Фота: duiops.net

Фота: duiops.net

Навукоўцы з Вялікабрытаніі праверылі на людзях тэорыю аб тым, што паласатая афарбоўка замінае драпежнікам паляваць на ахвяру, аб выніках яны распавялі ў часопісе Frontiers in Zoology.

Палосы не замінаюць і нават дапамагаюць драпежнікам гнацца за ахвярай і не ствараюць аптычных ілюзій. Магчыма, зебры паласатыя проста таму, што так прахалодней.

Шасці дзясяткам людзей навукоўцы прапанавалі гульню, у якой трэба было трапіць пальцам у цэлі на сэнсарным экране. Спачатку цэлі паслядоўна былі шэрымі і паласатымі, палосы маглі ісці ў любым напрамку. Затым прапанавалі некалькі цэлей адначасова. У абодвух выпадках паласатыя цэлі лавіліся лепей за шэрыя, пры гэтым у другім выпадку напрамак палос ніяк не паўплываў на паспяховасць «палявання».

Раней меркавалася, што паласатая афарбоўка зебраў мае замінаць драпежніку ацэньваць дыстанцыю да ахвяры, за гэту тэорыю выказваліся ў 2013 годзе аўстралійскія навукоўцы, якія правялі камп’ютарнае мадэляванне руху паласатых аб’ектаў. Сярод іншых непацверджаных тэорый — сацыяльная роля афарбоўкі і адпужванне насякомых, якія больш любяць аднатонныя паверхні.

Самай рэалістычнай тэорыяй на сёння можна назваць такую тэорыю даследчыкаў з Каліфарнійскага універсітэта (ЗША). Зебры менш эфектыўна за іншых капытных перастраўліваюць ежу, таму мусяць больш часу праводзіць за ядой на сонцы, а праз гэта маюць патрэбу ў дадатковай тэрмарэгуляцыі. Белыя палоскі награюцца меней, чорныя — болей, а гэта стварае мікрацыркуляцыю паветраных патокаў побач са скурай, што дазваляе зебрам эфектыўна ахалоджвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?