Як паведаміла БелаПАН начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, гэта здарылася 20 жніўня прыкладна ў 14.45 на тэрыторыі пункта пропуску «Варшаўскі мост».
Першапачаткова ў салоне «Рэно» знаходзіліся бацька-вадзіцель і яго сын, які сядзеў у дзіцячым крэсле на пярэднім пасажырскім сядзенні.
Для афармлення дакументаў брэстаўчанін выйшаў з аўтамабіля, папярэдне дастаўшы ключы з замка запальвання і паклаўшы іх у кішэнь сваёй курткі на заднім сядзенні.
«Мабыць, хлопчык вельмі ўважліва назіраў, куды тата схаваў ключы. Застаўшыся адзін, хлопчык пералез на задняе сядзенне і дастаў ключы.
Затым ён перабраўся на вадзіцельскае месца, уставіў ключ у замок запальвання і завёў рухавік аўтамабіля. Паколькі была ўключана першая перадача, «Рэно» праехаў некалькі сантыметраў і «ўпёрся» ў «Фольксваген-Каравэлу», — дапоўніла Сахарчук.
У выніку ДТЗ аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні.
«Выснова толькі адна: не пакідайце дзяцей у аўтамабілі без нагляду і заўсёды забірайце з сабой ключы», — сказала Сахарчук.