Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным надзяліць Канстытуцыйны суд дадатковымі паўнамоцтвамі. Аб гэтым ён заявіў 3 сакавіка, прыводзячы да прысягі суддзяў КС.

«Трэба гаварыць не толькі пра кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, але і пра новыя сферы дзейнасці суда», — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, надзяленне суда дадатковымі паўнамоцтвамі дасць магчымасць вырашаць самыя складаныя юрыдычныя пытанні, якія непасрэдна звязаны як з правамі і законнымі інтарэсамі грамадзян, так і з работай дзяржаўных органаў.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, яго непакоіць, што, накіроўваючы ў Канстытуцыйны суд лепшых спецыялістаў, яны «могуць пайсці ў вузкую сферу і іх веды не будуць у поўнай меры задзейнічаны для краіны».

Кіраўнік дзяржавы прыняў прысягу шасці суддзяў Канстытуцыйнага суда, пасля чаго ўручыў новым суддзям падарункавы экзэмпляр Канстытуцыі. Прэзідэнт адзначыў, што ў новасфарміраваны склад суда ўвайшлі высокакваліфікаваныя юрысты, якія карыстаюцца заслужанай павагай у краіне.

«Мы чакаем ад вас эфектыўнай працы па ажыццяўленню канстытуцыйнага кантролю, адказнага, абдуманага і ўзважанага падыходу да прыняцця рашэнняў», — сказаў беларускі лідэр, звяртаючыся да суддзяў. «Будзьце верныя прынесенай прысязе, прынцыпам судзейскага абавязку, прафесійнаму гонару і адказнасці перад беларускім народам. Заўсёды памятайце, што няўхільнае выкананне палажэнняў Канстытуцыі — гэта залог палітычнай стабільнасці грамадства і ўстойлівага развіцця дзяржавы», — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Канстытуцыйны суд абнавіўся, аднак тут не адбылося «ніякай кардынальнай ломкі, практычна палавіна складу суддзяў захавалася».

Важным, на думку кіраўніка дзяржавы, з’яўляецца і тое, што «ў складзе суда ёсць жанчыны, а гэта надае стабільнасць любой структуры».

Паводле БЕЛТА

Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч лічыць магчымым стварыць у КС дзве палаты па 5 суддзяў у кожнай. Неабходнасць такога кроку, на яго думку, звязана з вялікім аб’ёмам работы ў суддзяў.

«Пры гэтым трэба дакладна размежаваць пытанні, што разглядаюцца як палатамі, так і ўсім складам КС», — адзначыў Пётр Міклашэвіч 3 сакавіка ў час сустрэчы прэзідэнта Беларусі з суддзямі Канстытуцыйнага суда, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.

На думку суддзі Аляксандра Марыскіна, эксперты КС маглі б больш актыўна прыцягвацца да распрацоўкі законапраектаў і прававой экспертызы міжнародных пагадненняў, да якіх плануе далучыцца Рэспубліка Беларусь.

У ліку іншых прапаноў, што паступілі ад суддзяў, — надзяленне КС паўнамоцтвамі па вынясенню прававой ацэнкі дзейнасці вышэйшых службовых асоб.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0