26.08.2015 / 08:15

Як рэпрэсаваны пастух з Беларусі стаў польскім прафесарам 4

Ён пасвіў скаціну, працаваў трактарыстам, але ўвесь час была прага пісаць. Ён і на вайне складаў вершыкі. А па вызваленні адправіўся ва Уроцлаў, дзе стаў знаным прафесарам.

 

Францішак Сяліцкі.

Польскі славіст Францішак Сяліцкі нарадзіўся ў Беларусі. Ёй найперш і прысвяціў свае навуковыя зацікаўленні. Але ў Беларусь не вярнуўся, бо адсюль яго сям’ю вывезлі ў Алтайскі край — рэпрэсавалі.

Францішак Сяліцкі — выдатны навуковец, заслужаны прафесар Уроцлаўскага ўніверсітэта. Яго жыццёвы шлях адлюстроўвае лёсы ваеннага пакалення, асабліва драматычную гісторыю былых жыхароў колішняга паўночна-ўсходняга памежжа Другой Рэчы Паспалітай, людзей памежжа, кінутых піянерамі-гаспадарамі пасля 1945 года на землі заходняй Польшчы, — расказвае пра калегу іншы ўраджэнец Беларусі, польскі прафесар Тэлесфар Позняк. — Поле, якое па-гаспадарску, надзейна і з запалам абробліваў прафесар Сяліцкі, у філалогіі ў шырокім сэнсе разумеецца як усходнеславістыка (у строгім сэнсе русістыка, беларусістыка, украіністыка). Для збірання багатага ўраджаю з таго поля ён мусіў доўга прыстасоўвацца, пераадольваючы перашкоды, якія ставілі перад яго пакаленнем падзеі 1939—1945 гадоў.

Ужо 14 гадоў як навуковец памёр.

«…двое сутак быў у краіне страху»

Нарадзіўся Францішак 29 лістапада 1923 года ў Мікуліне Вілейскага павета. Сёння гэта вёска ў аднайменным раёне.

«Гэта прыгожая вёсачка (хутчэй нават была такою), абкружаная зелянінай садоў і іншых дрэў. Менавіта там у таварыстве сваіх аднагодкаў я правёў першыя гады дзяцінства і пачатак маладосці. Маімі сябрамі ў гульнях былі мае стрыечныя браты і сёстры», — пісаў сам Францішак.

Па-польску ён пакінуў аўтабіяграфічныя тэксты, дзённікі. Па-беларуску яны, здаецца, так і не друкаваліся.

Францішкаў дзед, Ігнась, меў валоку зямлі — 21 гектар. У той час, другая палова ХІХ стагоддзя, у Мікуліне было 13 гаспадарак. Дзве належалі Любнеўскім, па адной — Карповічам і Раманоўскім, астатнія дзевяць — Сяліцкім. Затым пачалі жаніцца. І так Сяліцкія сталі дамінаваць. Сёння, калі заехаць на могілкі на ўскрайку Мікуліна, гэтае прозвішча і пераважае на помніках.

Мікулінскія могілкі.

Мікулінскія могілкі.

«Ці існавала наогул і якое менавіта сваяцтва паміж гэтымі сем’ямі Сяліцкіх — невядома. Невядома таксама, адкуль наогул узялося прозвішча. Цягам нейкага часу ў кіраўніцтве нашага саўгаса працаваў па канцылярыі нейкі мовазнаўца, эвакуяваны з Ленінграда. Ён здзівіўся таму, што я паляк, паколькі прозвішча рускае — ад кораня «селити» — засяляць. Я запярэчыў яму, але няслушна. Да гэтага пытання я вярнуўся праз 40 гадоў і пераканаўся, што маё прозвішча мае старабеларускае паходжанне».

У 1922 годзе Казімір, Францішкаў бацька, ажаніўся з удавой суседа, інваліда Першай сусветнай вайны Карповіча. Разам з ёю ён узяў двух яе сыноў.

«Дзявочае прозвішча маёй маці — Сяліцкая. Яна была з нашай вёскі. Яе бацька, а мой дзед па кудзелі, Юзаф Сяліцкі быў гаспадаром адным з найбольш заможных у Мікуліне. Росту ён быў невялікага, але вельмі дужы, яго называлі волатам. Выраз твару меў годны. Калі мы ад’язджалі, ён меў шэсцьдзясят з нечым гадоў і яшчэ пачуваўся добра, пільным вокам даглядаючы гаспадарку».

Між іншым, абодва зводныя браты загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Станіслаў, які настаўнічаў у Вільні, пад Пётркавам-Трыбунальскім у Польшчы, калі нацысты толькі пачалі свой паход на ўсход. Казіміра з прыходам Саветаў забралі ў Чырвоную Армію. Але з войска адправілі ў Вілейку ў турму. У 1942 ён уступіў у армію генерала Андэрса: служыў у Каралеўскіх ваенна-паветраных сілах. Загінуў у ліпені 1944.

Сваіх дзяцей у Казіміра было трое: Францішак, Янка (з 1927), Вацлаў (з 1929).

У 7 гадоў Францішак пайшоў у школу. «Пачалася навука пісання літар і лічбаў. І так праз пару месяцаў я навучыўся чытаць (я чытаў найлепш за ўсіх у нашым класе). У трэцім класе я пачаў чытаць кніжкі са школьнай бібліятэкі. З іх дапамогай я пазнаёміўся з далёкім светам, жыццём у розных краях свету і мноствам іншых цікавых рэчаў. Я страшна палюбіў чытаць, і пазней гэта стала маёй залежнасцю: як курцу цыгарэты, а п’яніцу гарэлка, гэтак мне патрэбныя былі кніжкі».

У 14 гадоў ён скончыў сем класаў. Трэба было ісці далей вучыцца. Але куды яго адправяць? Застаўся на бацькоўскай гаспадарцы.

А ў 1939 грымнула Другая сусветная вайна. Старэйшых забралі ў войска. «Жыццё стала пустое, цяжкае. Працавалі з ранку да ночы. Аніякіх забаў, не стала кніг для чытання. Нават жаданне жыць знікла. Хацелася неяк гэта выправіць. Але нічога з таго не выходзіла. На нішто быў шляхетны запал і вера ў дасяжнасць мэты. Вынік быў згубны. Столькі маладых красак звяла, і сярод іх мой братка. Я таксама двое сутак быў у краіне страху, але вярнуўся».

Ад Алтая да Варшавы

У чэрвені 1941 года Сяліцкага мабілізавалі ў мястэчка Будслаў на будоўлю другой чыгуначнай лініі. З ім былі іншыя мікулінцы. Жылі ў вагонах. Так прапрацавалі тры тыдні, пакуль па іх не прыйшлі: 20 чэрвеня мікулінскіх хлопцаў забралі чэкісты. Хапун ужо ішоў. Хлопцы нават бачылі, як цягнікі з людзьмі ішлі на ўсход.

«Нас прывезлі ў родную вёску і, не спыняючыся, павезлі вуліцай далей. Адусюль выбягалі людзі і са слязьмі жагналі нас. Сэрца маё балела, нешта сціскала горла. У хлопцаў побач таксама паказаліся слёзы на вачах. Але ў мяне вочы былі сухія… Мы дзівіліся, чаму мы не спыніліся ў Мікуліне, а таксама чаму на вуліцы не ўбачылі нікога з нашых сем’яў. Праз пэўны час мы абагналі некалькі фурманак. На адным возе я пазнаў сваю коўдру і падушку. Іншыя таксама пазналі свае рэчы на іншых вазах. Мільганула страшная думка: нашых бацькоў вывезлі. Больш сумна зрабілася. Мы думалі, што толькі нас пасадзяць у турму».

На станцыі Княгінін хлопцаў перасадзілі ў вагон. Там былі і іх родныя. Цягнік паехаў на ўсход, у Алтайскі край.

Тут Францішку давялося зрабіцца пастухом. Затым ён стаў трактарыстам у саўгасе. Жылося холадна і голадна.

Калі ў 1941 годзе Сяліцкіх вывезлі ў Сібір, «мая польская мова была яшчэ вельмі няправільная, паколькі я нарадзіўся і выхоўваўся на мове беларускай, і скончыў тады толькі 7 класаў вясковай школкі», — узгадваў пазней Францішак. Каб вырвацца з сібірскай галечы, ён назваўся палякам і ў 1943 годзе ўступіў ў шэрагі І Дывізіі пяхоты імя Тадэвуша Касцюшкі, якая фарміравалася пад савецкім кантролем з палякаў.

«Калі маці адпраўляла мяне ў войска, са слязамі казала: «Памятай, сынку, ты мусіш вярнуцца з вайны жывым. Ты мусіш застацца па вайне цэлым і забраць нас адсюль, бо мы згінем у тых гарах так далёка ад дому».

Аднак, на вайну ён адразу не трапіў: яго адправілі вывучыцца на шафёра, затым былі яшчэ палітычна-выхаваўчыя курсы.

Праўда, калі ў 1943-м Францішак ехаў з Алтая, то не быў пэўны, што стварэнне польскай дывізіі ёсць чымсьці рэальным. Маўляў, гэтыя ж Саветы толькі-толькі праводзілі рэпрэсіі. Сумневы зніклі, калі ён убачыў жаўнераў у польскай форме.

У 1944 Сяліцкі адправіўся на захад. Пачалося Варшаўскае паўстанне. У верасні стаялі пад польскай сталіцай. Францішак быў кіроўцам. Яго дывізія была сярод першых, хто ўвайшоў у вызваленую Варшаву ў пачатку 1945.

Пасля вайны, ужо ў Польшчы, ён быў звольнены з войска падчас палітычных чыстак, якія праводзіліся ва ўзброеных сілах Польскай Народнай Рэспублікі ў 1948 годзе. Хаця даслужыўся да звання капітана.

Нягледзячы на вопыт Сібіры

Апынуўшыся ва Уроцлаве, Сяліцкі ўладкаваўся на працу спачатку ў сферы школьнай адукацыі і ў 1950 годзе пачаў навучанне русістыцы ва ўніверсітэце, — расказвае пра калегу Тэлесфор Позьняк. — Ён зрабіў гэта, нягледзячы на горкі вопыт Сібіры. Неўзабаве, з ініцыятывы і адабрэння прафесара Мар’яна Якубца, на другім годзе вучобы ён ужо выконваў функцыі асістэнта на былой кафедры рускай філалогіі, папярэдніцы сённяшняга Інстытута славянскай філалогіі. Так пачалася навуковая біяграфія нядаўняга касцюшкаўца.

Францішак атрымаў ступень магістра, абараніў дысертацыю, затым стаў самастойным навукоўцам, прафесарам. Быў дырэктарам Інстытута славянскай філалалогіі Уроцлаўскага ўніверсітэта (1973—1978), дэканам філалагічнага факультэта (1978—1981), кіраўніком аддзялення славянскіх літаратур.

Францішак Сяліцкі (у капелюшы) з сям'ёй.

Францішак Сяліцкі быў сканцэнтраваны на некалькіх галоўных праблемах. Найперш на ўсходнеславянскім фальклоры. У васьмі сшытках прадставіў фальклорна-этнаграфічна-гістарычную манаграфію Даўгінаўска-Будслаўска-Крывіцкага рэгіёна, з якога паходзіў, на падставе крыніц задакументаваў спецыфіку літоўска-беларуска-польскага культурнага памежжа ў яго стане да 1939 года. Напісаў даведнік па беларускім фальклоры. Паказальна, што ён таксама займаўся салдацкім фальклорам сваёй дывізіі. Іншай яго дзялянкай стала старарускае пісьменства, гістарычна-культурныя польска-рускія сувязі. Вялікай працай прафесара Сяліцкага ў гэтай галіне ў Польшчы з’яўляецца пераклад і філалагічная апрацоўка «Хронікі Несцера», вядомую і як «Аповесць мінулых часоў», назву якой, «Powieść Minionych Lat«, ён і ўвёў у польскі навуковы ўжытак.

Як вынік вялікай працавітасці вучонага сталі 400 прац — манаграфіі, падручнікі, анталогіі, лекцыі, аўтарэфераты, артыкулы, рэцэнзіі. Некаторыя з іх — «Region Dołhinowsko-Budsławsko-Krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie: Kronika historyczna», «Życie gospodarcze, społeczne, szkolnictwo oraz kultura wiejska na Wilejszczyznie w okresie międzywojennym», «Wierzenia i obyczaje na Wilejszczyznie w okresie międzywojennym», «Folklor dziecięcy, młodzieżowy Wilejszczyzny», «Pieśni białoruskie, rosyjskie śpiewane na Wilejszczyznie w okresie międzywojennym».

Разрываўся паміж працай і сям’ёй

Францішак памёр 2 верасня 2001. Ва Уроцлаве жыве яго ўдава Ірэна. Яна нарадзілася ў Свянцянскім павеце. Яе сям’я выехала ў Польшчу пасля вайны. І там маладая Ірэна закахалася ва ўніверсітэцкага выкладчыка. Жанчына зведала іншага Сяліцкага — не толькі сур’ёзнага даследчыка, але і чулага мужа.

Я нарадзілася ў засценку Станіславава. Тата, Юзаф Гудалейць, перад вайной працаваў на чыгунцы. Па прыездзе ў Польшчу ў 1946 годзе працягнуў працаваць чыгуначнікам: быў манеўровым. І тая праца сталася прычынай яго смерці. У жніўні 1949 года быў раздушаны паміж двума вагонамі. Было яму 38 гадоў. Пакінуў трох дачок: наймалодшай было шэсць гадоў, а мама не мела прафесіі. Было надта цяжка. Але я атрымала атэстат сталасці і пасля года працы, у 1956, адправілася ва Уроцлаў вывучаць русістыку. Францішак Сяліцкі там выкладаў гісторыю, літаратуру ХІХ стагоддзя і паэтыку.

Ірэна, Станіслаў, Францішак Сяліцкія.

Выкладчык закахаўся ў студэнтку. Тая прыняла заляцанні. У выніку ў 1959 годзе яны пабраліся.

Мужу было 35 гадоў, мне — 22. У сакавіку 1960 нарадзіўся сын Станіслаў, а праз пяць гадоў дачка Ядзвіга. Я тады ўжо не працавала: муж угаварыў мяне пакінуць працу (настаўнічала), каб мець больш часу для сваёй. Я вырашыла, што яго праца важнейшая за маю. Не шкадую. Магла крыху дапамагаць мужу ў яго занятках — дыктавала, пасля чытала. А муж, калі была патрэба, дапамагаў мне. Хоць большасць абавязкаў клалася на мяне. Але сын і дачка пагаджаюцца, што не заставаліся без татавай увагі: спяваў ім песні, граў на цымбалах, вадзіў гуляць. Праўда, з тымі прагулкамі было па-рознаму. Адной сонечнай нядзеляй выбраліся мы ўсе на раку Одру, разаслалі коўдру, селі, а праз колькі хвілін муж сказаў, што пойдзе дадому працаваць. І пайшоў. Разрываўся паміж працай і сям’ёй. Быў чалавекам сямейным, чулым, добрым. І ў дадатак хварэў: цукроўка, інсульт, інфаркт, жаўтуха, хвароба Паркінсана. Ён бываў амаль ва ўсіх бальніцах Уроцлава. А аднойчы, калі вяртаўся са шпіталя, трапіў пад машыну. Шмат ён напакутаваўся ў жыцці. У верасні будзе 14 гадоў са дня смерці мужа. Ён пахаваны ва Уроцлаве.

Францішак Сяліцкі (другі справа) у сямейным коле. Справа стаіць яго родны брат Вацлаў.

…Францішак пакінуў роднае Мікуліна, калі яму было 17 гадоў. І больш вёску не наведаў. Але жыў ёй. Ліставаўся з мікулінцамі, якія там засталіся і якія выехалі. Збіраў іх сведчанні, успаміны. Шукаў архіўныя крыніцы, дзе згадвалася б яго радзіма. І пісаў.

Па-беларуску кніжкі Сяліцкага не выдаваліся. Сёлета пераклад яго «Даўгінаўска-будслаўска-крывіцкага рэгіёна на даўняй Віленшчыне (гістарычная хроніка)» выйдзе ў зборніку «Вілейскі павет. Выпуск 2».

Сяргей Макарэвіч

0
Alex / Адказаць
26.08.2015 / 12:29
Цікавая гісторыя. У мяне ўсё ж застаецца пытанне, дык кім сябе лічыў пан Сяліцкі, ведаючы сваё паходжанне, - палякам ці літвіном-беларусам?
0
В. / Адказаць
26.08.2015 / 13:39
палякам z dawnej Litwy, найбольш пэўна.
0
Вадзім / Адказаць
26.08.2015 / 14:38
Вельмі цікавая кніжка, асабліва для жыхароў таго рэгіёна. Вось спасылка на яе па-беларуску : http://westki.info/artykuly/3724/francisak-sialicki-dauhinauska-budslauska-kryvicki-rehiion-na-dauniay-vilienschynie
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру