Фота: NASA

Фота: NASA

NASA паспяхова правяло выпрабаванні ракетнага рухавіка RS-25 цяжкай ракеты SLS (Space Launch System). У касмічным цэнтры Стэніса ў штаце Місісіпі (ЗША) рухавік прапрацаваў 535 секунд — роўна столькі, колькі мае працаваць пры рэальным запуску.

Мяркуецца, што ракета SLS будзе выкарыстоўвацца для пілатаваных палётаў у дальні космас, у тым ліку на Марс. NASA называе SLS самай магутнай ракетай у свеце — яна можа вывесці на калязямную арбіту да 130 тон карыснай нагрузкі.

SLS вырабляе прыватная кампанія Boeing, выпрабаванні самой ракеты маюць прайсці ў 2017 годзе, першы тэставы палёт — у 2018-м. Мяркуецца, што SLS выведзе касмічны карабель Orion на дарогу да Марса ў 2030 годзе.

RS-25 — вадкасныя рухавікі, працуюць на кіслародзе і вадародзе. Тры рухавікі RS-25 вытворчасці Aerojet Rocketdyne ужо выкарыстоўваліся для запускаў «Шатлаў». На першую ступень SLS будуць усталяваныя чатыры такія рухавікі.

Зацьменне Месяца над Крамлём. Фота: Павел Галоўкін

Зацьменне Месяца над Крамлём. Фота: Павел Галоўкін

Расія тым часам вымушаная адкласці высадку на Месяц — урэзанае фінансаванне праграмы па стварэнні месяцовага узлётна-пасадачнага комплексу (ЛВПК), пішуць «Ізвесція».

Фінансаванне перспектыўнага пілатаванага транспартнага комплексу (ППТК-2) зніжанае ўдвая. Гэта прывядзе да адкладання пачатку выпрабаванняў ЛВПК прынамсі на 2-3 гады.

Бюджэт ППТК-2 на 2016-2025 гады на сёння складае 20,8 млрд расійскіх рублёў (амаль 325 млн даляраў). Наземныя тэсты пачнуцца прыкладна ў 2024 годзе, лётныя выпрабаванні — прыкладна ў 2029-2030 гадах. Палёт на Месяц адкладаецца з 2029-2030-га на 2033-2034 гады.

«Калі мець на ўвазе адзін пуск на год, то 3-4 гады ў лепшым выпадку пройдзе з даты першага выпрабавальнага запуску ЛВПК да першага пілатаванага старту, — кажа сябра-карэспандэнт расійскай акадэміі касманаўтыкі імя Цыалкоўскага Андрэй Іонін. — У амерыканцаў было хутчэй, вядома, але цяпер няма той сітуацыі вострай палітычнай гонкі, што была ў гады рэалізацыі праграмы Apollo. Людзьмі рызыкаваць ніхто не будзе».

Месяцовая праграма прадугледжвае дастаўку экіпажу на арбіту Месяца, высадку з дапамогай ЛВПК на паверхню спадарожніка, прыбыванне там як найменей цягам 14 дзён і вяртанне на Зямлю. Раскосмас не адмаўляецца і ад планаў па будаўніцтве месяцовай базы, але канкрэтныя даты ўжо не называюцца.

Раней месяцовая праграма Расіі аказалася пад пагрозай зрыву, праект звышцяжкай ракеты называўся фінансава немэтазгодным.

Па іншы бок акіяну з фінансамі адбылося адваротнае: даследчыкі прапанавалі праграму палёту на Месяц, у 10 раз таннейшую за існыя, пры належнай падтрымцы палітыкаў амерыканцы могуць высадзіцца на Месяц ужо ў 2022 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?