У Беларусі 2 сакавіка на выбарах прэзідэнта Расіі прагаласавала 8 тыс. 372 чалавекі. Гэта ў 1,5 раза больш, чым на выбарах у Дзярждуму, што адбыліся ў снежні 2007 года, паведаміў БелаПАН саветнік пасла Расіі ў Беларусі Аляксандр Фралоў.

Паводле яго слоў, за Дзмітрыя Мядзведзева аддалі свае галасы 80,9% грамадзян Расіі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Генадзь Зюганаў набраў 9,86% галасоў, Уладзімір Жырыноўскі — 6,99%, Андрэй Багданаў — 1,46%.

А.Фралоў зазначыў, што «ў сілу фізічных і тэхнічных магчымасцей работнікі пасольства змаглі арганізаваць галасаванне толькі ў Мінску і абласных цэнтрах, куды даехаць змаглі не ўсе».

У той жа час 2 сакавіка расійскае пасольства арганізавала выязныя брыгады з пераноснымі скрынямі, каб даць магчымасць прагаласаваць тым, хто ў выпадку хваробы або з іншых прычын не змог прыйсці на ўчасткі для галасавання.

Паводле слоў А.Фралова, такім чынам у Мінску прагаласавала 40 грамадзян Расіі. Апрача таго, удзел у галасаванне ўзялі 11 расійскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў мінскім СІЗА.

Паводле даных МУС, усяго ў Беларусі пражывае каля 70 тыс. грамадзян Расіі, палова з іх стаіць на консульскім уліку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?