Я ніколі не выкладвала свае асабістыя думкі ў фэйсбуку, але сённяшнее здарэнне вымушае мяне гэта зрабіць.У акцёраў гэта называецца «не магу маўчаць».

Зранку зайшла ў бібліятэку, каб узяць дзецям кнігі. У ёй я ўпершыню, таму запісваюся. Бібліятэкарка запытвае, колькі дзіцяці гадоў. Па маім адказе разумее, што не дзіцяці, а дзецям, якіх чацвёра. Тады, гледзячы на мой жывот, запытвае:

— Гэта што, пятае?

— Так.

— Гэта для кватэры?

— Што??????????????

Кожны раз, калі я чую гэтае пытанне, хочацца верыць, што мне падалося, што я нешта не так зразумела. Але, на жаль, не падалося. Пытанне было: «Гэта для кватэры?» Тады я проста слупянею і нічога не магу сказаць.

Але выраз майго твару адназначна змяняецца, і жанчына, апраўдваючыся, кажа:

— Многа хто так робіць.

— Жах, — усё, што я змагла ей адказаць, і хутчэй адтуль пайшла, бо думала, што выбухну. 

Адтуль я паехала забіраць дзяўчатак з музычнай школы, сустракаць з імі Піліпа, каб яго адвесці на англійскую мову. А ён прывёў мне Аліву, бо яна яшчэ маленькая, каб заставацца дома адна, таму ўсіх астатніх дзяцей развозіць па занятках разам са мной.

Увесь час у галаве стаяла пытанне «Гэта для кватэры?»

І я падумала, а што, калі б зараз камусьці з маіх дзяцей, а лепш усім адразу, сказаць, што яны каштоўны для нас толькі таму, каб на іх нам далі большую кватэру. Мы ж ужо пяць гадоў усе жывём у двухпакаеўцы. Яны павінны зразумець.

Чаму не? Давайце скажам ім, тым, для каго мы, бацькі, самыя важныя і неабходныя, ад якіх яны чакаюць моцнай рукі, якая прывядзе іх у дарослае жыццё, і вялікага шчырага сэрца, у якім ёсць неабходнасць іх любіць, пакрываць і прабачаць ім іх памылкі, давайце скажам нашым дзецям, што прыход іх на гэтую Зямлю не дзеля іх вялікага паклікання, а пытанне ў 20 кв.м. Але ж ім гэтыя лічбы незразумелыя, яны нават усміхнуцца. Таму скажам прасцей: «вы нясвоечасовыя, непатрэбныя, проста лішнія… Давайце?»

Я ехала і задавала сабе сто пытанняў. Калі наша грамадства апынулася ў стане, дзе дзеці сталіся жахлівым цяжарам, жыццё стала смеццем?

Грамадства, дзе на цяжарную жанчыну з чатырма дзецьмі ўвесь час аглядаюцца і спачувальна ўздыхаюць. Як жа так? У якім стане мы знаходзімся, што многія сем'і нараджаюць дзяцей, каб палепшыць свой жыллёвы стандарт. А тыя, хто не нараджае і не марыць пра вялікую сям'ю,думаюць пра шматдзетныя сем'і, што імі кіруе не любоў да дзяцей, а толькі жаданне жыцця ў новай вялікай кватэры. 

Жыццё перастала быць для нас каштоўнасцю?

Дзеці абцяжарваюць настолькі, што бацькі не дачакаюцца, калі скончацца выходныя, каб зноўку адправіць гэтых монстраў у садок, школу ці яшчэ кудысьці. Я чую: «Які жах, ты выхоўваеш іх дома. Я думала, табе стане лягчэй з пачаткам навучальнага года».

Я зноў слупянею ад гэтых фраз, хаця пара ўжо да іх прызвычаіцца.

Таму лепш я пайду спаць, бо ўжо позна, і думкі блытаюцца. І, канечне ж, мне трэба ўзнавіць сілы, каб заўтра рана прачнуцца — любіць, абдымаць, адказваць на неймаверную колькасць пытанняў, выхоўваць, навучаць, сядзець разам гадзінамі за падручнікамі, за фано, разбірацца ў нотах, гатаваць, усміхацца, сумаваць, хвалявацца, памыляцца разам, у адказ увесь час чуць «я так моцна цябе люблю». Каб уначы зноў упасці без сіл, ведаючы, што быць бацькамі — гэта вялікая адказнасць. Што дзеці — гэта дар Нябёсаў. Што яны — вялікая каштоўнасць для Бога, а значыць і для мяне. І што сёння гэта складаная праца, але ад яе будзе залежаць, кім стануць мае дзеці. Ці змогуць яны стаць людзьмі, якія будуць сціраць са свядомасьці нашага грамадства сумнае, адмоўнае ўяўленне пра шматдзетныя сем'і.

Ніколі раней я не хацела казаць пра гэта ці хваліцца сваёй сям'ёй. Хіба што журналісты ў інтэрв'ю заўсёды спытаюцца пра дзяцей ды выхаванне. Але сёння мне хочацца пра гэта крычаць. Развесіць бы па ўсім горадзе борды і рэкламу са шчаслівымі шматдзетнымі сем'ямі з надпісам «Шчасце, а не 20 кв.м». Менавіта шчаслівымі, бо я такіх ведаю нямала.

Што думаеце Вы? Хто для Вас дзеці???

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?