Больш за сотню сем’яў уклалі свае грошы ў будоўлю шматпавярховіка ў Мінску. Але ў выніку людзі засталіся і без грошай, і без жылля. Кіраўніцтва кампаніі-забудоўшчыка арыштавана, а дзяржава, па словах дольшчыкаў, іх ігнаруе.

Так павінна была выглядаць забудова на вуліцы Валгаградскай

Так павінна была выглядаць забудова на вуліцы Валгаградскай

… а так выглядае сёння

… а так выглядае сёння

У 2013 годзе 25-гадовы мінчук Андрэй Босік вырашыў набыць уласнае жыллё. Не так даўно ён ажаніўся, хацелася жыць асобна ад бацькоў. Тым больш, што ў яго была свая аднапакаёўка, якая засталася ад сваякоў. Яе Андрэй прадаў, даклаў яшчэ грошай: нешта было ў загашніку, штосьці пазычыў у сяброў, прадаў машыну. Агулам выйшла $72 тысячы. Андрэй пачаў падшукваць варыянты, спыніўся на доме, будаўніцтва якога вяло ТАА «Валынь».

«Я хацеў, каб гэта быў новы дом, новая кватэра, не другаснае жыллё. Прапаноў па маіх фінансах было не так шмат: Малінаўка і тут, на вуліцы Валгаградскай. Канечне, я выбраў Валгаградскую: добры раён з добрай інфраструктурай», — тлумачыць Андрэй.

Жыллё ў доме, які будавала «Валынь», можна было набыць трыма спосабамі: шляхам долевага будаўніцтва, набыўшы жыллёвыя аблігацыі ці праз дамову пазыкі. Але для ўсіх была адзіная ўмова — унесці 100% перадаплату. Аддаў свае 72 тысячы і Босік. І стаў чакаць.

«Я не быў першым, на той момант было ўжо прададзена ад 50 да 100 кватэр. Прычым амаль усе, хто ўклаў грошы ў тое будаўніцтва, прыйшлі праз знаёмых. То бок асабліва ніхто не хваляваўся, што нешта можа здарыцца, нават нягледзячы на затрымкі».

Затрымкі ж былі выкліканыя тым, што ТАА «Валынь» не магло дамовіцца з жыхарамі катэджаў, якія стаялі абапал будоўлі. Планавалася, што катэджы знясуць і на іх месцы з’явяцца тры шматпавярховыя дамы (у першым з іх Андрэй і хацеў атрымаць кватэру). Але ж прапановы забудоўшчыка не задавальнялі адну з сем’яў, у выніку тэрміны будаўніцтва былі сарваныя. Справа дайшла да суда. Дом, які мусіў быць гатовы яшчэ ў 2012-м, і праз год яшчэ не быў дабудаваны, не кажучы пра ўвод яго ў эксплуатацыю.

Але Босіка гэта не напалохала. Ён з’ездзіў, пагаварыў з той «упартай» сям’ёй, яны пацвердзілі, што нарэшце дамовіліся з «Валынню» і гатовыя з’ехаць, толькі чакаюць, пакуль забудоўшчык з імі разлічыцца. То бок будоўлі ўжо нічога не замінала, таму малады чалавек спакойна аддаў «Валыні» грошы. Праз паўтара-два гады ён планаваў пераехаць у сваю новую кватэру.

Аднак нічога не выйшла.

Адзін з мітынгаў спыніла міліцыя. Людзі не паспелі нават дапісаць заклік на кавалку тканіны, як прыехалі ахоўнікі правапарадку. Міліцыянты сарвалі расцяжку і пагражалі падманутым дольшчыкам артыкулам «За дробнае хуліганства»

Адзін з мітынгаў спыніла міліцыя. Людзі не паспелі нават дапісаць заклік на кавалку тканіны, як прыехалі ахоўнікі правапарадку. Міліцыянты сарвалі расцяжку і пагражалі падманутым дольшчыкам артыкулам «За дробнае хуліганства»

Увесь 2014 год Босік працаваў — разам са знаёмымі яны адкрылі невялікую фірму, заняліся продажам і абслугоўваннем камп’ютараў. Што там робіцца на будаўнічай пляцоўцы ён не сачыў: быў пэўны, што справа рухаецца.

«Я верыў, што ўлада так ці інакш сочыць за тым, што там адбываецца. Думаў, нават калі з гэтым забудоўшчыкам «не зрасцецца», дык знойдуць іншага. Гаворка ж ідзе пра будоўлю ў добрым раёне сталіцы, пра мільёны даляраў — не можа быць, каб дзяржава не кантралявала такія рэчы», — тлумачыць Андрэй.

Але пакуль ён не сачыў за будоўляй, іншыя кліенты «Валыні» сачылі, прычым вельмі пільна. Яны сцвярджаюць, што ў 2014-м некалькі кватэр прадалі па другім разе (і гэта прытым, што будоўля дома не толькі не скончылася, а ўвогуле спынілася!). Людзі пайшлі па інстанцыях, але без плёну. Па іх словах, усе звароты ў пракуратуру, АБЭЗ, Мінгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта скідваліся ў адміністрацыю Першамайскага раёна, якая адказвала, што правяла праверку і парушэнняў не знайшла.

Да таго ж дольшчыкам стала вядома аб продажы актываў ТАА «Валынь» (акцый даччынай арганізацыі ААТ «Зямля інвестыцый») за… дваццаць мільёнаў рублёў. Гэта ва ўмовах і без таго вартага жалю фінансавага стану і немагчымасці будаўніцтва пазбавіла кампанію каштоўных, на думку дольшчыкаў, актываў. Па іх словах, дырэктар «Валыні» раней ацэньваў тыя актывы ў дзесяць мільёнаў даляраў.

«З прычыны фактычнай бяздзейнасці органаў фінансавага кантролю тэрмін выстаўлення прэтэнзій па ануляванні здзелкі куплі-продажу актываў ТАА «Валынь» у выглядзе акцый ААТ «Зямля інвестыцый» мінуў без адзінай спробы аднаўлення законных правоў дольшчыкаў у канцы верасня 2014 г. Ніхто не звярнуў увагу і на тое, што продаж трэцяй асобе меў толькі намінальны характар», — кажуць дольшчыкі.

Людзі зразумелі, што праблемы сур’ёзныя. Яны збіраліся на імправізаваныя «мітынгі», запісвалі відэазвароты да кіраўніка дзяржавы. Але нічога не змянялася. На сходах з удзелам адміністрацыі раёна і будучых жыхароў Мікалай Каваленка, дырэктар «Валыні», абяцаў, што становішча хутка выправіцца, расказваў пра перамовы з інвестарамі. Праўда, адказаць канкрэтна, з якімі інвестарамі і аб чым ён размаўляў, Каваленка не мог.

Так цягнулася да вясны 2015 года. Тады кліенты «Валыні» звярнуліся да кіраўніка Камітэта дзяржкантролю Леаніда Анфімава. Менавіта з яго падачы, упэўненыя людзі, у красавіку правялі праверку, па выніках якой дырэктара «Валыні» Каваленку і яго намесніка Собалева арыштавалі і неўзабаве ў дачыненні да іх была распачатая крымінальная справа па ч. 4 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі). Высветлілася, што гора-забудоўшчыкі двойчы прадалі 12 кватэр, скраўшы больш за 3 мільярды рублёў.

«І вось толькі калі кіраўніцтва «Валыні» ўзялі пад варту, я зразумеў, што ўсё, бяда», — прызнаецца Андрэй Босік.

Сёння ён адзін з тых, хто найбольш актыўна змагаецца за інтарэсы падманутых дольшчыкаў. Па яго словах, аддае працы толькі некалькі гадзін, увесь астатні час «займаецца кватэрай»: «Мы лічылі, там было прададзена 107 кватэр са 120. Большасць набывалі людзі сямейныя, з дзецьмі. То бок трыста чалавек проста падманулі, пакінулі ні з чым. Шмат хто прадаваў сваё жыллё, думаў, перачакае год-два на здымнай кватэры. У выніку — ні жылля, ні грошай, — кажа Босік. — За пяць гадоў з двух пад’ездаў па 16 і 19 паверхаў пачалі будаваць толькі адзін, ды і той не дасягнуў і чацвёртага паверха. Кавалак дома стаіць нікому не патрэбны, незакансерваваны. Ужо заўважалі, што на закінутай будаўнічай пляцоўцы пачынаюцца крадзяжы».

Але ўлада не надта ідзе насустрач падманутым кліентам «Валыні», сцвярджае Андрэй. Па яго словах, у адміністрацыі і раёна, і горада прапанавалі дольшчыкам прыдумаць рашэнне іх праблемы самім, а потым прапанаваць яго на разгляд.

«Мы, у прынцыпе, гэта і рабілі. Шукалі інвестараў самі. Але бізнэсоўцы, гатовыя ўкласці свае грошы ў будоўлю, хочуць, каб тую даччынную кампанію «Зямля інвестыцый», якую прадалі за бесцань, вярнулі ў склад «Валыні». І трэба, каб на чале той «Валыні» паставілі антыкрызіснага кіраўніка, які будзе займацца санацыяй кампаніі, а не ліквідацыяй яе, — распавядае Босік. — Але дзяржустановы не зацікаўленыя ў тым, што мы прапануем. Нам адкрыта казалі: «Зямлю інвестыцый» мы не аддамо, не разглядайце такі варыянт. Чаму — ніхто не тлумачыў».

Пісьмовыя звароты ізноў перакідваюцца з усіх устаноў на адміністрацыю Першамайскага раёна, сцвярджае Босік. «А на прыём да чыноўнікаў мы трапіць не можам. Нават калі нас запісваюць, то потым адмяняюць сустрэчу, — кажа ён. — Выходзіць, што ў Адміністрацыі прэзідэнта нас не прымаюць, бо справай нібыта займаецца адміністрацыя раёна. А ў адміністрацыі раёна раяць звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі, напрыклад, у Адміністрацыю прэзідэнта».

Прычым у ідэале трэба зрабіць так, каб будоўлю працягнулі, падкрэслівае Андрэй, а не проста аддалі грошы (хаця пакуль што канкрэтна ніхто не абяцае дольшчыкам ні таго, ні другога). Справа тут у тым, што каля 50 чалавек купілі аблігацыі, і калі ім сёння будуць вяртаць грошы, сума па факце будзе значна меншая за тую, што яны ўнеслі некалькі гадоў таму. Курс даляра змяніўся, а кошт аблігацый фіксаваны. Восем мільёнаў каштавала аблігацыя на пачатку будоўлі, але ж 8 мільёнаў у 2012 і 8 мільёнаў сёння — зусім розныя сумы.

Пакуль вырашалася кватэрнае пытанне, у Андрэя нарадзілася дачка. Так яны і жывуць сёння, упяцёх у двухпакаёўцы: у адным пакоі бацькі Андрэя, у другім ён, з жонкай і малым дзіцём. Што будзе далей, Босік не ведае. «Застаецца хіба толькі спадзявацца на цуд», — кажа ён.

***

Мы звярнуліся па каментары ў адміністрацыю Першамайскага раёна, але там паведамілі, што каментаваць нічога не будуць, і параілі звярнуцца ў Камітэт будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама. Старшыня камітэта Фёдар Рымашэўскі таксама размаўляць не захацеў, сказаў: «Пішыце афіцыйны запыт». Гэты запыт мы напісалі і даслалі. Адказ павінен прыйсці на працягу 15 дзён. Будзем чакаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?