Палітвязень Мікола Дзядок дабраўся да Мінска. На вакзале яго сустрэлі паплечнікі.

Былы палітвязень даў інтэрв'ю «Нашай Ніве».

«Наша Ніва»: Як сёння даведаліся пра вызваленне?

Мікалай Дзядок: Даведаўся, калі падводзілі да варотаў і аддалі ўсе рэчы. Калі выводзілі з камеры, гэта было пад сакрэтам.

«НН»: Апошнім часам не прапаноўвалі прашэнне аб памілаванні пісаць?

МД: Не. Прашэнне прапаноўвалі пісаць толькі адзін раз у 2011 годзе. З таго часу — ні разу. Стаўленне адміністрацыі не змянялася. Як сядзеў, так і сядзеў. Вызваленне стала нечаканасцю.

«НН»: Пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі чакалі вызвалення?

МД: Такіх абяцанняў і намёкаў было вельмі шмат, таму намагаўся асабліва не даваць сабе надзею. Я падрыхтаваўся, хутчэй, да працягу тэрміну.

«НН»: Што было самым цяжкім?

МД: Калі адкажу, на гэта будуць ціснуць астатнім. Таму лепш не скажу (смяецца). Калі ёсць падтрымка, няма асабліва нічога цяжкага. Адчувалася каласальная падтрымка з першага дня да апошняга. У апошні дзень я атрымаў з дзясятак лістоў з віншаваннямі з днём нараджэння, нават не паспеў іх прачытаць!

«НН»: Вы цяпер так добра размаўляеце па-беларуску!

МД: Да турмы я пераважна размаўляў па-руску. Але цяпер чытаў пераважна беларускамоўную прэсу. Неяк яно так і атрымалася (смяецца).

«НН»: Якое галоўнае жаданне?

МД: Каб гэта не аказалася сном.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?