Каманды прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва Віктара Цярэшчанкі і Сяргея Гайдукевіча заяўляюць, што ўжо сабралі неабходныя для рэгістрацыі сто тысяч подпісаў. Блізка да гэтай лічбы падышоў і Мікалай Улаховіч. Пра што сьведчаць гэтыя заявы, пра які сцэнар выбараў? Ці азначае гэта, што ўлада, як і ў 2010 годзе, мае намер зарэгістраваць фактычна ўсіх патэнцыйных кандыдатаў?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць намесьнік рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец і публіцыст Вадзім Казначэеў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Ці верыце вы дадзеным наконт збору подпісаў, якія прадстаўляюць Цярэшчанка, Гайдукевіч і Ўлаховіч? Што гэта азначае? Магчыма, гэтыя кандыдаты ўжо ведаюць, што іх зарэгіструюць?

Панкавец: Я не зусім веру ў гэтыя лічбы. Што тычыцца Віктара Цярэшчанкі — людзі ў яго не ідэйныя, працуюць за грошы, пікетаў па горадзе вельмі мала, і ў абыходзе кватэраў іх ніхто ня бачыў. Так што казаць, што Ўлаховіч і Цярэшчанка сабралі па сто тысяч — гэта проста сьмешна.

Сьведчыць гэта найперш пра тое, што гэтыя кандыдаты ведаюць — яны будуць зарэгістраваныя, яны будуць у выбарчых бюлетэнях для галасаваньня. І таму асабліва не саромяцца, называючы лічбы сабраных подпісаў.

Казначэеў: Я, вядома, не магу сказаць, ці былі нейкія канкрэтныя перамовы ў гэтых кандыдатаў з уладамі. Калі і былі, то зь нейкімі дробнымі клеркамі — а можа, і зусім не было. Але яны адчуваюць генэральную лінію ўлады, якая не зьмяняецца ад папярэдняй кампаніі — рэгістраваць усіх і зрабіць досыць вялікую колькасьць кандыдатаў.

Што да саміх лічбаў, то Зьміцер сказаў — «не зусім веру». А я зусім ня веру. 

Што тычыцца Тацяны Караткевіч, тут ужо відаць па пэўных прыкметах, што курс адназначна ўзяты на яе рэгістрацыю. А з боку Лябедзькі і Калякіна — калі ўлады адчуюць небясьпеку, то могуць іх не зарэгістраваць. 

Панкавец: Існуе рызыка сутыкнуцца з казахстанскай сытуацыяй — калі кандыдатаў нібыта хапае, але ніхто зь іх рэальна не крытыкуе ўладу.

Цыганкоў: Але хіба гэта ня самы непажаданы для Лукашэнкі сцэнар?

Панкавец: А ад яго ўжо мала што залежыць. Калі Лябедзька і Калякін сумленна заяўляюць, што яны не пасьпяваюць сабраць сто тысяч, то і пытаньне адпадзе само сабой — нават Ярмошына ня можа намаляваць подпісы гэтым кандыдатам. Таму я не выключаю такога, «казахстанскага» варыянту.

Цыганкоў: Калі казаць пра ацэнку выбараў Захадам, то яна залежыць толькі ад выкананьня пэўных працэдур, ці наяўнасьць нейкіх кандыдатаў таксама мае значэньне?

Панкавец: Прысутнасьць апазыцыйных кандыдатаў — гэта ўсё ж істотны чыньнік у тым, як будуць ацэненыя гэтыя выбары. Калі там застануцца Лукашэнка з Улаховічам — гэта адна справа. Калі там будуць людзі, якія прадстаўляюць нейкія альтэрнатыўныя погляды — зусім іншая. Ніхто ў Эўропе ня пойдзе на прызнаньне гэтых выбараў, ніхто ня скажа, што яны прайшлі сумленна і дэмакратычна. Але можна разьлічваць, што ацэнкі гэтых выбараў будуць мякчэйшыя.

Казначэеў: Мне здаецца, тут ёсьць пэўныя нюансы. У 2010 годзе пэўнымі эўрапейскімі структурамі ўжо была падрыхтаваная дактрына «адноснага прызнаньня» выбараў. І каб не падзеі 19 сьнежня, яна была б уведзеная. Калі сёлета нічога такога драматычнага не адбудзецца — а найхутчэй якраз так — то і будзе нейкі варыянт «адноснага прызнаньня». І для гэтага наяўнасьць нейкіх апазыцыйных кандыдатаў была б пажаданая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?