27.08.2015 / 10:19

У Мінску арганізавалі зборачную вытворчасць веламабіляў ФОТА 14

Гэта копія англійскай веламашыны кампаніі Morgan. Кошт — ад 3 тысяч долараў, прадаваць іх збіраюцца ў Еўрапейскі саюз і ЗША. 

Копію англійскай трохколавай веламашыны кампаніі Morgan пачалі збіраць у Беларусі. Пакуль гэты аўтамабіль рухаецца з дапамогай педаляў па прынцыпе ровара. Ён можа развіваць хуткасць да 40 кіламетраў за гадзіну, уключаюцца паваротнікі і фары, працуюць тры перадачы хуткасці.

«Гэты веламабіль - копія англійскай рэтра-машыны, якая выпускалася ў 1920-х гадах. Мы вырашылі зрабіць такую копію, каб ён глядзеўся як аўтамабіль, а рухацца можна было з дапамогай педаляў ці электрычнага рухавіка», - тлумачыць Руслан Трыгубовіч, дырэктар кампаніі «Экамабіль».

Кошт адной машыны ад 3 тысяч долараў, з электрычным рухавіком яна абыдзецца даражэй. Адмысловыя правы ці дазвол не патрэбныя, нават калі паставіць на яе электрарухавік.

«Мы глядзелі па законах, на ім можна ездзіць нават з электрарухавіком, але па веладарожках. Таму мы больш разлічваем на еўрапейскага пакупніка, там можна ездзіць па дарогах».

Машыны збіраюць па ўласных распрацоўках, рамы вараць зваршчыкі, металічныя элементы аддаюцца на афарбоўку.

Пакуль ніводную машыну не набылі, але вытворцы наладжваюць кантакты з еўрапейскімі і амерыканскімі дылерамі. У Расіі дылер ужо ёсць, але і там пакуль не набывалі. Ёсць цікаўнасць у Нарвегіі, Англіі, Францыі.

Спрабуем пракаціцца на копіі англійскага рэтра-мабіля. У салоне ёсць нават ручнік і ўключальнікі паваротнікаў. Самае складанае — кранацца з месца пад горку: пакуль на веламабілі толькі тры перадачы.

У выніку ўсё ж едзем, руль добра рэагуе на паваротах, а вось з тормазам разбіраемся не адразу, аказваецца, тармазіць трэба педалямі назад, як у старым «Бусле». Але вытворцы збіраюцца гэта дапрацаваць.

Веламабілі спрабавалі выстаўляць напракат на ўзбярэжжы Свіслачы, але пасля вырашылі іх проста прадаваць, бо пракат не даў добрага выніку.

«У Заходняй Еўропе на такіх веламабілях людзі могуць ездзіць на працу, гэта ўжо як стыль жыцця, такое мысленне», - дадае Руслан Трыгубовіч.

Пакуль у найменні ёсць толькі копіі англійскіх машын, але пазней вытворцы хочуць зрабіць веламабілі па сваіх уласных распрацоўках.

0
Антып / Адказаць
27.08.2015 / 10:35
Мне спачатку падалося "віламабіль", што безумоўна было б актуальней. А гэты бізнес-праект даволі сумнеўны. Навошта купляць апарат, які каштуе ў разы даражэй за нармальны велік функцыянальна нічым яго не пераўзыходзячы? Да таго ж гэтыя калёсы куды больш грувасткія, цяжкія і патрабуюць для захоўвання гараж.
0
Гость / Адказаць
27.08.2015 / 11:59
"Мы смотрели законодательство, на нем можно ездить даже с электродвигателем, но по велодорожкам." С электродвигателем - мопед, только по дорогам общего пользования.
0
Андруш / Адказаць
27.08.2015 / 11:59
Антып, цалкам згодны. Але хлопцам жадаю посьпехаў
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру