Народжаны ў Польшчы 11—месячны беларускі грамадзянін Павел Іваноў, якога палякі прызвычаіліся зваць Ясем, на легальных умовах застаецца ў Польшчы. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе люблінскай пракуратуры.

Маці немаўляці, 24—гадовая беларуска, адмовілася ад сына практычна ў радзільні Любліну пасьля таго, як даведалася, што дзіця пакутуе на цяжкае генэтычнае захворваньне — мукавісцыдоз

Спасылаючыся на міжнародныя пагадненьні 1994 году, афіцыйны Менск распачаў справу аб дэпартацыі сіраты ў Беларусь і заявіў аб рашэньні ўладкаваць свайго грамадзяніна ў Гарадзенскі дом дзіцяці. Супраць гэтага выступілі польскія мэдыкі зь Любліну і Гданьску, дзе ўвесь гэты час лекаваўся Ясь, а таксама адвакаты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый. Яны заявілі, што падобнае рашэньне можа стаць сьмяротным для цяжка хворага дзіцяці.

Пры канцы лютага адпаведнае рашэньне аб дэпартацыі хлопчыка, прынятае Люблінскім акружным судом, было прыпыненае. У справе зьявіўся новы фігурант — малады паляк, які сьцьвярджаў, што менавіта ён зьяўляецца Ясевым бацькам і ў якасьці доказу гатовы прайсьці адмысловую генэтычную экспэртызу.

Гэтымі днямі малады паляк, колішні сябар Ясевай маці, публічна заявіў Люблінскаму радыё і тэлекампаніі БелСАТ, што прызнае сваё бацькоўства і што яно афіцыйна пацьверджана аналізам ДНК.

«Так. Прызнаю. Цяпер, пасля экспертызы ДНК не магу сумнявацца. Аднак я знаходжуся ў сытуацыі, якая аніяк не дазваляе мне дапамагчы немаўляці», — сказаў бацька.

Мужчына, які ня мае пэўных заняткаў і хоча захаваць у таямніцы сваё імя, дае зразумець, што з—за складаных фінансавых праблемаў адмаўляецца ад апекі над сынам. Лекаваньне мукавісцыдозу лічыцца надзвычай дарагой справай. І гэта яму не па кішэні.

«Найлепшы выхад, каб дзіця ўсынавілі, таму што ні я, ні яго маці, мы ня маем магчымасці ім апекавацца,» — гаворыць бацька 11‑месячнага хлопчыка».

Пазытыўны аналіз ДНК, як і далейшае прызнаньне судом біялягічнага бацькоўства гэтага паляка, уносяць істотныя зьмены ў далейшы лёс Яся. Немаўля аўтаматычна становіцца польскім грамадзянінам і мае права на тое, каб застацца ў Польшчы.

Цікавую акалічнасьць у пытаньні юрыдычнага статусу хлопчыка паведаміла судзьдзя Люблінскага суду Зофія Хома (Zofia Homa). Маці Яся, хоць і ня мае права на апякунства (гэта права, дарэчы, мае іншая 24‑гадовая жанчына з Гдыні), усё ж не пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Іншымі словамі, хлопчык, зь гледзішча закону, не зьяўляецца сіратой, а беларуская жанчына па—ранейшаму яго маці. Яна мае ўсе шанцы застацца разам з малым.

Дапамагчы ёй і Ясю як фінансава, так і юрыдычна гатовыя некаторыя адвакаты ды грамадзкія фонды Польшчы.

У прыватнасьці, тры фундацыі — Рышарда Краўзэ, Агоры ды МАТІО — заявілі, што на працягу 10 гадоў зьбіраюцца фінансаваць мэдычную дапамогу Ясю.

2‑7гадовы юрыст Патрык Ястржэбскі выказаў жаданьне аказаць прававую падтрымку Ясевай маці.

Паводле юрыста, сам ён, як «хворы на мукавізцыдоз, добра разумее ўсю сур’ёзнасьць сытуацыі» і ведае, што «дзецям з такой хваробай патрэбная ня толькі якасная мэдычная тэрапія, але і сталая матчына ўвага».

Як падаюць польскія мэдыі, беларуская амбасада ў Варшаве пакуль дае вельмі стрыманыя камэнтары. Да нядаўняга часу беларускі бок падкрэсьліваў, што ўрад краіны будзе дзейнічаць на аснове беларускага закону і на карысьць дзіцяці. Таксама супрацоўнікі амбасады апэлявалі да мэдыяў, каб яны «не выкарыстоўвалі гэту складаную справу дзеля выліваньня бруду на суседні народ.»

Мукавісцыдоз — спадчыннае захворваньне залозаў унутранай сакрэцыі, а таксама падстраўнікавай залозы і печані. Яно прыводзіць да агульнай паталёгіі страўніка і кішэчніка, а таксама органаў дыханьня. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, «у Беларусі хворыя на мукавісцыдоз да нядаўняга часу дажывалі у сярэднім да шасьці год, у той час , як у краінах Захаду, перадусім у ЗША — да 60.»

Паводле: Алена Струвэ, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0