У Беларусі больш за 40% правераных грыбоў і прыкладна 30% ягад утрымліваюць радыеактыўны элемент цэзій-137. Такія вынікі радыяцыйнага кантролю грыбоў і ягад службы радыяцыйнага кантролю лясгасаў і «Беллесаховы».

Як паведамляе дзяржаўная ўстанова «Беллесахова», усяго за чэрвень—ліпень адабрана ў лясах, на кантрольных палігонах і змерана 280 проб грыбоў і 842 ягад. З іх у 117 пробах грыбоў (41,9%) утрыманне цэзію-137 перавышала дапушчальны ўзровень — 370 Бк/кг. Перавышэнне РДУ-99 (рэспубліканскія дапушчальныя ўзроўні ўтрымання радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90 у харчовых прадуктах і пітной вадзе) у ягадах (185 Бк/кг) устаноўлена ў 252 пробах (29,9%). Максімальныя ўзроўні ўтрымання цэзію-137 у грыбах дасягалі значэнняў 8.760 Бк/кг, у ягадах — 2.635 Бк/кг. 

Перавышэнне дапушчальнага ўзроўню ўтрымання ў грыбах і ягадах устаноўлена на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання ляснога фонду лясгасаў усіх лесагаспадарчых аб'яднанняў, акрамя Віцебскага. 

«Беллесахова» нагадвае правілы пры зборы грыбоў і ягад у лясных кварталах, забруджаных радыенуклідамі. Так, збор грыбоў і ягад рэкамендаваны пры шчыльнасці забруджвання глебы цэзіем-137 да 2 Кі/км2. «Інфармацыю пра шчыльнасць забруджвання ў кожным лясным квартале можна атрымаць у лясгасе, лясніцтве, разгледзеўшы ўважліва карту-схему на стэндзе службы радыяцыйнага кантролю. Актуалізаваныя карты радыеактыўнага забруджання тэрыторый ляснога фонду прадстаўлены таксама на сайтах лясгасаў у раздзеле «Радыяцыйны кантроль», — гаворыцца ў паведамленні. 

«Беллесахова» рэкамендуе збіраць тыя грыбы і ягады, у якіх» у сувязі з іх біялагічнымі асаблівасцямі, характарам размяшчэння асноўнага пажыўнага асяроддзя (міцэлію), умовамі вырастання, адбываецца найменшае паступленне радыенукліду з глебы, ляснога подсцілу». Да групы грыбоў, якія слаба і сярэдне назапашваюць цэзій-137, адносяцца: парасонік, порхаўка, апенька, шампіньён, рыжык, падбярозавік, падасінавік, баравік, лісічка. З ягад — маліны, ажыны, каліна, суніцы, рабіна. 

Акрамя таго, сабраныя грыбы і ягады неабходна праверыць на ўтрыманне цэзію-137, каб пераканацца, што яно не перавышае дапушчальныя ўзроўні (РДУ-99): для ягад — 185 Бк/кг, грыбоў — 370 Бк/кг. Праверыць сабраныя грыбы і ягады «Беллесахова» рэкамендуе ў лясгасе на пасце радыяцыйнага кантролю, у цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, у лабараторыях на рынках. Калі ў грыбах і ягадах утрыманне цэзію-137 перавышае РДУ-99, іх нельга ўжываць у ежу. 

«Трэба ведаць і пра метады кулінарнай апрацоўкі грыбоў і ягад, сабраных у забруджаных кварталах лесу. Старанная ачыстка грыбоў і ягад ад часціц глебы, ігліцы, травы, неаднаразовае прамыванне ў праточнай вадзе, гатаванне (можна два-тры разы са зменай вады пасля кіпячэння) перад падрыхтоўкай асноўных страў прывядзе да значнага памяншэння радыенукліду цэзій-137 у гатовай ежы», — гаворыцца ў паведамленні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?