У Мінску затрыманы малады чалавек, якога падазраюць ва ўчыненні дзеянняў сэксуальнага характару ў дачыненні да дзяцей. 

Як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у галоўнае ўпраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі (ГУНіСГЛ) МУС у красавіку гэтага года са сталічнай установы адукацыі паступіла інфармацыя пра некалькіх дзяцей з дзіўнымі паводзінамі. Было выказанае меркаванне аб магчымым учыненні да іх злачынстваў сэксуальнага характару. 

Падчас праверкі было выяўлена, што мінчанін 1985 года нараджэння, які нейкі час жыў з маці ў ЗША, трапляў у поле зроку амерыканскай паліцыі па факце пошуку, прагляду і захоўвання дзіцячай парнаграфіі. Аднак, пасля таго як уцёк ад праваахоўных органаў ЗША і пазбегнуў крымінальнай адказнасці, ён вярнуўся ў Беларусь. 

Знаходзячыся ў Мінску, ён працягваў наведваць сайты з дзіцячай парнаграфіяй, а таксама меў зносіны з педафіламі на розных форумах. Аператыўныя супрацоўнікі выявілі, што малады чалавек з 2013 па 2015 гады ў сябе ў кватэры неаднаразова ўчыняў дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй дзяўчынкі (2009 года нараджэння). 

Падазроны затрыманы. У дачыненні да яго Савецкім (Мінска) раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа. 

«Мы маем звесткі, што гэты выпадак не адзінкавы, — паведаміў начальнік аддзела ГУНіСГЛ МУС Дзмітрый Цаюн. — Таму працягваем мерапрыемствы па выяўленні ўсіх фактаў учынення затрыманым палавых злачынстваў у дачыненні да дзяцей, вырабу і распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў з непаўналетнімі». 

Паводле звестак міліцэйскага ведамства, за шэсць месяцаў 2015 года супрацоўнікамі падраздзяленняў па супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС выяўленыя 127 злачынстваў, звязаных з сэксуальнай эксплуатацыяй дзяцей, у тым ліку 62 адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сёлета выяўленыя 92 пацярпелыя дзіцяці, у тым ліку 38 малалетніх, і 102 падазраваныя ў педафіліі. 

Аналіз злачынстваў гэтай катэгорыі сведчыць, што ў большасці выпадкаў іх учыненне звязанае з вырабам, захоўваннем і распаўсюджваннем дзіцячай парнаграфіі. 

Міністэрства ўнутраных спраў сумесна з зацікаўленымі выступае з ініцыятывай аб увядзенні крымінальнай адказнасці за грумінг (псіхалагічная падрыхтоўка дзяцей у інтэрнэце да сэксуальных адносінаў), а таксама за выраб, наўмыснае набыццё і захоўванне без мэты распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі. На думку спецыялістаў, гэта дазволіць папярэдзіць учыненне цяжкіх і асабліва цяжкіх палавых злачынстваў у дачыненні да дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?