Трагедыя адбылася на мінулым тыдні ў курортным горадзе Кастэльдэфельс (правінцыя Барселона, Каталонія). Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, 61-гадовы Рыкарда Ф., ураджэнец Уругвая, спачатку забіў сваю жонку, затым дзяцей, а пасля гэтага скончыў жыццё самагубствам.

Жалобная цырымонія ў Кастэльдэльфельсе, elperiodico.com

Жалобная цырымонія ў Кастэльдэльфельсе, elperiodico.com

Аб тым, што здарылася вечарам 5 жніўня ў мясцовую паліцыю паведаміла дачка Рыкарда Ф. ад папярэдняга шлюбу, якая і выявіла целы загінулых.

Паліцэйскія, што прыбылі на месца здарэння, выявілі трупы 61-гадовага мужчыны, 45-гадовай жанчыны і дваіх дзяцей — 12-гадовага хлопчыка і 7-гадовай дзяўчынкі. Цела мужчыны з агнястрэльным раненнем у галаву ляжала на канапе, цела жанчыны знаходзілася ў спальні, яна таксама памерла ад стрэлу ў галаву. Двое дзяцей знаходзіліся ў іншым пакоі.

Паведамляецца, што Рыкарда Ф., інжынер родам з Уругвая, а яго жонка Марына родам з Беларусі. У доме ў раёне Ла Пінеда сям'я пражыла каля трох гадоў.

Суседзі сям'і распавялі СМІ, што муж і жонка часта крычалі і высвятлялі адносіны, даходзіла да таго, што суседзі нават выклікалі паліцыю.

Незразумела, чаму ў дачыненні да мужчыны не была заведзена ніводнай крымінальнай справы аб хатнім гвалце, здзіўляюцца журналісты іспанскіх выданняў.

Гарадская рада Кастэльдэфельса абвясціла трохдзённую жалобу.

У МЗС Беларусі ведаюць пра сітуацыю. «Наша пасольства ў Парыжы падтрымлівае кантакты з іспанскімі ўладамі, - паведаміў прэс-сакратар міністэрства Дзмітрый Мірончык. - Сваякі ў пасольства не звярталіся. З улікам характару злачынства мы не плануем апублікаваць якую-небудзь інфармацыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0