Беларускія музыкі агучылі ўжывую беларускую кінастужку «У агні народжаная» з праекта «Тузін.Немаўля».

Выступам гурту Re1ikt адкрыўся VI Міжнародны кінафестываль «Нямыя ночы», які ладзіць Нацыянальны цэнтр Аляксандра Даўжэнкі на беразе Чорнага мора ў Адэсе. Сёлета на фэсце дэманстраваліся стужкі першых гадоў існавання савецкай улады, якія ў свой час падпалі пад цэнзуру, і якім цяпер, паводле новага ўкраінскага закона, пагражае забарона, як творам, што прапагандуюць камунізм. «Мы паўстаем супраць хоць якой формы нянавіьці — як палітычнай, так і культурнай, і хочам захаваць кінаспадчыну», – патлумачыў Tuzin.fm прэзідэнт кінафэстывалю Іван Казленка.

Адкрыць «Нямыя ночы» было вырашана фільмам «У агні народжаная» рэжысёра Уладзіміра Корша з праекту «Тузін.Немаўля». Стужка была знятая да 10-годдзя ўтварэння БССР, але не ўпісалася ў ідэалагічна-эстытычныя каноны таго часу — яе не прыняла крытыка, аўтара сцэнара Анатоля Вольнага неўзабаве расстралялі, а сам фільм быў «абясшкоджаны» з ініцыятывы «Белдзяржкіно» у 1937 годзе. Аўтарскі саўндтрэк прадставіў гурт Re1ikt. Музыкі ўразіліся ўзроўнем арганізацыі фэсту, вялікай цікавасцю да яго з боку гледачоў і ўласна атмасферай.

«Гэта быў цікавы досвед — выступіць у імправізаваным вялікім кінатэатры на беразе мора і агучыць знакавы беларускі фільм. Публіка была вельмі ўважлівая і цікаўная, а сярод гасцей быў нават Міхаіл Жванецкі», — распавядае лідар Re1ikt Алесь Дземідзенка.

Гурт заяўляе, што з радасцю выступіць з такім кінаканцэртам і на Радзіме, калі будзе такая нагода. Цяпер жа музыкі рыхтуюцца да прэзентацыі свайго новага альбома пад працоўнай назвай «Лекавыя травы». Рэліз прызначаны на восень гэтага года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?