Насельніцтва Беларусі павялічваецца, але гэта дасягаецца за кошт мігрантаў. Папярэдні раз натуральны прырост фіксаваўся да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер страты скараціліся да мінімальных: паводле Белстата, летась у Беларусі нарадзілася 118 534 чалавек, а памерла — 121 542.
Найлепшы прырост, вядома ж, у Мінску. За мінулы год за кошт розніцы між нараджальнасцю і смяротнасцю насельніцтва сталіцы павялічылася на 5767 чалавек.
Якія рэгіёны таксама дапамагаюць вырашыць дэмаграфічную праблему?
Спачатку да абсалютных лічбаў.
Натуральны прырост у Беларусі за 2014 год
№ | Раён | Прырост |
1 | Мінск | 5767 |
2 | Брэст і Брэсцкі раён | 2045 |
3 | Гродна і Гродзенскі раён | 1796 |
4 | Мінскі раён | 1211 |
5 | Магілёў і Магілёўскі раён | 676 |
6 | Гомель і Гомельскі раён | 489 |
7 | Жлобінскі раён | 431 |
8 | Мазырскі раён | 372 |
9 | Жодзіна і Смалявіцкі раён | 288 |
10 | Пінскі раён | 199 |
11 | Кобрынскі раён | 102 |
12 | Салігорскі раён | 72 |
13 | Дзяржынскі раён | 71 |
14 | Маладзечанскі раён | 42 |
15 | Столінскі раён | 27 |
16 | Баранавіцкі раён | 22 |
17 | Нараўлянскі раён | 7 |
18 | Ашмянскі раён | 7 |
Дадзеныя гарадоў абласнога падпарадкавання аб'ядноўваліся з раёнамі, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца. У выніку Віцебшчына ў спісе не прадстаўленая ніяк — у самім Віцебску і ў Наваполацку фіксаваўся прырост, але Віцебскі і Полацкі раёны мелі нашмат большыя страты.
Што да канкрэтных населеных пунктаў, то адносна вялікі прырост назіраўся ў наступных гарадах.
№ | Горад | Прырост* |
1 | Столін | 9,7 |
2 | Чачэрск | 8,2 |
3 | Жлобін | 8 |
4 | Іванава | 7,9 |
5 | Стоўбцы | 7,8 |
6 | Ашмяны | 7,6 |
7 | Лагойск | 7,1 |
*розніца паміж народжанымі і памерлымі на 1000 чалавек
Абсалютным лідарам стаў курортны пасёлак Нарач (індэкс прыросту — 12). У ім памерла 17 чалавек, а нарадзілася — 56 чалавек.