У сувязі з гарачым надвор'ем, якое ўсталявалася ў апошнія дні, адсутнасцю ападкаў і, як вынік, павышэннем класа пажарнай небяспекі на большай частцы тэрыторыі рэспублікі ўведзена забарона на наведванне лясоў. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.

Так, у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях забарона дзейнічае адносна ўсіх раёнаў. У Мінскай вобласці па стане на раніцу 6 жніўня забаронена наведваць лясы толькі ў Барысаўскім, Пухавіцкім, Лагойскім, Слуцкім і Мядзельскім раёнах, у Магілёўскай вобласці пад забарону пакуль не трапілі Круглянскі, Дрыбінскі, Мсціслаўскі і Быхаўскі раёны.

Пры гэтым у Мінлясгасе адзначылі, што па прагнозах сіноптыкаў у бліжэйшыя дні чакаецца 4-5 клас пажарнай небяспекі. Таму ўжо да выхадных забарона на наведванне лясоў будзе дзейнічаць па ўсёй тэрыторыі рэспублікі.

У прэс-службе адзначылі, што гэта мера вымушаная, таму Мінлясгас просіць грамадзян праявіць свядомасць і ўстрымацца ад парушэння часовых абмежаванняў. Як толькі сітуацыя з надвор'ем стабілізуецца, забароны будуць зняты.

Згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях парушэнне забароны на наведванне лясоў вядзе да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?