24.08.2015 / 21:05

Праваабаронцы: Улады могуць узмацніць кантроль над Статкевічам 2

Праваабаронцы мяркуюць, што беларускія ўлады могуць узмацніць кантроль над былым палітзняволеным, экс-кандыдатам на прэзідэнцкую пасаду Мікалаем Статкевічам, калі на тое будуць палітычныя прычыны.

Як паведамлялася раней, 24 жніўня ў РУУС Ленінскага раёна Мінска было прынятае рашэнне ўстанавіць над Статкевічам прафілактычнае назіранне на восем гадоў.

У каментары БелаПАН юрыст Павел Сапелка зазначыў, што прафілактычнае назіранне — «не такі сур'ёзны варыянт нагляду, як прэвентыўны нагляд, тут больш лаяльныя абмежаванні». Падобная мера, паводле яго слоў, устанаўліваецца на тэрмін пагашэння судзімасці, а ў выпадку Статкевіча гэта тэрмін за асабліва цяжкія злачынствы. Кантрольная мера накладае на палітыка абавязак «папярэдне паведамляць органу ўнутраных спраў аб змяненні месца жыхарства, выездзе ў іншую мясцовасць на тэрмін да аднаго месяца, абавязак з'яўляцца па выкліку ў орган унутраных спраў і даваць тлумачэнні наконт свайго ладу жыцця».

Тым не менш, падкрэсліў юрыст, у выпадку ўчынення трох правапарушэнняў, не важна якіх, на працягу аднаго года суд можа ўстанавіць над Статкевічам прэвентыўны нагляд — больш жорсткую меру з большымі абмежаваннямі. Такім чынам, калі палітыка абвінавацяць у трох нават самых нязначных адміністрацыйных правапарушэннях, то «ў суда тады будзе фармальная падстава для прызначэння прэвентыўнага нагляду». «Безумоўна, гэта можа быць не прававым рашэннем, але з пункту гледжання літары і духу айчыннага закона, гэта будзе дапушчальнае рашэнне», — сказаў Сапелка.

Намеснік кіраўніка ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у сваю чаргу адзначыў: «Гаварыць, што вызваленыя палітзняволеныя ў поўнай меры свабодныя, не даводзіцца».

«Трэба патрабаваць аднаўлення іх у грамадска-палітычных правах. Бо судзімасць не дазваляе, напрыклад, удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў, парламента, прэзідэнты. На працягу васьмі гадоў Статкевіч будзе цярпець паражэнне ў палітычных правах», — сказаў праваабаронца.

Прафілактычнае назіранне тоіць у сабе небяспеку перарасці ў прэвентыўны нагляд, бо «ў выпадку «неабходнасці» заўсёды можна вылаяцца матам, гэта ў Беларусі проста робіцца». Уяўнае парушэнне нагляду потым можа стаць прычынай «вяртання за краты, як гэта адбылося з актывістам Васілём Парфянковым». Усе гэтыя меры, паводле слоў Стэфановіча, «робяць былых палітзняволеных неабароненымі, дазваляе ўладам максімальна іх кантраляваць».

Такім чынам, наглядныя меры з'яўляюцца «сур'ёзным інструментам уздзеяння». «У выпадку са Статкевічам, калі на тое будзе палітычная прычына і жаданне ўладаў, гэты інструмент будзе выкарыстаны», — падсумаваў праваабаронца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
да-с... / Адказаць
24.08.2015 / 21:36
Усилить, углУбить, расширить и т.д. уже принципиально нельзя, да это и не поможет луке и его прихвостням, поскольку они так и не смогли за 5 лет напугать его тюрьмой, зато сами ее боятся, а она все ближе... Пугать теперь Статкевича тюрьмой все равно что показывать голый зад ежику. Пусть покажут. Их зад трясется, а ежику это пофиг!
0
Юрась Беларус / Адказаць
24.08.2015 / 22:49
Патрэбна юрыдычная поўная рэабілітацыя. Ручное кіраванне - сёння - выпушчу, заўтра - пасаджу, трэба спыняць раз і назаўсёды.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру