Эрых з бацькам

Трохгадовы хлопчык з Магілёўшчыны ўжо некалькі тыдняў жыве ў баварскіх Альпах. Ён мае адразу два пашпарты — беларускі і нямецкі.
Калі малому споўніцца 16 гадоў, ён, паводле беларускага заканадаўства, будзе выбіраць: грамадзянінам якой менавіта краіны яму стаць.

Cуразмоўца Свабоды — актывіст кёльнскай дабрачыннай ініцыятывы «Hilfe fur Tschernobyl—geschadigte Kinder« Вілі Фрон — параўноўвае гэтую гісторыю з казкай.

Год таму ў часе наведаньня дзіцячага дому на Магілёўшчыне ў Чарнобыльскай зоне, яго пазнаёмілі з маленькім Эрыхам Эрыхавічам — двухгадовым сымпатычным хлопчыкам—сіратой. «Адкуль такое небеларускае імя?» — пацікавіўся спадар Фрон. У адказ пачуў, што бацька сіраты, нібыта — немец. Аднак дакладна гэтага ніхто ня ведае, бо маці хлопчыка памерла неўзабаве пасьля яго нараджэньня.

Па вяртаньні ў Кёльн у Вілі Фрона зьявілася авантурнае, як ён кажа, жаданьне знайсьці Эрыха‑старэйшага.

Даволі выпадкова ён даведаўся прозьвішча меркаванага бацькі. Яно было даволі распаўсюджаным для Нямеччыны — Шорц.

«Нарэшце, шляхам шматлікіх тэлефанаваньняў, я знайшоў таго, каго шукаў. Гэта быў 38‑гадовы кіўбасьнік з Баварыі, даволі заможны чалавек. Ён слухаў мяне зь недаверам, аднак пацьвердзіў, што сапраўды: у яго жыцьці было рамантычнае каханьне з. жанчынай з Магілёву. Ён нават запрасіў яе да сябе ў госьці. Некалькі месяцаў яны пражылі разам.»

Намеры баварца былі сур’ёзнымі. Ён прапанаваў каханцы зарэгістраваць шлюб. Калі жанчына зацяжарыла, Шорц адвёз яе на мэдычнае абсьледаваньне. Вынікі былі нечаканымі. Лекары дыягнаставалі ў будучай маці цяжкую хваробу і раілі ёй спыніць цяжарнасьць. Неўзабаве сяброўка Эрыха заявіла, што едзе ў Беларусь, бо хоча зрабіць аборт менавіта там. Пасьля ад’езду ўсе яе кантакты з Шорцам спыніліся. Баварац вырашыў, што былая каханка зрабіла аборт і больш ня хоча мець зь ім нічога агульнага.

Калі я ўзяў малога на рукі, у мяне ўсё абарвалася ўнутры — я адразу адчуў сябе бацькам

Калі Шорц пачуў пра існаваньне Эрыха Эрыхавіча, ён доўга маўчаў у слухаўку. Пасьля таго, як атрымаў ад Фрона фотакартку малога, зразумеў: «гэты хлопчык — копія ён у дзяцінстве».

Спачатку абодва немцы накіравалі афіцыйны запыт у Магілёў — горад, дзе нарадзіўся хлопчык. З адказу даведаліся пра адрас бацькі памерлай жанчыны. Фрон і Шорц адразу выехалі ў Беларусь.

«Мы знайшлі бацьку жанчыны. Ён жыве ў маленькай вёсцы на Магілёўшчыне, — распавядае Фрон. — Гэты чалавек мае праблемы з алькаголем. Распавёў няшмат: дачка вярнулася зь Нямеччыны цяжарнай, прабыла ў бацькоўскай хаце ўсяго некалькі дзён. Адтуль зьехала невядома куды. У іншай вёсцы, на наша шчасьце, жыў дзядуля жанчыны. Ён ведаў больш: неўзабаве ўнучка нарадзіла дзіця, а праз два месяцы пасьля яго нараджэньня памерла. Хлопчыка перадалі ў дзіцячы дом».

Нарэшце адбылася сустрэча двух Эрыхаў.

«Калі я ўзяў малога на рукі, у мяне ўсё абарвалася ўнутры — я адразу адчуў сябе бацькам», — узгадваў потым Шорц.

Дзеля ўстанаўленьня ўласнага бацькоўства баварац мусіў неаднойчы прыяжджаць у Беларусь. Кожны раз у паездках яго суправаджаў новы сябар з Кёльну — Вілі Фрон.

«Дакладна 13 сьнежня мы ізноў прыбылі ў Беларусь, у Менскі інстытут судовай медыцыны. Туды ж з Магілёву прывезьлі малога. Як паказалі вынікі экспэртызы, Шорц — 100% бацька, — распавядае Фрон. — Напярэдадні Новага году, 29 сьнежня, суд у Магілёве прызнаў яго біялягічнае бацькоўства.. Гэта азначала, што грамадзянін Беларусі Эрых Эрыхавіч, у тым ліку і паводле беларускага заканадаўства, аўтаматычна атрымлівае нямецкае грамадзянства».

Каб забраць хлопчыка з сабой у Нямеччыну, Шорцу, аднак, належала наведаць Беларусь у чацьверты раз. Вілі Фрон узгадвае:

«Сёлета 30 студзеня мы чарговым разам прыбылі ў Беларусь. Напачатку трэба было перакласьці на беларускую мову пашпарт спадара Шорца. Потым хлопчыку трэба было зрабіць беларускі пашпарт з адпаведным дазволам на выезд. Потым нам трэба было наведаць беларускія МЗС і міністэрства юстыцыі. Потым ізноў вярнуцца ў Магілёў, бо ў пастанове суду былі некаторыя памылкі. Потым ізноў Менск. У нямецкай амбасадзе малому выдалі ўжо другі па ліку — нямецкі пашпарт для выезду ў Нямеччыну.»

Паводле Эрыха—старэйшага, кожны раз у часе візытаў у Беларусь, надзеі на посьпех то пакідалі яго, то вярталіся ізноў.

«Але, дзякуй Богу, што ўсё атрымалася», — кажа шчасьлівы баварац.

Як нам паведамілі, Эрыху Эрыхавічу вельмі ўтульна ў сваім бацькоўскім доме ў Альпах. Ён часта гуляе ў вялікім сялянскім двары, які месьціцца на трох тысячах квадратных мэтрах. Малы адчувае шмат любові. У тым ліку, і з боку новай бацькавай сяброўкі. Хлопчык наведвае дзіцячы садок і ўжо ведае некалькі нямецкіх словаў: «Auto, Banane und Schwimmen gehen» (аўта, банан, ісьці плаваць). Шорц-старэйшы надзвычай ганарыцца такімі моўнымі посьпехамі сына.

Алена Струвэ, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0