіўся не на аднаўляльныя крыніцы энергіі, а на пераход ад вугальных да газавых электрастанцый, у фінальнай версіі плану гэтай ідэі не надаецца ўвагі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?