Па стане на 5 жніўня, кожная карова дае за дзень 14 кг 290 г малака, што на 1 кг 10 г больш, чым летась.
Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.
Агулам, за студзень—ліпень атрымана 3 млн 948 тыс. т малака, або 107,1% да ўзроўню мінулага года.
Міністр мяркуе, што гэта Br23 трлн, якія ўклала краіна з 2010 па 2014 год у рэканструкцыю малочных прадпрыемстваў, будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў пачынаюць даваць аддачу.
Аднак экспартныя прыбыткі аграрнай галіны застаюцца не такімі ўжо і высокімі. «Мы маем па АПК валютную выручку ў памеры $1 млрд 514 млн і змаглі сфарміраваць дадатнае сальда па сістэме Мінсельгасхарча $848 млн», — канстатаваў Леанід Заяц.
Міністэрства ставіць цяпер задачу паляпшэння якасці малака.
«Гэта задача нумар адзін, таму з 1 верасня бягучага года мы пераходзім на новыя правілы па прыёмцы каровінага малака», — сказаў міністр.
З 1 верасня Беларусь адмаўляецца ад другога гатунку малака — будзе толькі экстра, вышэйшы і першы. Малако, якое не адпавядае гэтым параметрам, будзе вяртацца вытворцу.
«Калі карова здаровая, яна будзе даваць здаровае якаснае малако», — падкрэсліў міністр Заяц.