На мапе: раёны актыўнасьці калюмбійскіх партызанаў. Крыніца: gazeta.ru.

У аўторак улады Калюмбіі апублікавалі новыя дакумэнты, захопленыя, як сьцьвярджаецца, у стане ФАРК. Сярод іх сьведчаньні, што герылья атрымала ў якасьці фінансаваньня ад Уга Чавэса 300 мільёнаў даляраў. Будзе вайна, якая зацягне й беларусаў?

Накаляецца абстаноўка на паўночным захадзе Лацінскай Амэрыкі.

Зачэпкай для канфлікту стала апэрацыя калюмбійскай авіяцыі і спэцвойскаў. У часе яе на эквадорскай тэрыторыі былі забітыя асоба нумар два ў паўстанцкіх Рэвалюцыйных узброеных сілах Калюмбіі (ФАРК) Рауль Рэес і яшчэ 17 (паводле іншых зьвестак - 20) партызанаў. Пакуль няясна, ці загінула разам зь імі жонка Рэеса — дачка галоўнага правадыра калюмбійскіх партызанаў.

Рэес быў адным зь сямі сяброў паўстанцкага сакратарыяту. Упершыню за 40 гадоў калюмбійскім уладам удалося зьнішчыць кіраўніка герыльі такога высокага рангу.

Афіцыйна сьцьвярджаецца, што перахоп тэлефаваньняў, а таксама зьвесткі ад шпега дазволілі вызначыць месца начоўкі Рэеса. Пішуць, што з гэтым калюмбійскім вайскоўцам мелі памагчы амэрыканцы. Міністар абароны Калюмбіі падкрэсьліў, што Рэес начаваў усяго за 1800 мэтраў ад мяжы, што калюмбійскія самалёты вялі агонь, не парушаючы паветранае прасторы Эквадору і што толькі пасьля інцыдэнту камандас вывезьлі з эквадорскай тэрыторыі целы Урыбэ і другога партызана, не чапаючы астатніх.

Рэес быў галоўным прадстаўніком паўстанцаў на перамовах пра вызваленьне палітычных закладнікаў, якіх утрымлівае ФАРК. Зь ім наўпрост кантактавалі ўрадоўцы Вэнэсуэлы і Эквадору, якім паўстанцы давяраюць, і Францыі, якая патрабуе вызваленьня экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Калюмбіі Інгрыд Бэтанкур, якая мае таксама францускае грамадзянства.

Эквадорскія і вэнэсуэльскія афіцыйныя асобы зьвінавацілі ўлады Калюмбіі ў мэтаскіраваным зрыве перамоўнага працэсу, абвесьціўшы, што былі блізка таго, каб вызваліць Бэтанкур.

Карэа назваў прэзыдэнта Калюмбіі кіраўніком «вар'яцкага брахлівага ўраду», а Чавэс — «паханом банды».

Рэйд на тэрыторыю Эквадору дазволіў уладам Калюмбіі даказаць свае даўнія абвінавачваньні: Эквадор, блізкі саюзьнік Вэнэсуэлы, дазваляе калюмбійскім партызанам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю ў якасьці базы.

Аднак апэрацыя парушыла міжнароднае права. Войскі адной краіны ня маюць права ўрывацца на тэрыторыю другой. Праўда, тыя самыя нормы на тых жа падставах нядаўна ўзяла пад гусеніцы сваіх танкаў Турцыя ў Ірацкім Курдыстане.

ФАРК вядзе партызанку ўжо 40 гадоў. Напачатку за ФАРК стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што ФАРК скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы разарвалі з ФАРК.

Прэзыдэнты Вэнэсуэлы і Эквадору, што прыйшлі да ўлады на хвалі антыамэрыканскага папулізму, здаўна ненавідзяць прэзыдэнта Калюмбіі — вернага саюзьніка ЗША, які абапіраецца на дапамогу Вашынгтону ў барацьбе супраць наркамафіі і партызанкі.

У аўторак улады Калюмбіі апублікавалі новыя дакумэнты, захопленыя, як сьцьвярджаецца, у стане ФАРК. Сярод іх сьведчаньні, што герылья атрымала ў якасьці фінансаваньня ад Уга Чавэса 300 мільёнаў даляраў.

У ноўтбуку Рэеса таксама ўтрымліваецца ліст, у якім Рэес намаўляе сваіх паплечнікаў з ФАРК, каб яны выдалі шэраг закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў джунглях, за пасярэдніцтвам прэзыдэнта Эквадору Карэа, што мела б дапамагчы яму «ў ягоных палітычных дзеяньнях».

Чавэс мае амбіцыі арганізаваць панамэрыканскую рэвалюцыю і спансаруе праціўнікаў ЗША ад Кубы (таннай нафтай) да Беларусі (канцэсіяй на нафтавыя радовішчы). Яго падтрымліваюць прэзыдэнты Эквадору, Нікарагуа, Аргентыны, Балівіі.

Сытуацыю зараз мае разглядаць Рада Арганізацыі Амэрыканскіх Дзяржаваў. Пасярэдніцтва ўзяла на сябе прэзыдэнтка Аргентыны Крыстына Фэрнандэс дэ Кіршнэр. Гэта не абяцае нічога добрага: яна выразна стаіць за Чавэса і можа гальванізаваць напружанасьць.

Становішча маглі б разрадзіць недвухсэнсоўныя прабачэньні Калюмбіі перад Эквадорам, але прэзыдэнт Альвара Урыбэ на тое наўрад ці пойдзе.

У аўторак Урыбэ заявіў групе журналістаў пра намер падаць на свайго вэнэсуэльскага калегу ў Міжнародны трыбунал у Гаазе «за апекаваньне і фінансаваньне генацыду».

А віцэ-прэзыдэнт Калюмбіі паведаміў, выступаючы ў Жэнэве, што ў кампутарах Рэеса ўтрымліваюцца зьвесткі, што паказваюць, што ФАРК імкнулася атрымаць радыеактыўны ўран для вырабу «бруднай бомбы».

Папулярнасьць Урыбэ ў краіне рэзка вырасла: большасьць калюмбійцаў ненавідзяць бязьлітасных партызанаў.

На лепшае дазваляе спадзявацца хіба тое, што Багата пакуль не перасунула сваіх войскаў да межаў з Вэнэсуэлай і Эквадорам. Урэшце, у вайне, у выніку якой цэны на нафту падняліся б за нябёсы, не зацікаўлены ніхто, акрамя нафтавых колаў.

Вайна ў Вэнэсуэле зачапіла б і Беларусь: у Вэнэсуэле ўжо цяпер працуюць дзясяткі беларускіх грамадзянаў, Беларусь экспартуе туды зброю, а рост цэнаў на нафту стымулюе беларускую эканоміку.

Вэнэсуэла

Вайсковы бюджэт (2007): $2.56 млрд

Узброеныя сілы: 115,000

Рэзэрвісты: 8,000

Танкі: 81

Лёгкія танкі: 109

Бронетранспарцёры: 71

Баявыя верталёты: 13

Баявыя самалёты: 104

Падлодкі: 2

Баявыя караблі: 6

Калюмбія

Вайсковы бюджэт (2007): $5.10 млрд

Узброеныя сілы: 254, 259

Рэзэрвісты: 61,900

Бронетранспарцёры: 228

Баявыя верталёты: 31

Баявыя самалёты: 115

Падлодкі: 4

Баявыя караблі: 4

Эквадор

Вайсковы бюджэт (2007): $918 млн

Узброеныя сілы: 57,100

Рэзэрвісты: 118,000

Лёгкія танкі: 24

Бронетранспарцёры: 123

Баявыя верталёты: 18

Баявыя самалёты: 57

Падлодкі: 2

Баявыя караблі: 8

Крыніца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?