Каля расейскай амбасады ў Менску адбыўся пікет пад лёзунгам: «Не дапусьцім расейскай атамнай зброі ў Беларусі!».

Яго правялі актывісты Беларускага нацыянальна‑дэмакратычнага цэнтру, Беларускай партыі Свабоды і Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Каля дзесяці чалавек зь бел‑чырвона‑белым сьцягам утварылі ланцуг перад расейскай амбасадай. Яны трымалі плякаты: «Не дапусьцім расейскай атамнай зброі на Беларусі!», «Расейскай ядзернай акупацыі Беларусі — НЕ!», «Свабоду Беларускай Аўтакефаліі!» і іншыя.

Пікет працягваўся некалькі хвілінаў. Яго ўдзельнікі з розных рэгіёнаў Беларусі скандавалі: »Незалежнасьць!» Міліцыянты перапісалі зьмест плякатаў, але нікога не затрымалі.

Лідэр Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі сказаў, што новы кіраўнік Расеі мусіць пачуць голас беларусаў:

«Мы сёньня прыйшлі разам з нашымі ўкраінскімі сябрамі выказаць свой пратэст супраць плянаў разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі. Мала таго, што Беларусь фактычна зрабілі калёніяй Расеі, цяпер пляны разьмяшчэньня тут ядзернай зброі як і пабудова атамнай станцыі па расейскім праекце — гэта фактычна пляны зьнішчэньня беларускага народа».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0