«Колькі ёй, усяго 38? Маладая!» - безапеляцыйна заяўляюць жанчыны з дзецьмі, падышоўшы да пікета Таццяны Караткевіч ля мінскага ўніверсама «Сталічны». Сябры ініцыятыўнай групы нагадваюць кабетам, што Аляксандру Лукашэнку 20 гадоў таму было 39, маўляў, усяго на год старэйшы за Таццяну.»Дык гэта ж мужчына!» — настойваюць на сваім жанчыны і сыходзяць.

Спёка. +32 у цяньку. Уздоўж ЦУМа і ўніверсама «Сталічны» расцягваюцца пікеты за дзеючага прэзідэнта, Анатоля Лябедзьку і Таццяну Караткевіч. Прыстройваемся да маладых людзей з групы Караткевіч, студэнтаў, абсалютна ненавязлівых і ціхіх. Кажуць, што на вакацыях усё адно няма чаго рабіць, а так, хоць досведу набяруцца ў стасунках з людзьмі. Людзі да іх падыходзяць розныя і па розных прычынах. Нехта паставіць подпіс, нехта проста пагаварыць (асабліва гэта любяць бабулі на Камароўцы), нехта «наедзе» ці нават патроліць. Але, заўважаюць юнакі, больш за Таццяну падпісваюцца менавіта тыя, хто па ідэі ў свой час галасаваў за Лукашэнку, людзі сталага веку, 1927, 30, 40, 50-га года нараджэння, якія рэальна жадаюць пераменаў. Моладзь жа выглядае збольшага пасіўнай і часцей ігнаруе прапанову падтрымаць магчымага кандыдата.

«Моладзь любіць, калі Таццяна прыязджае — яна ж часта наведвае нашы пікеты, — распавядаюць юнакі. — І яны такія: «О, кандыдат у прэзідэнты!». Прыходзяць, размаўляюць. Гэта фішка, што можна жыўцом пагаварыць. Яны бачаць, што яна звычайны чалавек, ездзіць на ровары, цікавіцца, пачым ягады на тым жа рынку. Яны бачаць, што яна абсалютна простая. Многія фатаграфуюцца з ёй. Яна заўсёды ідзе насустрач».

Пакуль мы чакаем Таццяну (яна таксама мусіць з’явіцца ля ЦУМа), за яе падпісваюцца каля 10-ці жанчын. І ўсе як адна кажуць, што робяць гэта, па-першае, у знак салідарнасці, па-другое — у свеце ёсць безліч прыкладаў, калі жанчына выдатна кіруе краінай, і па-трэцяе, толькі жанчына можна навесці парадак у Беларусі, бо мужчыны ўжо сябе паказалі. Да таго ж, там, дзе гаспадарыць жанчына, не можа быць вайны.

«У Таццяны годная біяграфія, - кажа Лідзія, пенсіянерка. - Натуральна, ніхто не думае, што жанчына будзе кіраваць нашай краінай, і што тут увогуле можна нешта змяніць. На выбарах пераможа вось хто (жанчына паказвае ў бок пікета за Лукашэнку). Але аддаць свой голас за тое, каб хоць калі-небудзь нешта змянілася, лічу сваім абавязкам».

Мужчыны за 60 таксама не абыходзяць пікет Караткевіч:

«Я буду галасаваць толькі за Таццяну! Яна мне падабаецца, унушае давер, як псіхолаг. Хіба мала прэзідэнтаў-жанчын? Тэтчар была якім добрым прэм'ерам! Якая жанчына!»

Да пікета Караткевіч падыходзяць і тыя, хто гатовы падпісацца за ўсіх, апроч аднаго кандыдата.

«Не буду казаць, за якога не падпішуся, мне не патрэбныя непрыемнасці», - «адразае» адчайная бабуля ў капелюшы, а калі дастае пашпарт, з яго вылятае»пасмешышча - 2 мільёны 600, якія толькі атрымала за 40 гадоў стажу». Хлопец побач кажа, што ён патрыёт Беларусі і Расіі, і што лічыць нас рускімі беларусамі, але ўпэўнены, што кіраваць краінай мусіць чалавек разумны, як яго сястра, напрыклад, і патрыёт: «А тое, што ля руля не той чалавек, даўно зразумела, і ўсе гэта ведаюць. І нават баяцца пра гэта казаць. Вось я цяпер гавару, а мяне могуць павязаць».

Аднак не ўсе прыходзяць на пікет мэтанакіравана і ведаюць увогуле, што цяпер адбываецца і навошта стаяць пікетчыкі.

«Гэта ж так прыгожа, жанчына-прэзідэнт. Пра гэта ж увесь свет даведаецца!» — летуценна разважае яшчэ адна жанчына. Яна тут жа збіраецца падпісацца за Караткевіч, аднак не мае з сабой пашпарта. Ды і ўвогуле, пытаецца пра тое, навошта патрэбныя гэтыя подпісы і нават здзіўляецца, што гэта пакуль не выбары прэзідэнта.

З’яўляецца Таццяна. Яна стаіць ля стэнда са сваёй выявай. Жанчыны, якія праходзяць міма і звяртаюць увагу на пікет, прабягаюць па магчымым кандыдаце ацэньваючым позіркам. Жанчына з клункамі спыняецца, параўноўвае Караткевіч з фота, маўляў, ці яна, а потым кажа, што не давярае жанчынам:

«Жанчына мусіць займацца сям’ёй, што б там ні казалі!» - і сыходзіць, жадаючы, тым не менш, поспеху. А маладая дзяўчына з радасцю цісне руку Караткевіч, робіць сэлфі і кажа, што калі Таццяна стане прэзідэнтам, яна будзе ўсім паказваць фота.

Сядаем з Таццянай і кіраўніком яе перадвыбарчага штаба Андрэем Дзмітрыевым у бус. Накіроўваемся у Парк высокіх тэхналогій. Па дарозе Андрэй разважае, чаму моладзь, якая выгадавалася за час праўлення Лукашэнкі, настолькі пасіўная ў палітычным плане. А Таццяна распавядае, як неяк на пікеце да яе падышла жанчына і спытала, ці сустракалася яна ўжо з Лукашэнкам. Дзмітрыеў жартуе, маўляў, кажы, што ён шле смс-кі, але ў цябе няма часу. Але Таццяне жарт не падабаецца - «гэта ж мой выбаршчык, я не магу так жартаваць». І кажа, што гэтая жанчына параіла пагаджацца на працу, калі Лукашэнка прапануе пасаду.

І вось мы ля беларускай Сіліконавай даліны - Парка высокіх тэхналогій. Ля пікета Караткевіч як з-пад зямлі тут жа вырастае пікет Лукашэнкі. З будынку адзін за адным выходзяць маладыя людзі — у іх абед! Але прайсці міма пікета прэтэндэнта ад апазіцыі мала каму ўдаецца, бо ў ролі «зазывалы» сёння цяжкая артылерыя — сам Сяргей Вазняк з памочнікам. Айцішнікі актыўна спыняюцца, знаёмяцца з Таццянай, робяць сэлфі. Ёсць такія, хто хутка ставіць подпіс і збягае, ёсць тыя, хто праходзіць міма, хто адмыслова ідзе па пашпарт, і тыя, хто задае шмат пытанняў Таццяне, скажам, намацваюць глебу.

Пытаюцца пра досвед ва ўпраўленчай дзейнасці, пра тое, як яна збіраецца з гуманітарнай адукацыяй кіраваць краінай, якім чынам плануе павялічыць заробкі медыкам і настаўнікам, пра будучыню IT-сферы, пра яе біяграфію, чым займаецца цяпер і ці не сваячка яна Уладзіміра Караткевіча. Размовы цягнуцца па некалькі хвілін. Але, бывае, перарастаюць у дэбаты.

Малады чалавек: Як вы ацэньваеце свой шанец перамогі ў прэзідэнцкай гонцы?

Караткевіч: 50 на 50!

Малады чалавек: Выдатныя шанцы (смяецца)! Вы ўдзельнічаеце ў цырку! Усё зразумела, што будзе! Патрэбныя статысты. І вы адна з іх.

Вазняк: Гэта не цырк! Статыст вы. Вы хочаце, каб кандыдат быў адзін Лукашэнка!

Малады чалавек: Я не люблю Лукашэнку!

Вазняк: Але вы яму дапамагаеце. Таму што Таццяна робіць яму альтэрнатыву, а вы хочаце, каб быў адзін кандыдат.

Малады чалавек: З чаго вы ўзялі!?

Вазняк: Вы гэтаму спрыяеце. Калі вы не хочаце падпісвацца за альтэрнатыўнага кандыдата і прыйшлі яго троліць.

Малады чалавек: Я не магу падпісацца, бо ў мяне няма пашпарта, гэта раз. Другое, я ўдзельнічаў ў папярэдніх прэзідэнцкіх кампаніях, хадзіў на мітынгі, пляскаў у далоні, размаўляў з нашым электаратам. Дык вось, айцішнікам змены патрэбныя. Але іх так мала. Яны на агульным фоне гэтага статку проста губляюцца. А вы ўдзельнічаеце ў цырку. Я ж не ведаю, хто вас туды запрасіў. Нам жа патрэбныя легітымныя выбары і нам жа патрэбныя кандыдаты. Дай бог, каб вы набралі адзін працэнт, калі вам яго адсыплюць, ці як там яны размяркоўваюць.

Вазняк: Яны нам могуць адсыпаць і нуль, але набяром мы больш за 10.

Малады чалавек: Ну, ладна, набераце вы 1,5 адсотка. 10 адсоткаў вы ў жыцці не набераце.

Вазняк: Ну, першыя апытанні сведчаць, што мы набярэм 25%.

Караткевіч: Я вельмі сур'ёзна стаўлюся да таго, што я раблю. Я не збіраюся нікуды з'язджаць, я збіраюся тут далей жыць. Перада мной стаіць пытанне: я буду ўплываць на сітуацыю ў сваёй краіне, ці не.

Малады чалавек: Не, не будзеце.

Караткевіч: А я веру, што буду, і гэтага дасягну. Мая мэта цяпер — не прэзідэнцкае крэсла. Мая мэта зрабіць так, каб мы, людзі, уплывалі на палітыку дзяржавы…

Малады чалавек: Нешта ваша кампанія такая ціхая. На мінулых выбарах быў Някляеў, Казулін, іх было чуваць. Іх рух быў актыўны і сур'ёзны.

Караткевіч: Цяпер іншыя ўмовы.

Малады чалавек: Я пагляджу вашу праграму. Калі яна будзе апублікаваная?

Вазняк: Праграма будзе, калі будзе 100 тысяч подпісаў.

Аднак падобныя спрэчкі — хутчэй, выключэнне. Большасць маладых людзей кажуць, што Таццяна ім унушае давер, што яна адзіны сімпатычны кандыдат, і што яны чакаюць другога тура і задаюць пытанне, як палескія бабулі: «А за каго яшчэ?». Іпамаўскія «дзяўчаты» таксама слухаюць Таццяну, некаторыя кажуць, што падпішуцца, але не факт, што будуць за яе галасаваць, а некаторыя шчыра здзіўляюцца: «Як вы на гэта вырашыліся?! Вы не баіцеся? Вы — смелая жанчына». Таццяна прызнаецца, што баіцца, але страх яе мабілізуе.

У нейкі момант да пікета пад’язджае міліцэйская машына. Вартаўнікі парадку кажуць, што паступіла паведамленне пра незарэгістраваную сімволіку (сцяг «Гавары праўду»). Але Сяргей Вазняк іх запэўнівае, што цяпер усё дазволена. А Таццяна знаёміцца і прапаноўвае падпісацца за яе вылучэнне ў кандыдаты. Міліцыянты, на дзіва, пагаджаюцца. Але пашпарты яны з сабой не носяць.

Абед заканчваецца, спёка робіцца невыноснай. За гадзіну пікет Караткевіч збірае больш за 100 подпісаў. Бус з Таццянай з’язджае, пакідаючы адзінокі пікет Лукашэнкі. За «пладавітую» для Караткевіч гадзіну, пікет дзеючага прэзідэнта ніхто не наведаў. Але ініцыятыўная група Лукашэнкі ўжо і так сабрала не тое, каб сто, а пяцьсот тысяч подпісаў, таму цяпер можа і адпачыць. Адзінае, што стаяць пад такім сонцам не вельмі камфортна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?