Для працы спецыялістаў у сферы высокіх тэхналогій у Беларусі створаныя добрыя ўмовы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 жніўня ў інтэрв'ю «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by.

«Я не думаю, што айцішнікі ў нас пакрыўджаныя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я для іх стварыў кластар гэты — Парк высокіх тэхналогій. Не вы стварылі, а я яго стварыў для таго, каб гэтых яйкагаловых забяспечыць працай, каб яны нікуды не беглі. Ведаеце, якія яны там падаткі плацяць? Ніякія. Яны не плацяць там ніякіх падаткаў. Што табе перашкаджае працаваць?» 

«Пераважная большасць — 99,9% — з задавальненнем працуюць і мне прэтэнзій не выстаўляюць. Я штогод развіваю гэты парк. Нават сёлета пры ўсіх цяжкасцях я працягваю яго будаваць», — дадаў Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся на адрас аднаго з самых вядомых у IT-галіне бізнесменаў, які быў узяты пад варту ў сакавіку гэтага года паводле абвінавачання ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы продажу інфармацыйных тэхналогій — без зарэгістраванага суб'екта гаспадарання. Яму выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 233 КК і пагражае пазбаўленне волі ад двух да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. 

«Займаешся прадпрымальніцкай дзейнасцю, ты ж не дурань, ты — цэлы айцішнік, зарэгістраваў кампанію і плаці падаткі, — адзначыў Лукашэнка. — Ну не шмат жа там, колькі мы — 13% ад даходаў плацім, гэта ж невялікія грошы. І ты не бедны чалавек, ну заплаці іх. Абавязкова зарэгіструйся і вядзі законную прадпрымальніцкую дзейнасць. Да ўсіх аднолькавы падыход павінен быць… Не выплаціў падаткі — ідзі ў турму, вось і ўся цана пытання… Закон для ўсіх аднолькавы». 

На думку кіраўніка дзяржавы, такі падыход не адпужвае маладых ініцыятыўных людзей ад працы ў Беларусі, але матывуе іх працаваць сумленна: «Вы будзеце ведаць, як да вас паставяцца, калі вы <…> умееце зарабляць грошы сабе ў кішэнь, але не ўтрымліваеце сваю родную дзяржаву, якая арганізуе хаця б вашу бяспеку». 

«Трэба плаціць гэтыя няшчасныя 13%, не крадзі, не будзь скнарам», — падагульніў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?