Да праекта «Электронная школа» да 2017 года далучацца ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта паведаміў журналістам міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

«Сёлета праект «Электронная школа» ўкарэняць у некалькіх буйных рэгіёнах Беларусі. Праз год у гэты эксперымент будзе ўключана практычна ўся рэспубліка», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Пілотны праект «Электронная школа» стартаваў у Мінску ў 2013 годзе. У ім прынялі ўдзел 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, пазней далучыліся яшчэ тры школы. Плануецца, што ў 2016 годзе электроннымі стануць усе сталічныя школы.

Праект прадугледжвае ўкараненне анлайн-рашэнняў па прадастаўленні розных інфармацыйных сэрвісаў, такіх як электронныя журнал, дзённік, расклад заняткаў. Акрамя таго, кожнаму школьніку выдаецца картка навучэнца. Сёння гэтай карткай, што спалучае ў сабе функцыі банкаўскай плацежнай карткі, з дапамогай якой можна разлічвацца ў школьных сталовых, буфетах, магазінах, і ўніверсальнага электроннага дакумента, які дае магчымасць выкарыстоўваць картку як электронны пропуск або электронны ключ па ўліку часу, карыстаюцца звыш 9,7 тыс. вучняў школ сталіцы.

З дапамогай карткі навучэнца бацькі могуць кантраляваць расходы дзіцяці, а таксама атрымліваць інфармацыю аб тым, калі яно прыйшло і пакінула школу. Таксама на картку плануецца запісаць транспартны дадатак, з дапамогай якога можна будзе адсочваць патокі вучняў у грамадскім транспарце. 

У Мінску налічваецца 243 школы, за іх парты ў новым навучальным годзе сядуць каля 171 тыс. навучэнцаў. Плануецца адкрыць больш як 900 першых класаў для 23,4 тыс. дзяцей. У сістэме адукацыі сталіцы працуюць больш як 46 тыс. работнікаў. У гэтым годзе ў мінскія школы і гімназіі прыйдуць 463 маладыя спецыялісты, 42 з іх будуць працаваць настаўнікамі пачатковых класаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?