Bloomberg склаў рэйтынг папулярнасці мэсэнджараў — праграм для абмену паведамленнямі для камп’ютараў і смартфонаў. У пяцёрцы лідараў два «кітайцы», два амерыканскія сэрвісы і адзін — з беларускімі каранямі.

Самы папулярны мэсэнджар свету — кітайскі QQ з 843 млн карыстальнікаў штомесяц. Следам за ім WhatsApp з 800 млн і Facebook Messenger з 700 млн. Апошнія два належаць Facebook. Inc, чыёй сацсеткай карыстаюцца 1,5 млрд чалавек. На чацвёртым месцы кітайскі WeChat з 600 млн карыстальнікаў.

Што дзіўна, у рэйтынг Bloomberg не трапіў Skype — папулярны мэсэнджар, якім валодае кампанія Microsoft. Прычыны гэтага не называюцца (быць можа, Bloomberg палічыў яго не прыстасаваным для смартфонаў, дзе мэсэнджар дагэтуль працуе з перабоямі?). Тым не меней, Skype мае каля 300 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц.

Адсутнасць у рэйтынгу Skype паставіла беларуска-ізраільскі Viber на пятае месца з 249 млн карыстальнікаў, актыўных штомесяц. На студзень такіх было 236 млн, а яшчэ ў пачатку 2014 года — трохі менш за 100 млн, калі японскі тэлекам-гігант Raketen набыў мэсэнджар за 900 млн даляраў.

QQ і WeChat належаць адной кампаніі — Tecent. Яны надзвычай папулярныя ў Кітаі — Facebook і WhatsApp там заблакаваныя. WeChat паказаў шалёны рост — за апошні квартал, з красавіка па ліпень ён вырас на 37% карыстальнікаў.

***

Viber быў запушчаны ў канцы 2010 года. На сёння ён даступны для настольных камп’ютараў з Windows, Linux і MacOS, смартфонаў на Android, iOS, Windows Phone і іншых аперацыйных сістэмах. Праграма дазваляе бясплатна абменьвацца паведамленнямі, рабіць аўдыё- і відэавыклікі, за пэўную плату тэлефанаваць праз інтэрнэт на мабільныя і хатнія тэлефоны па ўсім свеце. Галоўны офіс Viber месціцца на Кіпры, цэнтры распрацоўкі ёсць у Мінску і Брэсце, а таксама ў Ізраілі. Кампанія ўваходзіць у Парк высокіх тэхналогій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?