У Бэрліне з ночы не функцыянуе грамадзкі гарадзкі транспарт. Людзі дабіраюцца на працу і вучобу на прыватных аўто, роварах і таксоўках. Вуліцы гораду задушваюцца ў корках, паведамляе gazeta.pl. Адначасова распачаўся страйк пэрсаналу аэрапортаў у шэрагу нямецкіх гарадоў. Пратэсты арганізавалі прафсаюзы бэрлінскіх транспартнікаў BVG разам з агульнанямецкім прафсаюзам Ver.di, які аб’ядноўвае каля 1,3 мільёнаў працоўных. Страйкоўцы патрабуюць падвышэньня заробкаў на 8‑12 %, але ня менш, чым на 200 эўра. Працадаўцы ў сваю чаргу прапануюць падвышэньне заробку толькі на 5% цягам двух гадоў, але пры ўмове падаўжэньня працоўнага тыдня. На заўтра заплянаванае правядзеньне круглага стала, прысьвечанага вырашэньню праблемы.

У найвялікшым нямецкім аэрапорце ў Франкфурце‑на‑Майне сёньня адмянілі больш за 80 рэйсаў — страйкуюць абслуга багажу і ахова аэрапорту. З такімі ж праблемамі сутыкнуліся аэрапорты ў Дусэльдорфе, Манагайме, Штутгарце, Гановэры ды іншых гарадах Нямеччыны. У аэрапортах страйкі кароткатэрміновыя і носяць папераджальны характар.

Апошняя буйная забастоўка нямецкіх транспартнікаў адбылася летась у лістападзе, калі страйк абвесьцілі чыгуначнікі. Спачатку спыніўся рух грузавых цягнікоў, а сьледам за імі перасталі хадзіць і пасажырскія.

Як паведамілі ў "Белавія", страйк у Нямеччыне не паўплываў на графік працы беларускай авіякампаніі. Сёньня у Франкфурт-на-Майне выправіўся адзін з самалётаў, рыхтуюцца да адпраўкі чарговыя рэйсы, паведаміла БЕЛТА.

СП, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0