У Гомелі 12 жніўня пабывала патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч.

Яна наведала пікеты па зборы подпісаў і пагутарыла з жыхарамі абласнога цэнтра. На пікетах на пляцоўцы каля ААТ «Камінтэрн» і ўнівермага «Гомель», нягледзячы на 35-градусную гарачыню, было шматлюдна. 

Людзі актыўна фатаграфаваліся з магчымым кандыдатам, задавалі мноства пытанняў. У прыватнасці, гамяльчан цікавіла стаўленне Таццяны Караткевіч да расійскіх ваенных баз у Беларусі, росту цэн, яе бачанне перамен у краіне, рэфармавання сістэмы адукацыі, медыцыны, судоў і міліцыі.

Палітык заявіла, што трэба падтрымліваць пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дабівацца таго, каб людзі былі ўпэўнены ў будучыні, моладзь не з'язджала, а новыя сем'і — будаваліся.

У выпадку перамогі на выбарах Таццяна Караткевіч і яе каманда маюць намер працягваць будаваць партнёрскія адносіны з Расіяй і «фарміраваць адносіны і з Еўрапейскім саюзам, і з Прыбалтыкай, і з Украінай». 

«Мы краіна ў цэнтры Еўропы, і павінны гэтым карыстацца. Чаму ў Расіі візы ў ЕС таннейшыя, чым у нас? Гэта несправядліва», — лічыць Таццяна Караткевіч.

Яна абяцала гамяльчанам дабівацца, каб у беларусаў было больш магчымасцей атрымліваць «якасныя працоўныя месцы», каб медыцына і адукацыя былі даступнымі і якаснымі і каб «улада паважала людзей на ўсіх узроўнях». Патэнцыяльны кандыдат лічыць, што на медыцыну і адукацыю трэба выдзяляць больш сродкаў.

«Мы сёння не можам паўплываць на тое, што будзе ў пратаколах, але мы будзем вельмі моцна старацца і актыўна да гэтага заклікаем усіх грамадзян, што варта ісці на выбары і варта ісці назіральнікам.

Але мы гаворым, што мы пасля дня выбараў не скончым сваю працу, у нас марафон за мірныя перамены — вось наша мэта», — падкрэсліла палітык.

Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, Таццяна Караткевіч сказала, што яе не крыўдзіць, калі некаторыя журналісты называюць яе генератарам штампаў.

Паводле слоў патэнцыяльнага кандыдата, яна — праваслаўная, але не з'яўляецца прыхаджанкай нейкага храма.

«Я прытрымліваюся хрысціянскіх каштоўнасцей, калі прымаю рашэнні, размаўляю з людзьмі, гэта значыць гэты стрыжань унутры мяне, гэтыя каштоўнасці. Я не думаю, што гэта трэба абавязкова ўсім (наведванне царквы. — БелаПАН.), у гэтым плане я свабодны чалавек. Мне адчынены дзверы ў любы храм, дзе я магу пабыць сам-насам з сабой, пагутарыць з Богам, папрасіць парады або памаліцца за каго-небудзь», — адзначыла палітык.

Яна дадала, што ў Гомелі яе «любяць больш за ўсё».

«Шмат людзей прыйшло, людзі з задавальненнем спыняюцца, задаюць пытанні, увагу аказваюць», — дадала Караткевіч.

Сёння яна наведвае яшчэ Добруш, заўтра, 13 жніўня, — Рэчыцу і Светлагорск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?