Учора пайшоў з жыцця мастак Георгі Скрыпнічэнка, а сёння ўслед за ім адляцеў у незваротны вырай актор Сяргей Журавель.

Гэта ўжо не барадулінскае, маё пакаленне…

Недзе гадоў дзесяць таму мы з Георгіем прыйшлі на спектакль «Арт» (пастаўлены Пінігіным), у якім Журавель выконваў ролю чалавека, пра якога ягоны сябар казаў: «Ён з тых, хто ніяк не можа змірыцца з сучаснасцю, і чамусьці ганарыцца гэтым».

Калі пасля спектакля сядзелі ў кавярні, Георгі сказаў: «Я таксама…» «Што ты таксама?..» — спытаў Сяргей. «Змірыцца не магу, — адказаў Георгі. — Хоць ганарыцца тут няма чым».

Георгі Скрыпнічэнка, «Аўтапартрэт», 1972.

Георгі Скрыпнічэнка, «Аўтапартрэт», 1972.

Яны не ганарыліся, але не зміраліся. З пошласцю не зміраліся, халтурай, з сучасным пафігізмам. Прафесійна, высока служылі мастацтву — і спраўдзілі сваё творчае і чалавечае прадвызначэнне. 

Сяргей Журавель у ролі Кутузава.

Сяргей Журавель у ролі Кутузава.

Дзякуй ім за тое, што я адчуваў, абдымаючы іх пры сустрэчах і развітаннях.

І больш сяброў — і менш… Такая справа…
I зойме раптам адзінота дых,
I ты вярнуць хацеў бы нават тых, 
Каго вяртаць даўно не маеш права.

Як на слупах пажоўклыя аб'явы, 
У памяці размыты твары іх, 
Былых каханых і сяброў былых; 
I іх вяртаць — балючая забава.

Яны прайшлі, як вёсны альбо зімы, 
Яны ў трамваях пралятаюць міма, 
Ніхто з іх нават не зірне назад,
Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты, 
Што ўсе мы неяк прадчуваем страты, 
Але ніяк не пазбягаем страт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?