03.05.2018 / 11:23

Як чыноўнікі становяцца мільянерамі. Прыклад знятага за карупцыю міністра энергетыкі Патупчыка архіўны матэрыял 69

артыкул за жнівень 2015 года.

Стала вядома, за што звольнілі міністра энергетыкі

«Народ павінен ведаць, як жывуць чыноўнікі і іх сваякі, адкуль грошы і ўласнасць у гэтых людзей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, насуперак меркаванню кіраўніка краіны, беларускія чыноўнікі не хочуць публікаваць свае дэкларацыі аб прыбытках. Генеральны пракурор Аляксандр Канюк тлумачыць, што «гэта не зусім этычна».

Зрэшты, формула дабрабыту ў высокіх чыноўнікаў падобная. Яшчэ за савецкімі часамі ці на пачатку незалежнасці яны атрымалі першую кватэру. Пасля замянілі яе на больш прэстыжную і прасторную. І нарэшце пабудавалі катэдж у Драздах ці каля іх.

Як працуе гэтая схема? Адсочым на канкрэтным прыкладзе.

Уладзімір Патупчык — адзін з двух дзясяткаў беларускіх міністраў. Ягонае імя згадваецца рэдка, Патупчык адказвае за энергетыку. Гэтае ведамства было на слыху падчас «навагодніх войнаў» з Расіяй, калі ў апошні момант вызначаліся цэны на энерганосьбіты. Цяпер на рынку зацішша, і міністэрства працуе ў нябачным рэжыме.

Этап назапашвання капіталу

Уладзімір Патупчык нарадзіўся ў 1958-м у Светлагорску. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ) адпрацаваў год у Мазыры, а пасля вярнуўся ў родны Светлагорск. З энергетыкай ён быў звязаны толькі чатыры гады, максімальна ўзняўшыся да пасады загадчыка лабараторыі на ТЭЦ.

А пасля пайшоў па партыйнай і чыноўніцкай лініі. На многіх пасадах Патупчык працаваў тандэмам з Аляксандрам Якабсонам. Быў віцэ-мэрам Светлагорска, які лічыўся «сталіцай наркаманаў», мэрам Мазыра падчас Дажынак, віцэ-губернатарам Гомельшчыны…

У Светлагорску Патупчык меў трохпакаёвую кватэру на вуліцы Пушкіна. Ягоны дом — старая брэжнеўка, пабудаваная яшчэ ў 1970-я.

Пасля пераезду ў Гомель чыноўнік перапісаў жыллё на дачку Ульяну. З улікам цяперашніх цэн на нерухомасць у Светлагорску кватэра Патупчыкаў каштуе каля $35 тысяч.

Выгадная прыватызацыя

У 2004 годзе Патупчыка перавялі ў Мінск. Спачатку ён стаў памочнікам Лукашэнкі (інспектарам па сталіцы), а праз два гады — міністрам працы і сацыяльнай абароны. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам была адмененая большасць ільготаў.

У адпаведнасці з указам «Аб стварэнні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду» ніводная з гэтых пасадаў Патупчыка не прадугледжвае выдзяленне службовага жылля. Атрымліваеш немалы заробак — можаш здымаць кватэру ці адкладаць на яе куплю.

Аднак Патупчык нейкім чынам атрымаў кватэру ў доме на вуліцы Беларускай, на беразе Свіслачы.

Першыя жыхары гэтага дома засяліліся ў 2005 годзе. Ім выдаваліся даведкі «аб размеркаванні ізаляваных памяшканняў». Гэта тыповая схема для долевага будаўніцтва. Але ў Патупчыка такой даведкі няма.

Ён прыватызаваў сваю кватэру ў канцы 2007 года, атрымаўшы дазвол першаснага ўласніка — Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

Прыватызацыя — гэта набыццё грамадзянамі дзяржаўнага жылля. Колькі давялося заплаціць міністру працы? Трохпакаёўку плошчай больш за 90 м2 ацанілі ў 145 мільёнаў рублёў. Па тагачасным курсе гэта было каля $67 тысяч. Такім чынам, квадратны метр каштаваў каля $746.

Ці не замала гэта? У 2007—2008 гадах у Беларусі назіраўся будаўнічы бум, жыллё ў Мінску падскочыла аж да $2000 за метр. А такая кватэра, як на Беларускай, мусіла каштаваць яшчэ больш за кошт прэстыжнага месца. Выглядае, што міністр атрымаў вялікую зніжку.

Патупчык дагэтуль не мае права цалкам распараджацца кватэрай. Значыцца, плацеж за прыватызацыю не быў аднаразовым, дамова афармлялася ў растэрміноўку. З кожным днём дэвальвацыя «з’ядае» выплаты. Курс даляра з даты пачатку прыватызацыі вырас больш чым у 7 разоў.

У выпісцы Нацыянальнага кадастравага агенцтва няма інфармацыі, на які тэрмін была аформленая ягоная іпатэка. Аднак ёсць пазнака, што спачатку дакументы склалі з памылкамі ў законе «Аб прыватызацыі» і двух артыкулах Грамадзянскага кодэкса.

Па цяперашніх рынкавых цэнах кватэра Патупчыка каштуе каля $180 тысяч.

Сціплы, але дарагі катэдж

Кар’ера Патупчыка тым часам працягвала ісці ўгару. У 2009 годзе ён стаў віцэ-прэм’ерам па сацыяльных пытаннях. Праўда, ужо на наступны год яго звольнілі з урада, а ў 2011 годзе знайшлі сінекуру — пасаду віцэ-спікера ў савеце рэспублікі.

А ў маі 2012 года Мінгарвыканкам выдзеліў Патупчыку зямлю для будаўніцтва катэджа ў водаахоўнай зоне за «Мінск-Арэнай». Цяпер ягоная вуліца Мястраўская ўваходзіць у склад раёна Ржавец (былая назва Лебядзіны).

Патупчык аказаўся суседам групы банкіраў на чале з Пятром Пракаповічам і Паўлам Калаўрам. Найімаверней, побач будаваўся і беглы кіргізскі прэзідэнт Курманбек Бакіеў.

На ўчастку Патупчыка паўстаў невялікі каменны двухпавярховік з лазняй. Праўда, панарама з вокнаў за час будаўніцтва істотна змянілася. Адразу за плотам Патупчыка разгарнулася будоўля шматпавярховікаў, якія канчаткова закрыюць катэдж ад праспекта Пераможцаў. З балконаў кватэр на высокіх паверхах можна будзе назіраць за жыццём чыноўніка.

Афармляючы дакументы на дом, Патупчык запэўніў рэгістратара, што будаваў катэдж за ўласныя грошы, без прыцягвання льготнага крэдыту.

Кадастравы кошт тых 14 сотак зямлі, якая дасталася яму, складае $225 тысяч. Рынкавую цану рыэлтары могуць назваць толькі наўскідку. Яна крыху ніжэйшая, чым у Драздах, дзе пачынаюць лічыць ад $1 мільёна.

Падчас свайго будаўніцтва Патупчык перайшоў у ранг міністра энергетыкі. Апошні раз ён працаваў у энергетычный галіне трыццаць гадоў таму.

***

Уладзімір Патупчык нар. 1958 у Светлагорску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1980) і Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2002).

У 1980—1984 працаваў на Мазырскай ЦЭЦ, Светлагорскай ЦЭЦ і на «Гомельэнерга», у 1984—1990 — у Светлагорскім гаркаме КПБ. У 1990—1998 — намеснік старшыні Светлагорскага савета народных дэпутатаў, намеснік мэра Светлагорска. У 1998—2001 — старшыня камітэта Гомельскага аблвыканкама, у 2001 — мэр Мазыра, у 2001—2004 — віцэ-губернатар Гомельшчыны. У 2004—2006 — памочнік прэзідэнта (інспектар па Мінску). У 2006—2009 — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 2009—2010 — віцэ-прэм’ер. У 2011—2012 — віцэ-спікер савета рэспублікі. Ад 2013 — міністр энергетыкі.

Ягор Марціновіч

1
viKniK / Адказаць
14.08.2015 / 10:05
Верные псы.
2
Хэльвіг / Адказаць
14.08.2015 / 10:10
Наш т.зв. істэблішмэнт=паразыты, які жыве за наш кошт. Хлусы, злодзеі і гіпакрыты (крывадушнікі). Наш непаўторны стыль кіраваньня, галоўны прынцып пры прызначэньні на пасаду - адданасць справе галоўнага хакеіста (раней казалі справе партыі). За гэта ты можаш красьці колькі заўгодна і табе за гэта нічога не будзе. А тут за нейкае графіці хлопцам сьвеціць да 6 гадоў зьняволяньня, не кажучы ўжо пра тое што іх жорстка зьбілі і канфіскавалі частку маёмасьці.
0
Норык / Адказаць
14.08.2015 / 10:13
Нажаль, гэта і ёсць ўся сутнасць служак народа...
Паказаць усе каментары/ 69 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру