105 гадоў з дня народзінаў выбітнай беларускай паэткі-патрыёткі Ларысы Геніюш адзначылі ў Зэльве. У мясцовай Свята-Троіцкай царкве адбылася памінальная багаслужба, якую ўжо традыцыйна ад некалькіх гадоў праводзяць у памяць пра паэтку.

З Зэльвы паведамляе карэспандэнтка радыё «Рацыя» Яна Запольская: – Каля бюста Ларысы Геніюш, які знаходзіцца непасрэдна пры царкве, вядомы беларускі літаратар, даследчык творчасці паэткі Міхась Скобла прэзентаваў новую кнігу пад назвай «Духу магутныя чары…», якая гэтымі днямі выйшла ў выдавецтве «Лімарыюс». Гэтая кніга сабрала шматлікія архіўныя матэрыялы, якія яшчэ захоўваюцца нават у дамах некаторых мясцовых жыхароў. Таксама выступіла вядомая беларуская гарадзенская паэтка Данута Бічэль, яка распавяла свае ўспаміны пра Ларысу Геніюш, пра той дом, у які яна сюды прыязджала, дзе нашая паэтка жыла разам з мужам Янкам Геніюшам. На мерапрыемстве прысутнічала даволі шмат людзей. Тут прадстаўлены Гародня, Ліда, Слонім, Мастоўшчына, Дзятлаўшчына, шмат мясцовых жыхароў, на жаль, з Менску прыехала нешматлікая група. Варта, напэўна, адзначыць, што на заклік мясцовых актывістаў прыехаць у Зэльву прэтэндэнтаў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, ніхто з іх не з’явіўся. Пры царкве адбылася прэзентацыя кніжак, паэты чыталі вершы, а таксама выступілі барды. Пасля ўдзельнікі імпрэзы паехалі і ўсклалі кветкі на магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў на мясцовых зэльвенскіх могілках. Завяршалася ўрачыстасць больш працяглым канцэртам у мясцовасці Беражкі непадалёк Зэльвенскага вадасховішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0