Міністэрства расцэньвае рашэньне Расеі аб часовай забароне экспарту пшаніцы як неправамоцнае. Беларускае Міністэрства замежных спраў накіравала ў расейскі МЗС адпаведную ноту.

На думку намесьніцы міністра сельскай гаспадаркі і харчу Надзеі Каткавец, 18 лютага Мінэканомразьвіцьця Расеі прыняла аднабаковае рашэньне аб часовым прыпыненьні паставак пшаніцы ў Беларусь, парушыўшы пры гэтым міждзяржаўныя дамоўленасьці. «Ёсьць дамова аб тым, што ўмовы гаспадараньня для Беларусі і Расеі павінны быць аднолькавымі. Калі адна з краінаў Саюзнай дзяржавы прымае пэўнае рашэньне, то яго трэба ўзгадняць», — падкрэсьліла Н. Каткавец. Беларускае Міністэрства замежных спраў накіравала ў расейскі МЗС адпаведную ноту аб неправамоцнасьці такога рашэньня ў адносінах Беларусі.

Нагадаем, што 18 лютага ўрад Расеі ўвёў забарону на экспарт пшаніцы і мясьліну (жытнёва‑пшанічнай сумесі) ў краіны, якія ўваходзяць у Мытны саюз, гэта значыць у Беларусь і Казахстан. Пастанова, падпісаная расейскім прэм’ер‑міністрам Віктарам Зубковым, уступіць ў сілу празь месяц ад дня яе афіцыйнага апублікаваньня і будзе дзейнічаць да 30 красавіка ўключна.

Гэты крок зроблены для таго, каб расейскае зерне не экспартавалася цераз краіны Мытнага саюзу бяз выплаты экспартнага мыта, уведзенага Расеяй.

Неўзабаве пасьля ўвядзеньня часовай забароны Мінсельгасхарчу Беларусі выступіў з наступнай заявай: «Мы з разуменьнем ставімся да рашэньня ўраду Расеі. Для Беларусі гэтая забарона не зьяўляецца крытычнай, бо мы забясьпечаныя сваім зернем, і доля імпарту нязначная». Паводле прадстаўніка міністэрства, Расея — не адзіная крыніца паставак пшаніцы, Беларусь набывае яе таксама ў Казахстане і Ўкраіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?