03.03.2008 / 19:02

Вэнэсуэла на мяжы вайны з Калюмбіяй дадаліся зьвесткі пра ўзброеныя сілы краінаў 9

На баку Каракаса гатовы выступіць Эквадор.

Эквадор сьцягнуў войскі да сваіх паўночных межаў, да мяжы з Калюмбіяй і выслаў з краіны калюмбійскага пасла. Для кансультацый адкліканы і пасол Эквадору ў Калюмбіі.

Прычынай дыпляматычнага канфлікту стала апэрацыя калюмбійскай арміі, падчас якой на эквадорскай тэрыторыі былі забітыя асоба нумар два ў паўстанцкіх Рэвалюцыйных узброеных сілах Калюмбіі (ФАРК) Рауль Рэес і міністар замежных справаў у падпольным урадзе ФАРК.

Рэйд на тэрыторыю Эквадору пацьвердзіў тое, пра што даўно гаварылася: Эквадор, а магчыма, таксама і Вэнэсуэла дазваляюць калюмбійскім партызанам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ў якасьці базы. Гэта стала асабліва важна пасьля таго, як калюмбійскія войскі на чале з энэргічным прэзыдэнтам Альвара Урыбэ дасягнулі значных посьпехаў у барацьбе з ФАРК. Калі 10 гадоў таму герылья кантралявала каля паловы тэрыторыі краіны, то цяпер зона канфлікту скарацілася да траціны краіны.

ФАРК вядзе партызанку ўжо 40 гадоў. Напачатку за ФАРК стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што ФАРК скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы перамянілі пазыцыю.

Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, злыя на Урыбэ за ягоны цесны хаўрус з ЗША, скарысталі нагоду калюмбійскія рэйду для атакі на «марыянэтку дзядзі Сэма».

Прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа ў выступе па нацыянальным тэлебачаньні заявіў:

«Гэта скандал! Мы выказваем рашучы пратэст! Бо гаворка вядзецца пра самы сапраўдны акт агрэсіі супраць нашай краіны. Мы пойдзем да канца, мы высьветлім, што азначае гэта скандальная агрэсія на тэрыторыі нашай радзімы, супраць нашай тэрыторыі».

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы пайшоў яшчэ далей. У нядзельнай тэлепраграме «Алё, прэзыдэнт» Уга Чавэс расцаніў крокі узброеных сіл Калюмбіі па зьнішчэньні баевікоў ФАРК на эквадорскай тэрыторыі як найгрубейшае парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці сувэрэннае краіны. У жывым этэры Чавэс даў указаньне міністру замежных спраў замкнуць пасольства Вэнэсуэлы ў Калюмбіі. Загад атрымаў і міністар абароны.

«— Спадару міністар, адразу накіруйце да калюмбійскай мяжы 10 батальёнаў, танкі і авіыяцыйныя падразьдзяленьні.

‑ Ёсьць!

‑ Абвяшчаю ў краіне найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці! Мы падтрымліваем Эквадор».

Таксама Чавэс вельмі цёпла выказаўся пра забітага лідэра калюмбійскіх паўстанцаў Рауля Рэеса, назваўшы яго слаўным хлопцам, сапраўдным рэвалюцыянэрам.

У сваю чаргу, урад Калюмбіі абвінаваціў прэзыдэнта Эквадору Рафаэля Карэа ў супрацоўніцтве зь леварадыкальнымі паўстанцамі ФАРК. У якасьці доказу былі прадэманстраваныя дакумэнты, нібыта знойдзеныя на базе баевікоў ФАРК, у тым ліку матэрыялы аб кантактах лідэраў ФАРК з эквадорскаю спэцслужбай, кіраўнік якой — блізкі сябар прэзыдэнта краіны.

Праўда, на дыпляматычным узроўні ад імя свайго ўраду міністар замежных спраў Калюмбіі выбачыўся перад Эквадорам за парушэньне яго мяжы.

У панядзелак Карэа таксама перасунуў войскі да мяжы з Калюмбіяй. Гэта паставіла рэгіён ня мяжу вайны.

Канфлікты ў гэтай зоне здараліся нярэдка. Гэтак, Эквадор у 1981 і 1995 гадах двойчы ваяваў зь іншым суседам — Пэру.

На думку многіх назіральнікаў, у вайне асабліва зацікаўлены Чавэс, папулярнасьць якога ўпала.

МБ

Вэнэсуэла

Вайсковы бюджэт (2007): $2.56 млрд

Узброеныя сілы: 115,000

Рэзэрвісты: 8,000

Танкі: 81

Лёгкія танкі: 109

Бронетранспарцёры: 71

Баявыя верталёты: 13

Баявыя самалёты: 104

Падлодкі: 2

Баявыя караблі: 6

Калюмбія

Вайсковы бюджэт (2007): $5.10 млрд

Узброеныя сілы: 254, 259

Рэзэрвісты: 61,900

Бронетранспарцёры: 228 plus

Баявыя верталёты: 31

Баявыя самалёты: 115

Падлодкі: 4

Баявыя караблі: 4

Эквадор

Вайсковы бюджэт (2007): $918 млн

Узброеныя сілы: 57,100

Рэзэрвісты: 118,000

Лёгкія танкі: 24

Бронетранспарцёры: 123

Баявыя верталёты: 18

Баявыя самалёты: 57

Падлодкі: 2

Баявыя караблі: 8

Крыніца

0
Бомба / Адказаць
03.03.2008 / 19:26
Ну вось, як i чакалася , Расея распалиць новую вайну рукамi дурня Уга, а наута падаражэе.
0
Бомба / Адказаць
03.03.2008 / 19:27
А другi дурань пабудуе АЭС у Эуропе... Няхай цалуюцца у Давосе.
0
Дарык / Адказаць
03.03.2008 / 23:59
А чаму б не падумаць, што ў вайну Чавеса ўцягваюць янкесы, каб аслабіць яго і без таго слабыя пазіцыі ў краіне? Перамогі ж над Калумбіяй яму не бачыць, а вось грошыкі падрастрасе, а карміць народ трэба. Хаця пры сацыялізме зусім неабавязкова. Вось на тое і ідзе разьлік амерыкосаў.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру