Украінская інвестыцыйна-банкаўская кампанія Jaspen Capital Partners разглядае магчымасць падачы пазову ў Лонданскі суд на беларускі шматпрофільны холдынг «Трайпл». Нядаўні канфлікт Jaspen Capital Partners вакол здзелкі, у якой фігуравалі бацька і сын Япрынцавы, можа разгарэцца з новай сілай.

«Наколькі мы ведаем, абодва Япрынцавы затрыманыя і, па нашай інфармацыі, часткова гэта можа быць звязана і з нашай справай», — сказаў у каментары Tut.by адзін з заснавальнікаў «Джаспэн Кэпітал Партнэрс» Пётр Спатар.

«На гэты момант канфлікт паміж намі не вырашаны. Больш за тое, узгоднены графік плацяжоў парушаны. А кампанія «Трайпл» у асобе Юрыя Аляксандравіча [Юрыя Чыжа, асноўнага ўладальніка шматпрофільнага холдынгу «Трайпл»] адмаўляецца ад сваіх абавязацельстваў па тых дамовах, якія былі падпісаныя Уладзімірам Япрынцавым», — адзначыў ён.

Прадстаўнік Jaspen Capital Partners паведаміў, што ў бліжэйшы месяц кампанія падасць у дачыненні да «Трайпла» пазоў у Лонданскі суд. «Трайпл» не прызнае, але насамрэч паводле англійскага права абавязацельствы перад намі ў іх ёсць», — упэўнены Спатар.

Сутнасць канфліктнай сітуацыі заключалася ў наступным.

У лютым 2014 Jaspen Capital Partners сумесна з зарэгістраванай у Шатландыі кампаніяй Maratoni падпісала кантракт з Edena Investments (месца дыслакацыі Брытанскія Віргінскія выспы) на пастаўку 2 тыс. тон дызельнага паліва на агульную суму больш за 1,6 млн даляраў. Здзелка была гарантаваная групай кампаній «Трайпл» з дапамогай падпісання дакументаў ад асобы намесніка гендырэктара Уладзіміра Япрынцава, сын якога Казбек з'яўляецца адным з уласнікаў Edena Investments. «Да гэтага мы ніколі не працавалі з «Трайплам» ці іншымі беларускімі кампаніямі, але наш партнёр з Maratoni працаваў, які нас і пазнаёміў з Казбекам Япрынцавым, Аляксандрам Арабіянам і Ісаакам Пападопуласам, якія прадстаўлялі інтарэсы «Трайпла», — тлумачыў Спатар.

Паводле яго слоў, «мы ўступілі ў гэтую здзелку, бо яна была гарантаваная кампаніяй «Трайпл», якая належыць Юрыю Чыжу, бо яго статус у Беларусі як бізнэсмэна і кіраўніка кампаніі па гандлі палівам выклікаў наш давер».

Заснавальнікам шатландскай кампаніі Maratoni называецца ўкраінскі бізнэсмэн Васіль Галаваніч, які займаецца, у прыватнасці, аптовымі пастаўкамі дызельнага паліва і іншых светлых нафтапрадуктаў. «Беларускае паліва мы планавалі прадаваць ва Украіне сярод аптовых кліентаў (буйных сельскагаспадарчых і іншых кампаній, з якімі ў нас ёсць дзелавыя адносіны). Цана, якую для Maratoni і нас прапанавала Edena/»Трайпл» на ўмовах перадаплаты, была цікавая, а рызыкі выглядалі невысокімі з-за гарантый кампаніі «Трайпл». Таму мы прынялі ўдзел у дадзенай транзакцыі», — сказаў Спатар.

Аднак за мінулы час праплочаная салярка так і не даехала ва Украіну.

Але Edena Investments не вярнула Jaspen і Maratoni атрыманыя грошы. Больш за тое, па словах Спатара, «ніякіх істотных крокаў з боку сям'і Япрынцава, іх бізнэс-партнёраў або ТАА «Трайпл» па вяртанні больш чым 1,6 млн даляраў не было прынята».

Jaspen Capital нічога не заставалася, як пачаць рыхтаваць дакументы для звароту ў суд.

Пасля таго як гэта гісторыя стала здабыткам грамадскасці, абодва бакі заявілі аб жаданні вырашыць канфлікт мірным шляхам. У чэрвені Казбек Япрынцаў. напісаў tut.by пра тое, што графік пагашэння запазычанасці ўзгоднены.

Уладзімір Япрынцаў, саўладальнік холдынгу «Трайпл», займае 19-е месца ў топе самых уплывовых беларускіх бізнесменаў па версіі «Ежедневніка». У мінулым ён вядомы спартсмен, заслужаны майстар спорту СССР па самба, заслужаны трэнер Беларусі, 4-кратны чэмпіён свету па самба, 3-разовы чэмпіён Еўропы па самба, уладальнік Кубка свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?