Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанні ўдасканалення сістэмы прыёму ў ВНУ.
Такую задачу ён паставіў сёння, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова.
Кіраўніку дзяржавы было паведамлена аб тым, як прайшла ўступная кампанія ў краіне. Па словах міністра, выкананы ўсе кантрольныя лічбы прыёму ў навучальныя ўстановы, асабліва на бюджэтнае навучанне і на тыя спецыяльнасці, якія з'яўляюцца запатрабаванымі для эканомікі краіны.
Лукашэнка паставіў задачу па далейшым удасканаленні сістэмы прыёму, асабліва ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, сістэмы цэнтралізаванага тэставання. Кіраўніку дзяржавы паведамлена аб прапановах Міністэрства адукацыі, планаваных зменах з наступнага года ў прыёмнай кампаніі.
У прыватнасці, будзе вырашацца пытанне аб здачы чатырох прадметаў на ЦТ, аб падачы дакументаў адначасова ў некалькі ВНУ па аднолькавым профілі.
Акрамя таго, разглядаюцца некаторыя тэхнічныя змены, якія тычацца самой працэдуры правядзення цэнтралізаванага тэставання.
Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што гэтыя пытанні будуць прапрацаваныя і вынікі прадстаўленыя будучым абітурыентам.