Сачыць за колькасцю подпісаў, сабраных патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, — займальная справа. Настолькі неймавернымі выглядаюць агучваныя лічбы.

Спарынг-партнёры супернічаюць за месца «першага сярод іншых». Ні Сяргей Гайдукевіч, ні Віктар Цярэшчанка, ні Мікалай Улаховіч ні словам не крытыкуюць Аляксандра Лукашэнкі, але змагаюцца між сабой. Лічбамі.

Што адбылося за апошні тыдзень збору подпісаў?

14 жніўня Віктар Цярэшчанка расказаў пра 135 тысяч сабраных подпісаў. Ягоны штаб на чале «генерал-маёрам» і прадстаўніком «Вялікага брацтва казацкіх войскаў Расійскай Федэрацыі» ў Беларусі Алегам Несцярковым заявіў, што збор подпісаў працягнецца. Дэклараваўся намер аднесці ў ЦВК да 250 тысяч подпісаў — гэтыя лічбы дазволілі б гарантавана стаць другім пасля Лукашэнкі.

Але ў выніку Цярэшчанка здаў Ярмошынай… 130 тысяч подпісаў. Апошні тыдзень ягоны штаб займаўся тым, што выкрэсліваў сабраныя подпісы?

Мікалай Улаховіч кіраваўся простай схемай. «У нас, у адрозненне ад іншых, ёсць строгі план-графік, якім мы кіруемся», — патлумачыў кіраўнік ягонага штаба Міхаіл Вобразаў. Першыя тры тыдні збору подпісаў ягоны штаб называў лічбы па формуле «парадкавы нумар дня збору памножыць на 4000». Плюс/мінус 1000 чалавек.

3 жніўня (12 дзень) — 47500 чалавек

9 жніўня (18 дзень) — 72 000 чалавек

11 жніўня (20 дзень) — 79 000 чалавек

13 жніўня (22 дзень) — 87 000 чалавек.

Тым часам канкурэнты ўжо адчыталіся, што сабралі патрэбныя подпісы. 14 жніўня пра гэта абвесціла апошняя з іх, Таццяна Караткевіч. Не адставаць жа атаману? І таму за гэты дзень колькасць подпісаў Улаховіча прырасла на 13 тысяч. «100 тысяч сабрана», — адрапартаваў атаман.

Ну а пасля уключыўся ранейшы «строгі план-графік» — дадаваць прыблізна па 4 тысячы на дзень.

У выніку прадстаўнікі Улаховіча адносілі ў тэрытарыяльныя камісіі 132 тысяч подпісаў — больш за Цярэшчанку.

* * *

Як выявілася, за апошні дзень збору подпісаў Мікалай Улаховіч знайшоў яшчэ каля 30 тысяч подпісаў. Агулам ягоныя прадстаўнікі здалі ў тэрытарыяльныя камісіі 160 тысяч подпісаў.

* * *

Нарэшце, Сяргей Гайдукевіч. Прэтэндэнт заявіў, што меў 100 тысяч сабраных подпісаў яшчэ 7 жніўня. «Агулам хочам здаць у ЦВК каля 120 тысяч правераных подпісаў, каб не было ніякіх прэтэнзій», — удакладніў тады Гайдукевіч. Гэтая колькасць фактычна гарантавала б яму першае месца сярод спарынг-партнёраў.

Аднак калі Цярэшчанка і Улаховіч пачалі кідацца лічбамі, давялося дзейнічаць і Гайдукевічу. У выніку ён аднёс у тэрытарыяльныя камісіі 141 тысячу подпісаў.

* * *

Выніковыя лічбы пададзеных подпісаў:

1. Лукашэнка — 1 761 145

2. Улаховіч — 159 805

3. Гайдукевіч — 140 735

4. Цярэшчанка — 130 404

5. Караткевіч — 107 299

* * *

Павел Знавец: «Гайдукевіч і Цярэшчанка сабралі не больш за 2000 подпісаў, ражаны атаман — увогуле»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?