25.08.2015 / 09:53

Яўген Васьковіч: У турме я добра засвоіў закон «Дастаў нож — рэж» — гутарка 24

Як змяніла турма самага маладога і амаль нікому не вядомага палітвязня? «Наша Ніва» пагутарыла з Яўгенам праз дзень пасля вызвалення.

Яўген Васьковіч — самы малады з палітвязняў, вызваленых на мінулым тыдні. Калі хлопец патрапіў за краты, яму было толькі 19 гадоў. Яго асудзілі за кінутую ў будынак бабруйскага КДБ бутэльку з напалмам. Што зварушылася ў хлопцы за часы зняволення і навошта ён пяць гадоў таму пайшоў на злачынства? 

Яўген — жыццярадасны хлопец з непаўторнай усмешкай ва ўвесь твар. Адзінае, што кажа пра некалькі гадоў за кратамі, гэта залішняя худзізна. У астатнім жа Яўген выглядае як звычайны хлопец сваіх гадоў. Але гэта толькі выгляд — турма пакінула адбітак унутры.

«Але я ні аб чым не шкадую, — пачынае гутарку Яўген, — на той час, 2010 год, я быў маладым радыкалам, якога вабілі актыўныя дзеянні. Дэмакратычная супольнасць маю прагу задаволіць не магла, таму я пасябраваў з анархістамі і ў выніку дайшло да таго, што мы сёння маем».

Хлопец пачынае расказваць, як і для чаго ён з паплечнікамі рыхтаваў напад на Бабруйскае КДБ.

«Тады перад намі не стаяла мэта нанесці максімальную шкоду, не. Мы хацелі дамагчыся псіхалагічнага эфекту ў адказ на затрыманне анархістаў у Мінску. Маўляў, хтосьці атакуе будынкі КДБ, а іх не могуць злавіць. Мы ж хацелі правесці цэлую серыю такіх акцый – у Баранавічах, Маладзечне… А што да метадаў, то ўсё было прымітыўна – мы вычыталі ў інтэрнэце рэцэпт напалму, месяц рыхтаваліся, а ў тую самую ноч нацягнулі на твар медычныя маскі і кінулі бутэлькі на надворак КДБ. Пра канспірацыю тады нават не думалася.

Гэта потым, на судзе, я даведаўся, што вялі нас доўга, а ў падвале, дзе мы рабілі напалм, стаяла праслухоўка», — успамінае Яўген

і падкрэслівае, што затрымлівалі яго не брутальна, а «па-інтэлігенцку».

«Я якраз да сесіі рыхтаваўся, прыехаў у Магілёў. А тут удвух заходзяць супрацоўнікі і культурна так кажуць: збірайся. А я спачатку не зразумеў, у чым справа — з акцыі ж тры месяцы ўжо мінула. Я і думаць забыў, што за гэта яшчэ могуць прыцягнуць. Але потым усё ўцяміў і на наступны ж дзень прызнаў віну. Бо ў нас з хлопцамі быў план, што, калі мы бачым, што ў міліцыі ёсць доказы вінаватасці, то адразу прызнаёмся і прыцягваем увагу грамадскасці».

Пра турму былі рамантычныя ўяўленні

Хлопец расказвае, што маральна рыхтаваўся да вялікага тэрміну ўжо ў СІЗА.

«Я ведаў папярэдне, колькі мне маглі даць. Максімум — 12 год. Таму яшчэ добра, што далі «мінімалку». Ды і канечне, на судзе не было поўнага ўсведамлення таго, што ж такое турма. Былі нейкія там рамантычныя ўяўленні, але потым выявілася, што яны памылковыя», — кажа Яўген і прыгадвае самы пачатак турэмнага шляху.

«Першы дзень на зоне быў шалёны — я толькі з этапа, галава трашчыць, а ўвесь «каранцін» выводзяць на вуліцу маршыраваць. Нібыта войска, а не турма.

А потым я адразу на ШЫЗА паехаў, бо кантралёру не спадабаўся мой каталіцкі ружанец — той палічыў яго «зэкаўскім» і загадаў аддаць, а я адмовіўся», — расказвае хлопец.

Увогуле, Яўгену давялося сядзець на ШЫЗА штомесяц па дзесяць дзён — у гэтым выражаўся ціск турэмнай адміністрацыі.

«Адзін раз мяне выклікаў начальнік атрада ды кажа: «Збірайся ў ШЫЗА». Я яму – за што? А ён галавой угару ківае ды шэпча: «Яны загадалі», — кажа Яўген і адзначае, што апроч гэтага ніякіх правакацый ён не перажываў.

«У турме не было такіх людзей, якія б цкавалі мяне па ўласным жаданні. Усе ставіліся па-людску, — кажа хлопец. — А што да прашэнняў аб літасці, то мне прапаноўвалі напісаць іх тройчы. Першы раз сам супрацоўнік міліцыі псіхануў, бо пачаў здалёк — пра вайну расказваць. Вось, кажа, паглядзі, як Лінію Сталіна пабудавалі — каб гісторыю памяталі. А ты кажаш, што не памятаюць. Я яму сказаў, што Сталін — гэта кат, і беларусам ганебна ім ганарыцца. Той супрацоўнік псіхануў, пачаў крычаць і вылецеў з пакоя. Потым яшчэ раз ужо адкрытым тэкстам спыталіся — будзеш? Я кажу — не.

А супрацоўнік мне адказвае: што, не хочаш у душу пляваць? Ну добра, твая справа. Гэты чалавек да мяне з разуменнем паставіўся, бо ў турме інакш нельга — тамтэйшым пагражаць безсэнсоўна. А вось трэці раз ужо канкрэтны кдбіст быў. Пагаварыў са мной трохі, але нічога не дабіўся. Гэта была прынцыповая пазіцыя —

я ні пры якіх умовах не прасіў бы ў Лукашэнкі літасці».

Дастаў нож — рэж

Як адзначае Яўген, у турме яму даводзілася жыць «па паняццях», бо ў такіх месцах на лёс чалавека больш уплывае не адміністрацыя, а аўтарытэтныя зэкі.

«У турме хутка вучышся, разумееш нейкія жыццёвыя ісціны, сталееш, — упэўнены хлопец. — Напэўна, не адседзеўшы, я б пачаў думаць так, як думаю цяпер, толькі пасля 30 гадоў. А вынес я для сябе наступнае:

па-першае, да ўсіх трэба па-людску ставіцца, не зважаючы на рангі і прафесіі. Той жа міліцыянт — ён робіць сваю працу,

і зробіць яе ў любым выпадку. І калі лезці на ражон, то можа атрымацца толькі горш. Трэба з усімі знаходзіць супольную мову.

Па-другое, я добра засвоіў закон «дастаў нажа — рэж». Перад тым, як штосьці зрабіць ці сказаць, трэба падумаць — а навошта гэта табе?

Калі дзеянне непатрэбнае, то няма чаго тады выдатковаць свае жыццёвыя сілы. Але калі ўжо штосьці паабяцаў, то зрабі.

А па-трэцяе, я пачаў цікавіцца літаральна ўсім. Па сутнасці, мы жывём дзеля ведаў. Вось мне цяпер тое цікава, і тое цікава, і гэтае. Бо кожны чалавек — гэта іншае жыццё, іншыя пачуцці.

Я з захапленнем слухаў у турме гісторыі сукамернікаў — мастакоў, наркаманаў, бізнесоўцаў».

Але як бы там ні было, хлопец прызнае, што больш за ўсё ягоны дух падтрымлівалі лісты з волі.

«Мяне проста завальвалі лістамі. Асабліва грэла сэрца, калі пісалі незнаёмыя людзі, выказвалі словы падтрымкі. А ва ўсіх сукамернікаў зайздрасць, што мне столькі пішуць. Гэта ж у турме асноўная аддушына», — прызнаецца хлопец ды працягвае.

«Яшчэ мы святы для сябе ладзілі, калі Новы Год ці Дзень народзінаў. Каму пасылкі былі дазволеныя, то яны іх прасілі пад дату прыслаць. Ну і тады ўжо піравалі. А яшчэ вясёлую рэч магу расказаць – у турме ж галубы амаль ручныя, дык іх лавілі і ляпілі на галаву кароны з паперы, а на хвост таксама клеілі, нібыта жар-птушка. І асабліва смешна было, калі ўсіх пастрояць, адміністрацыя прыйдзе, а там сярод нас голуб з каронай гуляе. Так і жылі», — прыгадвае Яўген і кажа, што ўсё ж моманты шчырага смеху былі рэдкімі. Больш у турме смяюцца з «чарнухі».

Розум, Воля, Перамога

У турме Яўген набіў сабе татуіроўкі. Матыў уласны. Як патлумачыў сам былы палітвязень, крымінальныя татуіроўкі ён рабіць і не меў права, бо сядзеў «палітычным».

«Совы – гэта з грэцкай міфалогіі, яны суправаджалі багіню Афіну і з’яўляліся сімвалам мудрай вайны, перамогі, — паказвае сабе на грудзі Яўген, — Ніжэй нашае двукрыжжа ў дубовым вянку, які сімвалізуе нязломнасць. А словы — гэта мой асабісты дэвіз «Розум, воля, перамога» па-грэчаску. Таксама дзве славянскія руны на руках набіў».

Па словах Яўгена, білася гэта бясплатна — падэшву абутку майстар пераплаўляў, а потым рабіў фарбу. Дарэчы, такое тату немагчыма вывесці нават лазерам.

«Совы – гэта з грэцкай міфалогіі. Ніжэй нашае двукрыжжа ў дубовым вянку. А словы — гэта мой асабісты дэвіз «Розум, воля, перамога» па-грэчаску».

«Я ўзяўшы толькі самае неабходнае — халву, цыгарэты і туалетную паперу»

Гаворачы пра сваё вызваленне, Яўген адзначае, што пакуль не ведае рэальных матываў, якія падштурхнулі Лукашэнку на такі крок. Магчыма, гэта крызіс у эканоміцы і імкненне нармалізаваць адносіны з Захадам. Звесткі пра цяжкае становішча ў краіне даходзілі нават за краты.

«Людзі ў турме незадаволеныя ўладай. Па-першае праз тое, што яны сядзяць. Па-другое, што сядзяць, на іх думку, беспадстаўна. Канечне, кожны ў турме будзе казаць, што яго асудзілі памылкова, альбо што далі больш, чым трэба. Гэта нармальна, але ўсё ж факт ёсць – людзі незадаваленыя. Незадаволеныя і службоўцы. Мала хто гэта выказвае ў адкрытую — афіцэры баяцца, але т.зв. «кантралёры» больш свабодна расказвалі пра тое, што на волі адбываецца, распавядалі, што з кожным месяцам усё цяжэй робіцца жыць, што цэны растуць, даляр расце. Нават за кратамі адчуваеш напружанне», — кажа хлопец і вяртаецца да падзей мінулай суботы, калі ён выйшаў на волю.

«Прыйшлі ў камеру ды сказалі, каб збіраўся на «этап». Я яшчэ падумаў, на які яшчэ этап? Штосьці падазрона, — успамінае Яўген, — І я ж якраз нядаўна меў сустрэчу з маці, дык у мяне тры торбы прадуктаў было. Я іх пакінуў хлопцам, якім давяраў, і пайшоў за турэмшчыкамі, узяўшы самае неабходнае — халву, цыгарэты і туалетную паперу. А потым яны сказалі, што выпускаюць. Павезлі мяне да вакзала. Канечне, радасць прысутнічала, але не хацелася міліцыянтам свае эмоцыі паказваць. Потым, ужо на вакзале, быў шок. Бо столькі народу сустракала — журналісты, сябры, сям’я. Столькі ўвагі адразу, і з кожным хацелася хаця б хвіліну пагаварыць. Але самым галоўным пачуццём была нязвыкласць да дзяўчат. Бо столькі гадоў у адным мужчынскім калектыве, а тут лета – апранутыя ўсё лёгка. Карацей, падчас сустрэчы да дзяўчат намагаўся моцна не прыціскацца. І яшчэ,

мне адзін журналіст сказаў, што калі прыехаў мяне сустракаць, то не ведаў, да якой платформы аўтобус прыедзе. Таму ён проста на плач маёй маці пайшоў — так далёка яго было чуваць».

Як далей уладкоўваць сваё жыццё, хлопец пакуль думае. Хочацца і звыкнуцца да волі, і з’ездзіць у адпачынак. А потым — вяртанне да працы.

Васьковіч спадзяецца, што яго возьмуць на колішняе месца работы ў «Бабруйскім кур’еры», «а там ужо будзе відаць».

Арцём Гарбацэвіч, Бабруйск

0
пажаданні цудоўнаму юнаку! / Адказаць
25.08.2015 / 10:13
Здароўя, Шчасця, Кахання і Поспехаў ва ўсім!!!!
0
дарогу маладым ! / Адказаць
25.08.2015 / 10:14
якi добры хлопец )
0
Слава героям! / Адказаць
25.08.2015 / 10:24
Дзякуй за мужнасць i непахiснасць.
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру