22.08.2015 / 21:35

Сотні людзей сустракалі Статкевіча ў Мінску скандаваннем «Герой!» ФОТА, ВІДЭА абноўлена, дадаўся рэпартаж-падсумаванне 68

«Жыве Беларусь!» — з такімі словамі Мікола Статкевіч выскачыў з маршруткі. Сотні людзей выстраіліся ў жывы калідор і сустрэлі яго авацыямі, скандуючы «Герой!», «Жыве Беларусь!» і «Мікола!». Мужчыны паднялі Статкевіча на руках і качалі.

Вось поўнае відэа сустрэчы, зробленае радыё «Свабода»:

Статкевіч выдатна выглядаў, турма яго ні трохі не падкасіла. Ён дзякуе ўсім, хто падтрымліваў яго.

Статкевіч збіраецца раіцца з дзеячамі грамадства і культуры ды апазіцыйнымі палітыкамі, як дзейнічаць далей. «Дайце мне трохі часу, каб разабрацца ў палітычнай сітуацыі», — кажа палітык. Кажа, што меў план на выпадак свайго знаходжання за кратамі.

На яго думку, вызваленне можа быць звязана з жаданнем Аляксандра Лукашэнкі нармалізаваць адносіны з Захадам: «Маё вызваленне звязана з тым, што ў дыктатуры скончыліся грошы».

Палітык мяркуе, што яго могуць выціскаць з краіны.

«Ні за што не з'еду з Беларусі. Я буду змагацца за нармальную краіну», — абяцае Статкевіч.

«Мы разам зробім гэтую краіну нармальнай і вольнай, — сказаў Статкевіч. — Я чакаў сустрэць краіну запалоханай. А тут лепш, чым было!» — пажартаваў ён.

Статкевіч сам падышоў да карэспандэнта «НН» Змітра Панкаўца і падзякаваў за газету, падпісчыкам якой ён быў у турме.

Адзін з мастакоў падарыў Статкевічу карціну.

«Дзякуй!» — скандавалі людзі на развітанне і заспявалі песню «Воіны свету».

З вядомых людзей Статкевіча сустракалі Уладзімір Арлоў, Андрэй Дзмітрыеў, Валянцін Стэфановіч, Павел Белавус, Ганна Шапуцька, Аляксей Янукевіч, Аляксандр Дабравольскі. Быў і ягоны адвакат Аляксандр Галіеў.

Статкевіч вярнуўся на свабоду ў добрым, пераможным настроі, нязломленым і нястомленым, адзначаюць нашы карэспандэнты на аўтавакзале.

«Статкевіч феерычны, — піша гісторык Аляксандр Пашкевіч у сваім фэйсбуку. — Вясёлы, жыццярадасны, энергічны. Нібыта не з турмы вярнуўся, а з адпачынку. Моцны мужык, нічога не скажаш!

Што ж, сёння ў беларускай дэмакратычнай супольнасці ўнікальны шанец, каб займець нарэшце сапраўднага моцнага лідара. А наколькі ён будзе скарыстаны — шмат ад самога Статкевіча залежыць. Вельмі хацелася б не расчаравацца чарговы раз», — падсумоўвае Пашкевіч.

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, за дзве гадзіны пераадолела 200 км, каб спаткаць мужа ў Мінску. Навіна пра вызваленне мужа сустрэла яе ва Ушачах (Віцебская вобласць).

Першы пацалунак на аўтавакзале.

Палітыка прыйшло сустрэць каля 300 чалавек. На аўтавакзале панавала атмасфера радасці і разняволенасці.

NN.by; фоты Сяргея Гудзіліна

0
алекс / Адказаць
22.08.2015 / 21:47
А яго бацька Статкевич старэйшы жывы? Дачакауся? Слава героям!
0
михаил / Адказаць
22.08.2015 / 21:50
Возьмите нормального оператора! Что это? Человек первый раз камеру в руках держит!
0
юзік / Адказаць
22.08.2015 / 21:59
А дзе Караткевіч, штосьці нябачна?
Паказаць усе каментары/ 68 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру