Сьвет прыглядаецца да выбараў у Расеі з пагардай, але і прыхаваным спадзяваньнем, што недэмакратычна абраны Мядзьведзеў акажацца кіраўніком Расеі, здольным зразумець, што будучыня і Расеі, і навакольнага сьвету залежыць ад таго, ці стане Расея адкрытай дэмакратыяй. Ад таго, ці расейскія эліты будуць, як у ХІХ стагодзьдзі, лічыць сваёй задачай інкарпарацыю суседніх краінаў, а свае інтарэсы — супрацьлеглымі інтарэсам навакольнага сьвету, што прывядзе ўрэшце да аслабленьня і распаду самой фэдэрацыі. Ці наадварот, паставяць на інтэграцыю ў сусьветную эканоміку і павагі да свабоды індывіда.

Самі выбары 2 сакавіка большасьць СМІ не называе іначай як фарсам.

«Дэмакратычны рытуал быў да такой ступені дэвальваваны, што для многіх у Расеі стала ўсё адно, хадзіць на выбары ці не хадзіць», — піша нямецкая газэта «Sueddeutsche Zeitung».

На думку гэтага мюнхэнскага выданьня, Мядзьведзеву будзе «ня так проста як Пуціну», бо хоць цэны на нафту па-ранейшаму зашкальваюць, дынаміка росту расейскай эканомікі горшае.

Як вядома, Джордж Буш паглядзеў у вочы Пуціна і пабачыў у іх шчырую славянскую душу. Тады як Джон Маккейн у тых самых вачах выглядзеў толькі тры літары: К, Г і Б. У вочы Мядзьведзева пакуль нікому не ўдалося нават зазірнуць. Таму ўсім застаецца гадаць і здагадвацца, якой будзе ягоная роля і палітыка.

Француская правіцовая газэта «Le Figaro» пытаецца сабе, ці пуцінска-мядзьведзеўскі «тандэм пратрымаецца даўжэй, чым адну вясну: у Расеі традыцыйна месца было толькі для аднаго цара».

Тымчасам газэта францускіх бізнэс-колаў «Les Echos» бачыць у Мядзьведзеву асобу ў традыцыі расейскіх палітычных марыянэтак, якіх у пераходныя пэрыяды вылучалі мацнейшыя гульцы, але якія ня мелі ў сабе якасьцяў для таго, каб стаць правадырамі.

Маскоўская газэта «Время новостей» перажывае, што выбарчы вечар «быў наднуднейшы ў сучаснай гісторыі Расеі». Апазыцыйная «Новая газета» піша пра імітацыю палітычнай барацьбы паміж Мядзьведзевым і трыма псэўдаапазыцыйнымі кандыдатамі, якія насамрэч усур'ёз ня ставяць пад сумнеў манаполію пуцінскай групоўкі на ўладу.

Чуваць у сьвеце і больш аптымістычныя галасы. Гэтак, былы міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд упэўнены, што ратацыя ўлады ў Расеі дае надзею на хай паступовыя, але перамены да лепшага, што «Мядзьведзеў будзе адыгрываць большую ролю, чым многія мяркуюць, і ня будзе ні марыянэткай, ні фікцыяй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?