3 жніўня ў Злучаных Штатах на 99-м годзе жыцця памёр Роберт Конквест, брытанскі гісторык-саветолаг, празаік і паэт. 

Роберт Конквест. Фота: NP Pictures

Роберт Конквест. Фота: NP Pictures

Роберт Конквест увайшоў у эліту міжнароднай супольнасці гісторыкаў сваёй працай «Вялікі тэрор. Сталінскія чысткі 30-х». Кніга выйшла ў 1968 годзе, калі наша ўвага была прыцягнута да Чэхаславакіі, дзе пачалася Пражская вясна, да Францыі, дзе адбываліся бурныя падзеі, неправамерна, па-мойму, названыя рэвалюцыяй (гэта была постмадэрніцская пародыя на рэвалюцыю, бо ў ёй не ўзяў удзел рабочы клас; потым многія «рэвалюцыянеры» стануць рэспектабельнымі буржуа), да Нямеччыны, дзе пачала сваю дзейнасць Фракцыя Чырвонай Арміі…

Ужо не памятаю, у якім годзе я пачуў праз глушылкі гэтае прозвішча — Конквест. Але яшчэ раней я пачуў прозвішча Салжаніцын і прачытаў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». А яшчэ раней слухаў і чытаў інвектывы Мікіты Хрушчова на адрас Язэпа Крывавага.

На шырокую грамадскую думку Захаду не паўплывалі публікацыі тых, хто прайшоў праз савецкія лагеры і турмы, у тым ліку нашага Францішка Аляхновіча, і ўцекачоў з Савецкага Саюза — такіх, як асабісты сакратар Сталіна Барыс Бажанаў і высокапастаўлены энкавэдыст Вальтэр Крывіцкі. Нават закрыты даклад Хрушчова на ХХ з’ездзе (змест яго хутка стаў вядомы і ў СССР, і ў Вольным свеце) ды інвектывы Хрушчова на адрас Сталіна ў наступныя гады, вынас цела Сталіна з маўзалея (1961), паўсюднае руйнаванне прыжыццёва пастаўленых помнікаў яму не ўчыніла первароту ў грамадскай думцы Захаду. І праца Роберта КонКвеста таксама.

Пераварот у грамадскай думцы Захаду ўчыніў «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына. Расійскі пісьменнік і даследчык паказаў тэрарыстычную сутнасць бальшавіцкага рэжыму на ўсіх этапах яго існавання. Ад сябе дадам: рэжым заставаўся тэрарыстычным і пры Гарбачове. Нагадаем тут пра смерць дысідэнта Анатоля Марчанкі ў снежні 1986 г., пра алма-ацінскія, тбіліскія, віленскія і рыжскія падзеі 1986—1991 гг. Не менш паказальна, што першае савецкае выданне «Архіпелага ГУЛАГ» было ажыццёўлена толькі незадоўга да «смерці» КПСС — у 1990 г.

І зробім тут істотную агаворку. Ведама, пераслед Аляксандра Салжаніцына савецкім рэжымам адыграў не апошнюю ролю ў тым, што «Архіпелаг ГУЛАГ» прыцягнуў увагу шырокай аўдыторыі. Але рэвалюцыйнае ўздзеянне гэтага даследавання было б немагчымае, калі б не было ўсіх папярэдніх публікацый, асабліва даклада і інвектываў Мікіты Хрушчова, калі б не было «Вялікага тэрору» Роберта Конквеста. Зноў жа, нельга не адзначыць, што ў Савецкім Саюзе «Вялікі тэрор» убачыў свет толькі перад самым яго сконам — у 1991 г., і не ў Маскве, а ў Рызе.

Можна толькі шкадаваць, што Р. Конквест даў сваёй кнізе загаловак «The Great Terror»(у перакладзе на расійскую «Большой террор»). Гэта дазволіла вялікай колькасці прасавецкіх і постсавецкіх гісторыкаў аднесці паняцце «вялікі тэрор» толькі на 1936–1938 гг. — на час маскоўскіх працэсаў і радыкальнай элімінацыі партыйна-савецкай эліты.

Насамрэч мы бачым у гісторыі бальшавіцкага рэжыму тры хвалі вялікага тэрору, або тры вялікія тэроры: перыяду грамадзянскай вайны, Кранштацкага, Тамбоўскага, Слуцкага ды іншых паўстанняў (1917—1921), перыяду суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, «ліквідацыі кулацтва як класа» і Галадамору (1930—1933), і перыяду суцэльнай ліквідацыі астаткаў апазіцыі і гвалтоўнай ратацыі партыйна-савецкіх кадраў (1936—1938), калі тэрор быў у значнай меры скіраваны супраць сябраў тэрарыстычнай партыі.

Пазней Р. Конквест выдаў працу «Жніво смутку: Савецкая калектывізацыя і тэрор голадам» («The Harvest of Sorrow. Soviet Collectivization and the Terror-famine». London. 1986), перакладзеную на ўкраінскую і расійскую мовы. Такім чынам, гісторык даследаваў і Другі (калі ісці ў храналагічным парадку) вялікі тэрор, калі бальшавікі ажыццяўлялі стратацыд (ліквідацыя сялянства як класа і ператварэнне яго ў клас калгаснікаў у маштабах усяго СССР) і генацыд (ліквідацыя асновы ўкраінскай – яшчэ пераважна сялянскай — нацыі). Даводзіцца шкадаваць, што гэтая праца «Жніво смутку» не бярэцца пад увагу, калі гаворка ідзе пра вялікі бальшавіцкі тэрор.

У сваіх працах Р. Конвест мала надаў увагі Беларусі. Магчыма, з прычыны няведання нашай мовы, недаступнасці крыніц і якіх іншых прычын. Але можна сказаць, што гісторыкі Беларусі адчулі калі не непасрэдны, дык апасродкаваны ўплыў брытанскага гісторыка. Расціслаў Платонаў, Уладзімір Міхнюк, Віталь Скалабан, Уладзімір Адамушка, Анатоль Вялікі, Міхаіл Касцюк ды іншыя нямала зрабілі для публікацыі крыніц і для асэнсавання таго, што чынілася цягам 1917—1939 гг. Нельга не адзначыць тут і працу Леаніда Маракова, які паказаў не толькі хвалі тэрору даваеннага часу, але і вялікі тэрор перыяду Другой сусветнай вайны (1939—1941) у Заходняй Беларусі ды вялікі тэрор 1944—1947 гг. Успомнім і арышты «паўторнікаў» — людзей, якія адбылі свае тэрміны, вярнуліся на радзіму і зноў былі зняволеныя.

На жаль, даследаванні ў гэтай галіне не ўхваляюцца і не заахвочваюцца афіцыйнымі інстытуцыямі Беларусі, таму не носяць сістэмнага характару. Тая праца, якую вялі Р. Конвест, А. Салжаніцын, вялі і вядуць нашы айчынныя даследчыкі, яшчэ далёкая ад завяршэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?