Улады сфабрыкавалі спіс кандыдатаў у прэзідэнты яшчэ да пачатку прэзідэнцкай гонкі, таму павінны пачаць выбарчую кампанію нанова. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які вызваліўся 22 жніўня на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні.

Па словах Статкевіча, ён і некаторыя лідары дэмсілаў сыходзяцца ў меркаванні, што ўлады «ўсімі даступнымі сродкамі сфабрыкавалі выбарчы спіс». «Яны дадалі частку кандыдатаў, якія не сабралі подпісы, яны не дазволілі з'явіцца адзінаму кандыдату праз сваю агентурную сетку, выкарыстоўваючы натуральныя амбіцыі палітыкаў. У рэшце рэшт, выкарыстоўваючы свае дыпламатычныя каналы, яны перашкодзілі фінансаванню, рэсурснай падтрымцы магчымых сапраўды апазіцыйных кандыдатаў», — лічыць былы палітвязень.

Такім чынам, на яго думку, улады самі паказалі, што «выбараў няма», і грамадства на гэта «адрэагавала апатыяй».

«Наша агульная пазіцыя: выбары нельга лічыць легітымнымі яшчэ да іх пачатку, — падкрэсліў Статкевіч. — Мы павінны патрабаваць таго, каб улады адматалі выбарчую кампанію назад, каб выбарчы працэс пачаўся з пачатку, з рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў. Не буду разважаць з нагоды рэальнасці выканання гэтага патрабавання, але за гэта мы будзем змагацца. Магчыма, мы скажам грамадству, што выбараў няма, і хадзіць на іх няма сэнсу, але трэба, пакуль яшчэ не прайшла гэтая кампанія, пакуль не адбылося тое, што плануецца, публічна, галосна патрабаваць адмены рэгістрацыі кандыдатаў і пачатку выбарчага працэсу».

Сам Статкевіч мае намер дамагацца свайго аднаўлення ў грамадзянскіх і палітычных правах, каб удзельнічаць у запушчанай зноўку прэзідэнцкай кампаніі, калі такое здарыцца. Ён перакананы, што мае права на ўдзел, бо «не зрабіў ніякага злачынства».

«За мной людзі, у мяне ёсць немалы рэйтынг, мяне падтрымала досыць вялікая ініцыятыўная група. Я ведаю, як і мае калегі, як вывесці Беларусь з крызісу. Я патрабую рэалізацыі свайго права і права тых людзей, якія мяне вылучалі. Я буду змагацца за гэта сваё права, выкарыстоўваючы ўсе даступныя легальныя з пункту гледжання міжнароднага заканадаўства, а не беларускіх незразумелых законаў, свайго неад'емнага права», — сказаў вызвалены палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?