Прэзідэнцкія выбары праходзяць паводле сцэнарыя ўлад, заявіў у каментарыі БелаПАН паэт Уладзімір Някляеў, лідар ствараемага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», падчас пікета салідарнасці з палітвязнямі і сваякамі зніклых палітыкаў. 

Пікет прайшоў 4 жніўня насупраць будынка КДБ, каля помніка Дзяржынскаму, у Мінску. 

«Апазіцыя без адзінага кандыдата прэзідэнцкія выбары прайграла. Без адзінай праграмы гэта гульня паводле сцэнарыя ўлад, — заявіў Някляеў. — У гэты сцэнарый ужо ўключыліся іншаземцы: адна за адной дэлегацыі ездзяць, амерыканскія кангрэсмены. Гэта лабісты Лукашэнкі. Але для таго, каб яны сюды прыехалі, трэба стварыць адпаведныя ўмовы. Вось разам улада і сённяшняя апазіцыя гэтыя ўмовы, на жаль, ствараюць».

Някляеў мяркуе, што на цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах няма галоўнага — «адзінай пазіцыі, адзінага кандыдата, які б данёс меседж кардынальнай неабходнасці кардынальных перамен». «Але нават на гэты пікет, скіраваны на салідарнасць з палітвязнямі, ніхто з гэтак званых канкурыруючых фірм не прыйшоў. Гэта наглядна дэманструе, у якім стане сёння знаходзіцца дэмакратычная апазіцыя», — заявіў палітык.

Някляеў падкрэсліў, што «прыйшоў на пікет, арганізаваны насупраць будынка ведамства, які займаецца непасрэдна тым, што адшуквае любое супраціўленне грамадства, каб прыдушыць яго на пачатку». «Яно рыхтуе новыя кадры палітвязняў. Я буду гаварыць гэтаму «не» у любым выпадку. Няўдзел у выбарах не азначае няўдзел у палітычных акцыях», — дадаў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?