Надакучлiвы званок тэлефона пабудзiў Максiма, змушаючы яго збiрацца на цягнiк. Хлопец спачатку прыняў яго за будзiльнiк, але тэлефон званiў i званiў. З кухнi, дзе ўжо снедалi бацькi, даносiўся галаслiвы, нязвыклы для шэрага ранку, шум. Адзеючы кашулю, хлопец пасунуўся да пярэдняга пакоя. Ён убачыў, як мацi прыцiснула cлухаўку мiж плечуком i вухам, адначасова памешваючы нешта ў рондалi. Яна гаварыла хутка: «Мы прыедзем да цябе сёння. Не… пачакай… заўтра. Ты толькi не перажывай. Добра, што выклікаў хуткую. Мо Максім пад’ехаў бы..Зараз… адна хвiля…

— Максiм, у якой бальнiцы сёння твае заняткi?

— У N, — не задумваючыся, адказаў сын.

Маці, пераклаўшы трубку да другога вуха, каб лыкнуць кавы, працягвала:

— У Максiмкi заняткi будуць сёння ў той бальнiцы, куды цябе, напэўна, павязуць. І мінулы раз вазілі туды ж. Мы з Толем не зможам прыехаць. У мяне праверка на працы, а Толя iдзе ў рэйс. Непярэлiўкi адны. Добра, папраўляйся, татачка. Максім пад'едзе.

Мацi паклала слухаўку, дамешваючы аўсянку на плiце. Бацька сядзеў з фiлiжанкай кавы, намазваючы скiбку хлеба маслам.

— Што здарылася? Дзед у бальнiцы? — запытаўся хлопец.

— Пакуль не. Але, пэўна, павязуць, як i ў мiнулы раз. У яго сардэчны прыступ, як звычайна. Ты ж ведаеш дзеда. Вечна хуткую выклiкае, усе пiгулкi папакупляў. Табою ён добра вучаны. Пераведаеш яго сёння, гасцiнец якi занясеш. Усё, я мушу бегчы, аўсянка на фаерцы, кава ў кававарцы. Не забудзь усё павыключаць i замкнуць.

Мацi знiкла, пакiнуўшы за сабою густы пах парфумы. За ёю, спехам дапiваючы каву, збiраўся бацька. Ён, абуты на адну нагу, шукаў свой другi чаравiк, якi знесла ў залу котка.

— Вось падла, — капануў яе нагой бацька, апранаючы плашч.

Ён моўчкi пераглядаў змесцiва свайго дыпламата.

— Нешта наш дзед зусiм расклеiўся, трэцi раз запар хуткая забiрае. Хоць, каб сапраўды яму што было сур’ёзнае, даўно памёр бы. Гэты ты нешта са сваiм iнстытутам павыдумляў. Франтавiкоў халера нiякая не бярэ. Гэта, мусiць, Віталiк там залiваецца. Але ўсё будзе добра, — адрэзаў бацька i зачынiў дзверы.

* * *

Праз паўгадзiны Максiм плёўся на паўстанак. Ён, студэнт трэцяга курса iнстытута, заўсёды трывожыўся пра сваякоў, калi iм нешта балела. Бацьку пастаянна накiроўваў здаваць аналiзы на халестэрын i «цукар». Маці ўпрошваў схадзiць на УГД (УЗI). Аднойчы прадухiлiў страшныя наступствы для яе, угледзеўшы на носе бародаўку. Яна аказалася злаякаснай, і своечасовае выдаленне ўратавала мацi жыццё. Але хлопец зацыклiваўся на медыцыне настолькi, што нават не заўважыў, як змянiлася кола яго блiзкiх сяброў, у якiм ужо не было нiводнага нямедыка. І сам ён стаў больш хваравiтым, амаль штогод спажываў антыбiётыкi.

Гады навучання ва ўнiверсiтэце мянялi ўсiх студэнтаў. Хтосьцi пераставаў палохацца хваробаў i смерцi, зразумеўшы непазбежнасць апошнiх; хтосьцi «кiдаўся ва ўсе цяжкiя» — у ёгу i ўсходнюю фiласофiю. Найбольш старанныя, былыя школьныя «батанiкi», прымяралi кожны сiмптом на сябе, «перахварэўшы» падчас унiвера на ўсё. І Максiма гэта не абмінула. Яго бясконцыя медычныя размовы мог трываць толькi адзiн чалавек, яго дзед Васiль. Дзед жыў у Мiнску з сынам Вiталiкам. Вiталік — сын ад першага шлюбу, зводны брат мацi, пасялiўся ў дзеда гадоў дзесяць таму. Ён — афганец, нiдзе не працаваў i амаль штодня пiў.

…Праз свой роздум Максiм не надта спяшаўся i не глядзеў на гадзiннiк.

* * *

Бiтаю сцежкаю, сярод маладога ельнiку, сунулiся сонныя i абыякавыя людзi. Больш сталыя, паважныя, у чорных гарнiтурах, абганялi маладзейшых. Кабеты з торбамі i бабы з вазкамі цягнулiся ўсярэдзiне. Студэнты з навушнiкамi ўвушшу засяроджана iшлi нацянькi, каб скарацiць шлях па імшастым куп’i, стараючыся не ўступiць у гразкае балота ўчорашніх лужын. Людзі перыферыйнага горада спяшалiся на ранiшнюю электрычку да сталiцы. Недзе ззаду плёўся Максiм. Нарэшце ўзлесак скончыўся, i перад вачыма адкрыўся паўстанак. Людзi стрымгалоў мкнулi, каб заняць чаргу раней. Да хуткаснай электрычкi на Мiнск заставалася пяць хвiлiн. Больш нахабныя давалi грошы пярэднiм у чарзе, каб тыя iх выручылі, за што былi увобмiрг аблiтыя славеснай гразёй i нават пагрозамi фiзiчнай расправы. Максім купiць бiлет ужо не меў шанцаў.

Хлопец сядзеў у вагоне. Чакаў новых уражанняў, ад цiкавага новага прадмета анестэзiялогii. Не пакiдала і трывога пра дзеда. Пэўна, нiчога сур’ёзнага быць не магло. Звычайны сардэчны прыступ. Максiм нястомна дзёўб дзеду, што яму канечне трэба штодня ўжываць прэпараты, нудна i доўга тлумачыў, якiя ад цiску, а якiя ад стэнакардыi. Настойваў, што любы пякучы загрудзiнны боль, якi не здымаецца нiтраглiцэрынай, мусiць быць нагодай да выклiку хуткай. А стары, якi штодня енчыў, што хоча памерцi, у моманты прыступаў пераставаў храбрыцца, прасiў аб помачы i пазiраў спалоханымi вачыма. I пасля таго, як хуткая цi сам унук (які, дарэчы, трохi вучыўся на дзеду, скалоўшы яму ўсе вены) купiравалi прыступ, дзед гучна прамаўляў:

— Я яшчэ два вякi жыцьму. А гэтыя падлы мне ўсе жылля спаролi. Цяпер усе дактары-прафесары, —гаварыў дзед i пагражаў нейкай невядомай сiле ў паветры кулаком.

 Ён быў вельмi няўдзячным пацыентам: прапускаў прыём прэпаратаў i піў iх толькi на свае вострыя сiмптомы. Максiм злаваў, i сёння збіраўся яму пра гэта расказаць. Добра, што анестэзiялогiя будзе доўжыцца два тыднi ў тым самым шпiталi, куды часта клалi дзеда. Ён будзе заходзiць да яго штодня.

Максiма ўжо зацята кратала за плечы правяральнiца бiлетаў. Не могучы прад'явiць анiчога, ён мусiў заплацiць штраф…

 

* * *

Сябра-аднагрупнiк чакаў Максiма ля ўвахода ў бальнiцу, i яны пабеглі па сходах наверх. Мiнулі буфет, краму з iконамi (чамусьцi у кожнай бальнiцы яны былi), увайшлi на трэцi паверх. Заняткi пачалiся ўжо даўно. Выкладчык, як прынята ў панядзелкi, павёў вучняў на галоўны абыход. Абыход быў вялiкi. На iм прысутнiчала ганаровая дэлегацыя: прадстаўнiк ад кафедры, загадчык цi прафесар, загадчыкi анестэзiялагiчнага, хiрургiчнага і тэрапеўтычнага аддзялення, палатныя дактары, клiнардынатары, студэнты, меншыя i большыя. Дактары малыя i вялiкiя, старыя i маладыя. Розных тытулаў i званняў. Перад уваходам у рэанiмацыю стаяла варта з медсёстраў-практыкантак. Яны сачылi за парадкам: студэнты без адпаведнага дрэскоду ўвайсцi ў рэанiмацыю не маглi. Кожны мусiў мець на галаве шапачку, на роце маску, а паверх зменнага абутку яшчэ i бахiлы. Загадчык аддзялення, высокая рудая жанчына, якая тварам аддалена нагадвала саву, iх пад'юджвала:

— Клапацiцеся найперш аб сабе. У рэанiмацыi поўна ўсякiх пацыентaў, у тым лiку з актыўным туберкулёзам. Дый наогул, хочаце, каб валасы мелi пах мачы i гною, прыходзьце без шапачак.

Дэлегацыя ўвайшла ў першую палату. Медыкаў было так шмат, што не ўсе змяшчалiся ў ёй. Многiя студэнты чакалi на калiдоры: не ўсе хацелi звязаць сваё жыццё з рэанiматалогiяй, а камусьцi было і страшна. Але ахвотных паглядзець было болей, перавага аддавалася апошняму курсу, якi спецыялiзаваўся па анестэзiялогii i цяпер праходзiў субардынатуру. Яны дапамагалi дактарам: падключалi пацыентаў да наркозных апаратаў, манітораў, апаратаў штучнай вентыляцыi лёгкiх, праводзiлi iнтубацыю трахеi*. Праўда, спачатку iм давалi практыкавацца толькі на памерлых, каб набiць руку.

Максiм, студэнт малодшых курсаў, не ўсё разумеў. Ён углядаўся ў хворых, якiя ляжалi на койках нерухома, падключаныя да апаратаў i манiтораў. Прыслухоўваўся да урачоў i намагаўся зразумець сутнасць iх дакладаў. Глядзеў на аблiччы дактароў. Сярод усiх яму неяк падабаўся загадчык аддзялення рэанiматалогii. Гэта быў высокi бялявы мужчына з хвалiстымi валасамi, зачасанымi назад. Ён нагадваў Максiму сярэднявечнага рыцара, i хлопец дамалёўваў у сваім уяўленні каня i даспехi. Незвычайным было і тое, што доктар насiў пенснэ на ланцужку — гэткая старасвецкасць дадавала яму таямнiчасцi i з'яўлялася таўром таемнай мудрасцi. Уласна, ён стаяў каля ложка хворага старога i дакладаў хiрургу i загадчыку тэрапii аб стане хворага:

— Пацыент Мурашка 1934 г.н., другія суткi пасля аперацыi Гартмана, з прычыны раку тоўстай кiшкi…

Хірург хутка гартаў гісторыю хваробы, шукаючы адпаведныя аналізы. «Жанчына-сава», неяк пахiтваючы галавою, спрабавала зазірнуць у гiсторыю, што была ў руках хiрурга.

Максiм пазiраў на хворага. Ён быў у прытомнасцi. Дактары мацалi па чарзе каластому, пальпавалi жывот на прадмет магчымых iнфільтратаў. Пыталiся пра здароўе хворага, i нарэшце кожны прысутны слухаў жывот, каб учуць перыстальтыку…

Яны iшлi хутка. Над кожным пацыентам зачытвалi лабараторныя аналiзы, дадзеныя даследаванняў. Вырашалi, каго пераводзiць у профiльныя аддзяленнi, а каго яшчэ пакiнуць у рэанiмацыi.

Пацыентаў было многа, хтосьцi быў у стане алкагольнага дылiрыя, нехта пакутаваў на панкрэатыт, некаторыя былі тут заўсёднікамі. А старыя бабкi, якіх сваякi спiхвалi ў бальнiцу i не хацелi нiзавошта забiраць дамоў, увогуле былi адхіленыя дактарамi.

— Гэтая дама iзноў тут. Ну, з ёй усё ясна, — казала «жанчына-сава». — Такое дарагое койка-месца займае, i незразумела, чаму ў рэaнiмaцыi.

— У яе гэтым разам мезатрамбоз. Днямi рабiлi лапарацэнтэз, кiшкi чорныя, — адказваў хiрург.

— Дык нашто ў рэанімацыю адпраўляць? — Сава не суцішалася. — Яна магла i дома адысцi да праайцоў, сярод блiзкіх i родных!..

Шляхетны рэанiматолаг казаў:

— Калегi, я чую перыстальтыку. У яе ёсць надзея.

Студэнты пазiралi няўцямна, перапiхвалiся, каб падысцi i тыцнуць на жывот бабкi свой стэтаскоп. Хірургi пасмейвалiся.

Яны падышлі да наступнага пацыента.

— Пацыент Улаховiч, паступiў толькi што з аддзялення з клінiкай леважалудачкавай недастатковасцi. На кардыяграмах абшырны iнфаркт. Пацыент задыхаецца, трэба яшчэ рабiць рэнтген грудной клеткi пасля. Бо макрота таксама шэрая.

— Ды дзядок не жылец, яўна, — казаў палатны кардыёлаг.

Максім пазнаў дзеда. Хлопца ўсяго сцiснула, адняло мову. Дзедаў твар навастрыўся i неяк пацямнеў. Унук намагаўся нешта сказаць, да некага звярнуцца. I ва ўсiх кiшэнях адчайна шнарыў, шукаючы тэлефон. Трэба было званiць, i хутчэй.

— Ну, што я магу сказаць, — гаварыла жанчына-сава, водзячы пальцам па крывой лінii кардыяграмы. Я хачу сказаць… я мушу сказаць, — так i не заканчваючы сказ, працягвала яна.

— Дзе мае студэнты? Глядзiце, што ў пацыента.

Студэнты адзiн за адным разбiралi кардыяграмы. Перашэптвалiся, раiлiся, некаторыя торкалi ў тэлефон, i iх увагу цяжка было прыцягнуць.

—Надзеi ўвогуле мала, — казаў рэанiматолаг.

— Працягвайце тэрапiю, няхай будзе што будзе.

 

Сонм дактароў пайшоў далей. Максiм пацягнуўся за ўсiмi, яму няёмка было сказаць, што гэта ягоны дзед. Пацыент Улаховiч ужо быў за спiнамi, увага дактароў была скiраваная на тоўстага астматыка. Максім больш не мог трываць, ён прабiраўся сярод студэнтаў i дактароў да выхаду. Яму не ставала паветра, i трэба было тэрмiнова званiць, але рэзкi рух шляхетнага рэанiматолага яго спыніў. Доктар убачыў на манiторы, што ў дзеда спынiлася сэрца. Ён сiгануў назад i пачаў нацiскаць на грудную клетку выпрастанымi рукамi. Медсястра кiнулася за iм.

— Пакiньце, пакiньце, Барысавiч. У аддзяленнях — чарга з пацыентаў. Маладзейшыя i здаравейшыя. Яны чакаюць, — прамаўляла грубая медсястра і, здавалася, гатовая была ўчапiцца за доктаравы рукі.

— Але я мушу… Я абавязаны, — казаў высокi i зграбны рэанiматолаг, з белымi валасамi, крыху хвалiстымi, зачасанымi назад. Высакародныя, нардычныя, правiльныя рысы твару спалучаліся з тонкай меладычнасцю голаса, выдавалі пэўную iнтэлігентую мяккасць, бязмерна слабую супроць вульгарнай сiлы медсястры.

— Не мучце дзеда, ён усё адно памрэ. А тут столькi студэнтаў, павучацца iнтубiраваць заадно.

Вочы маладых дактароў успыхнулi. Ужо нiхто не глядзеў на астматыка.

— Я павiнен. Хтосьцi са студэнтаў, бярыце мяшок для штучнага дыхання, — мовiў доктар, масажуючы пацыенту сэрца.

— Якi мяшок? Паглядзiце на дзедавы ногi: яны чорныя, — медсястра падвышала голас.

— Ладна. Так, можа, і лепей.

Рэанiматолаг з сашчэпленымi далоньмi адыходзiў ад ложка, саступаючы дарогу медсястры, якая ўвiшна адключала дзядка ад анестэзіялагiчнага рыштунку.

Чарга шасцiкурснiкаў выстраiлася ў выгiнастую каляю. Сярод iх былi не толькi студэнты, былi клiнiчныя ардынатары, якiя прыехалi ў Мiнск вучыцца. Самымi апошнiмі стаялі маладыя дактары: у дзеда была складаная будова гартанi, i гэта яшчэ адзiн практычны навык. Запал студэнтаў перабiў раздражнёны воклiч медсястры:

— Калi труп у палаце, дык вазьмi заслону i загарадзiся ад астатнiх пацыентаў, а то навастрыўся ўжо! — казала яна першаму студэнту ў чарзе.

Пакуль хлопец хадзіў у кут па заслону, яго чарга прапала. Ён паставiў загародку i звярнуўся да Максiма:

— Малы, мо хочаш паўдзель-нiчаць?

Юныя медыкі iнтубiравалi, прытомныя пацыенты трывожна пераглядалiся.

Максім не ведаў, што рабiць. Можна было крычма крычаць на ўсю рэанiмацыю, што гэта ягоны дзед, цi, стаўшы ў канец чаргi, чакаць, пакуль яна скончыцца, каб развiтацца з iм. А можна было цiха сысці i паведамiць мацi жалобную вестку.

Але ў любым выпадку, яму, як прадстаўнiку самай маруднай нацыi ў свеце, варта было падумаць.

***

*Iнтубацыя трахеi — вельмi важны практычны навык для падрыхтоўкi доктара-рэанiматолага, праводзiцца бадай перад любымi аперацыямi, калi патрэбны наркоз цi агульная анестэзiя. Cутнасць прыёму у тым, каб уставiць адмысловую трубку ў трахею.

***

Мікіта Волкаў Нарадзіўся ў 1992 у Барысаве. Скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0