У Друі адноўленая ікона Маці Божай Спагадлівай, лёс арыгінала якой невядомы. 

Цудадзейная ікона Маці Божай Спагадлівай з Друі вядомая ў мястэчку ажно з XVIII стагоддзя. Узгадваецца яна ў спісе 1911 года царквы Дабравешчання. З’яўляецца спісам з іконы «Багародзіцы» Елеўса Спагадлівая (Кікская), якая з ХІІ стагоддзя захоўваецца на Кіпры, у заснаваным дзеля яе імператарам Аляксеем Комнэнам (грэц. Ἀλέξιος Κομνηνός, 1082−1118) манастыры на гары Кікас. Ікона лічыцца адной з трох, што напісаў евангеліст Лука. Копіі гэтай іконы вядомыя і пашыраныя на Афоне, але на ўсходніх землях дастаткова рэдкія. Вядомая копія гэтай іконы на Фларышчанскай пустыні, таксама ікона Сімана Ушакова (цяпер у Трацякоўскай галірэі). Тым большую каштоўнасць уяўляе Друйская ікона.

Маці Божая прадстаўлена са схіленай галавой да Дзіцяці, якога падтрымлівае левай рукою. У правай руцэ Багародзіца трымае руку Дзіцяці з разгорнутай скруткам. Дзіцятка павернуты направа ад гледача, галава яго пахілена налева, у правай руцэ скрутак, левая ляжыць на грудзях Божай Маці, ножкі аголеныя.

На полі іконы Маці Божай Спагадлівай з Друі вялікімі літарамі перадаецца грэцкі надпіс ΜΗΡ ΘΟΥ (грэц. Μητερ Θεου− Маці Бога) і Η ΕΛΕΟΥΣΑ Η ΚΥΚΚΟΥΤι ΣΣΑ (грэц. ή Ελεούσα ή Κυκκώτισσα − Спагадлівая Кікіянка). Мафорый і яго падклад друйскай Багародзіцы незвычайна для канонаў іканапісу распісаны разнастайнымі кветкамі і арнаментнымі элементамі. Прадстаўленыя тры трохкутнікі ў яго складках таксама можна заўважыць у драпіроўцы хітона Хрыста. Плыўнымі паўтаральнымі паўкруглымі складкамі спадаюць хітон Дзіцяці і мафорый Божай Маці. Хрыстос апяразаны пасам, скрыжаваным у вузле. Белы разварот скрутка, сэнсавага цэнтра іконы з надпісам на царкоўнаславянскай мовы з кнігі прарока Ісаі (62,1-2) «Дух Господень на Мне, Его же ради помаза Мя» − ураўнаважваецца і разам з тым акцэнтуецца белымі рукавамі кашулі Дзіцяці, упрыгожанымі таксама арнаментамі. Белы колер у кампазіцыі кладзецца як бы веерам.

На іконе Маці Божай Спагадлівай Елеўсы паміж Марыяй (сімвалам і ідэалам роду чалавечага) і Богам−Сынам няма адлегласці, што сведчыць аб бязмежнасці іх любові, любові Бога да створанага свету, Хрыста і Царквы. Абраз з’яўляецца правобразам крыжовай ахвяры Збавіцеля як вышэйшага выразу любові Бога да людзей.

У сярэдзіне XVII стагоддзя на нашых землях ўзмацняецца цікавасць да старажытных візантыйскіх святыняў і, перш за ўсё, да цудадзейных Багародзічных абразоў. «Маці Божая Елеўса Кікская» можа быць разгледжана як сведчанне падобнай цікавасці да старажытных святыняў візантыйскага свету, адной з галоўных прычынаў чаго было імкненне аднавіць у першапачатковай чысціні старажытныя іканапісныя традыцыі нашымі продкамі.

Хочацца спадзявацца, што вяртанне іконы Маці Божай Спагадлівай у Друю, праз яе аднаўленне па эскізе са спісаў царквы Дабравешчання, змешчаным у альбоме малюнкаў Дз. Струкава, паспрыяе яднанню хрысціянаў і пашырэнню культа Багародзіцы. Ініцыятыва адраджэння іконы паходзіць ад айца Сяргея Стасевіча з Лондана, аднавіў ікону Міхась Кускоў, іканапісец з Віцебска. Асвячэнне іконы плануецца восенню гэтага года ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?