Мінскі трактарны завод плануе павялічыць у 2016—2017 гадах пастаўкі сваёй тэхнікі ў Пакістан да 5 тыс. адзінак, паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «МТЗ» — маркетынг-дырэктар Уладзімір Макаранка ў час наведвання прадпрыемства прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам.

Наваз Шарыф. Фота БелТА

Наваз Шарыф. Фота БелТА

«Сёлета завод прыняў рашэнне аб цэнтралізацыі паставак трактароў у Пакістан, была створана сумесная беларуска-пакістанская кампанія MTW Pak Assembling Industries.

Да гэтага мы працавалі разрознена і пастаўлялі 2,5—3 тыс. трактароў на год. Цяпер жа разлічваем заняць дастойную нішу на гэтым рынку і павялічыць пастаўкі да 5 тыс. адзінак. Гэта перспектыва 2016—2017 гадоў», — адзначыў Уладзімір Макаранка.

На базе названай кампаніі ў красавіку 2015 года адбыўся запуск зборачнай вытворчасці трактароў «Беларус», на гэты момант ужо завершана зборка пілотнай партыі з 16 трактаракамплектаў.

Уладзімір Макаранка адзначыў, што прадпрыемства лічыць Пакістан перспектыўным рынкам. Трактарны парк гэтай краіны ацэньваецца ў 700 тыс. трактароў, гадавая патрэбнасць рынку — 70 тыс. адзінак тэхнікі ў год.

«Мы хочам заняць нішу ў памеры 10 працэнтаў ад агульнага аб'ёму штогадовых паставак трактароў на рынак Пакістана. У перспектыве нават да 10 тыс. дайсці, але ўсё будзе залежаць ад таго, як будзе працаваць наша зборачная вытворчасць», — адзначыў ён.

Акрамя таго, паведаміў маркетынг-дырэктар, пакістанскі бок зацікавіўся бавоўнавымі трактарамі прадпрыемства. «Пакуль дамоўленасці толькі на словах, у бліжэйшы час, лічу, мы прыйдзем да пэўнага разумення і заключэння кантрактаў», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?