Кітайскі інтэрнэт-рэгулятар ўзмацніў абмежавальныя меры з прычыны распаўсюду ў сетцы чутак ў сувязі з выбухам у горадзе Цяньцзінь на поўначы краіны.

Пра гэта ў нядзелю, 16 жніўня, паведамляе кітайскае інфармацыйнае агенцтва Сіньхуа са спасылкай на заяву Адміністрацыі па кіберпрасторы Кітая (Cyberspace Administration of China, CAC), якая было распаўсюджаная позна ўвечары 15 жніўня.

50 сайтаў былі абвінавачаныя ў правакаванні панікі: яны публікавалі непацверджаныя звесткі або дазвалялі сваім наведвальнікам распаўсюджваць беспадстаўныя чуткі, цытуе паведамленне «Нямецкая хваля».

Адміністрацыя абвясціла пра палітыку «нулявой цярпімасці» да сайтаў, якія распаўсюджваюць інфармацыю, якая датычыцца буйных катастроф и не адпавядае рэчаіснасці.

У прыватнасці, на заблакаваных сайтах сцвярджалася, што выбух «знішчыў амаль 1000 чалавек» і «гандлёвыя цэнтры ў Цяньцзіні разрабаваныя».

У Адміністрацыі па кіберпрасторы Кітая заявілі, што такія чуткі прыводзяць да негатыўных наступстваў. Ведамства адключыла і адклікала ліцэнзіі ў 18 сайтаў, а таксама замарозіла актыўнасць яшчэ на 32 рэсурсах.

Паводле апошніх дадзеных у выніку выбуху на складзе хімічных рэчываў у Цяньцзіні загінула не менш як 112 чалавек, паранена больш за 700, каля 100 чалавек застаюцца зніклымі без вестак, у тым ліку 85 пажарных.

Разам з тым АFР паведамляе са спасылкай на начальніка генштаба ваеннай акругі Пекіна, што на складзе хімічных рэчываў у кітайскім Цяньцзіні захоўваліся сотні тон атрутнага цыяніду натрыю.

Улады Кітая спрабавалі супакоіць грамадскасць тым, што нягледзячы на павышэнне канцэнтрацыі ў паветры ядавітых рэчываў у Цяньцзіні бяспечна. Аднак у суботу «Сіньхуа» паведаміла, што канцэнтрацыя цыяніду ў сцёкавых водах ў 10,9 разоў перавысіла дапушчальныя нормы на наступны дзень пасля выбухаў. З тых часоў яна знізілася, але да гэтага часу удвая перавышае норму.

Нягледзячы на гэта 16 жніўня ўлады правялі эвакуацыю насельніцтва з прылеглых да аварыі раёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?