Гомельскі абласны суд 18 жніўня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхароў Гомеля — жанчыны 1983 года нараджэння і мужчыны 1979 года нараджэння. Яны абвінавачваюцца ў забойстве (арт. 139 КК) і пакіданні ў небяспецы (арт. 159 КК) сваіх малалетніх дзяцей. 

У студзені 2015 года ў пад'ездзе дома № 46 па вуліцы Мазурава ў абласным цэнтры быў знойдзены нованароджаны хлопчык.

Міліцыя занялася пошукам яго бацькоў, якія прывялі да страшнай знаходкі: у замкнёнай кватэры мужчыны было знойдзена муміфікаванае цела трохмесячнай дзяўчынкі. Ахвяра праляжала ў кватэры восем месяцаў. Яе кінулі ў маі 2014 года, а цела знайшлі ў студзені 2015-га. Увесь гэты час біялагічныя бацькі Сняжаны, якія пакінулі дзяўчынку паміраць, бадзяліся.

У снежні 2014 года жанчына нарадзіла хлопчыка і падкінула немаўля ў пад'езд жылога дома. Усяго ў жанчыны было пяцёра дзяцей, траіх старэйшых (2002, 2006 і 2007 года нараджэння) выхоўвае бабуля. 

Паводле абвінавачання, выстаўленага на папярэднім следстве, бацькі наўмысна пакінулі дачку без нагляду, бо былі ўпэўненыя, што без кармлення і догляду яна памрэ. Замкнуўшы ўваходныя дзверы на замок, абвінавачваныя ў кватэры больш не з`яўляліся. Прызнана, што абвінавачваныя знаходзяцца ў сваім розуме. Прычына смерці трохмесячнай Сняжаны не ўстаноўлена ў сувязі з муміфікацыяй і частковым скелетаваннем, адсутнасцю ўнутраных органаў. 

У судзе 18 жніўня была дапытана абвінавачваная, 32-гадовая Віялета.

Яна часткова прызнала віну, растлумачыўшы, што не хацела смерці дачкі, а сышла з кватэры і не вярталася, таму што была п`яная і не разумела, што робіць. Жанчына, паводле яе слоў, спадзявалася, што дзіця будзе плакаць і яго знойдуць. Пакідаючы ў студзені 2015 года ў пад'ездзе дома нованароджанага хлопчыка, абвінавачваная, паводле яе слоў, таксама спадзявалася, што немаўля хто-небудзь знойдзе.

Жанчына на следстве і судзе неаднаразова мяняла паказанні. Пры затрыманні яна сцвярджала, што Сняжану задушыў біялагічны бацька падчас сваркі. Сварыліся сужыцелі з-за грошай: Віялета расказала сябру, што яна са сваёй маці атрымала дапамогу на Сняжану ў суме 23 млн. рублёў. Сужыцель знерваваўся, што гэтыя грошы не дасталіся яму, а ён хацеў купіць мабільны тэлефон, і пачаў скандаліць.

Паводле адных паказанняў абвінавачванай, Максім раззлаваўся, што яму не дасталіся грошы, і задушыў дзяўчынку са словамі «Ні сабе, ні людзям», а затым яны замкнулі кватэру і пайшлі бадзяцца. На вочнай стаўцы жанчына змяніла паказанні і заявіла, што сужыцель не забіваў дзіця, яны ўдваіх напіліся і пайшлі гуляць. Потым у кватэру не вярталіся, таму што Віялета «баялася». 

На судзе жанчына расказала, што на першым допыце ў студзені 2015 года агаварыла сужыцеля, бо оперупаўнаважаны сказаў ёй, быццам Максім прызнаўся, што задушыў дзяўчынку. Паводле слоў абвінавачванай, оперупаўнаважаны ўдарыў яе па галаве кнігай два разы, таму яна і дала такія паказанні. 

Жанчына дае супярэчлівыя паказанні пра акалічнасці і дэталі ўчынення злачынства. Таксама на папярэднім следстве яна не магла растлумачыць прычыны і матывы сваіх учынкаў, казала, што «чорт спакусіў». 

Абвінавачваны віну прызнае часткова, сцвярджае, што ён з сяброўкай проста пайшлі з кватэры, калі Сняжана была яшчэ жывая і спала, і намеру пазбаўляць яе жыцця не было.

Мужчына будзе дапытаны ў судовым пасяджэнні 19 жніўня. 

Хлопчыка, якога неўзабаве пасля родаў жанчына ў студзені кінула ў пад'ездзе, ужо ўсынавілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?