Імпартныя будматэрыялы, якія ўвозяцца ў Беларусь, павінны будуць мець сертыфікат адпаведнасці Нацыянальнай сістэмы пацвярджэння адпаведнасці. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў №658 ад 4 жніўня, якое сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Патрабаванне распаўсюджваецца на будаўнічыя матэрыялы і вырабы, якія падлягаюць абавязковай сертыфікацыі ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам Рэспублікі Беларусь «Будынкі і збудаванні, будаўнічыя матэрыялы і вырабы. Бяспека» (ТР 2009/013/BY). У прыватнасці, гэта цэмент, вокны, балконныя дзверы, пліты перакрыцця шматпустотныя і суцэльныя для жылых і грамадскіх будынкаў, цеплаізаляцыйныя пліты з мінеральнай ваты, керамічныя, а таксама сілікатныя камяні і цэгла, блокі з ячэістых бетонаў і інш. Усяго 39 найменняў.

Выключэнне складзе прадукцыя, вырабленая ў дзяржавах — удзельніцах дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года.

Дакумент прыняты ў мэтах абароны ўнутранага рынку ад увозу і прымянення будаўнічых матэрыялаў і вырабаў, якія не адпавядаюць абавязковым патрабаванням бяспекі і паказчыкам якасці, і ўступае ў сілу з 10 жніўня бягучага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?